Чернобыль 30 лет спустя — “Хочацца верыць, што зноў ажыве мая родная зямля”

ЧАЭС1Ёсць такія моманты ў жыцці чалавека, якія нельга забыць. Гэта тое, што ўражвае сваей глыбінёй, пачуццём жалобы, трагізмам.
26 красавіка 1986 года на вуснах маіх аднавяскоўцаў з раніцы былі трывожныя пытанні: “Што здарылася ў Чарнобылі, на атамнай станцыі пажар?!» Афіцыйныя крыніцы інфармацыі аб гэтым маўчалі.
У той час я працавала намеснікам дырэктара Бабчынскай сярэдняй школы імя В.П. Палескага-Станкевіча. Трывога і невядомасць была на тварах людзей. У 8 гадзін вуліцы поўніліся гаворкай, усе спяшаліся на працу, магчыма, там што-небудзь скажуць.
…6 мая грыф сакрэтнасці над лёсам людзей, апрамененых радыяцыяй, застаецца. Сеюць агароды, саджаюць бульбу, не ведаючы, што збіраць ураджай не будзе каму. 3 дапамогай калег мая сям’я таксама працавала на пасадцы бульбы. Амаль кожны скардзіўся на галаўны боль і млоснасць. Араты Алесь яшчэ пасмяяўся, маўляў, разленаваліся за зімку. I тут прама над галовамі праляцеў самалёт, у народзе яго называлі кукурузнік, пілот з кабіны пакруціў пальцам ля скроні, а ўслед самалёту мы ўбачылі шлейф жоўтага туману, на зямлю нешта пасыпалася.
ЧАЭС27 мая мы з дырэктарам школы на нарадзе ў Хойніках. Пытанне разглядалася аб эвакуацыі далёка за межы раёна дзяцей, цяжарных жанчын і жанчын з малалетнімі дзецьмі. Гэта патрэбна было рабіць тэрмінова, адпраўка ў 7 гадзін раніцы. Да прыезду дамоў старшыня калгаса Міхаіл Іванавіч Васюк па нашай просьбе сабраў настаўнікаў, выдзяліў транспарт. Разбіўшыся на групы, падзяліўшы вёскі (іх было восем), мы пачалі падворны абход. Было без перабольшвання цяжка і балюча. Людзі спалі, мы стукалі ў вокны, дзверы. Слёзы, лямант, плач дзяцей, мацярок. На зборы заставалася мала часу. Не ўсе паспелі купіць малым неабходную вопратку, абутак, помню, не хапала калготак. Супакойвалі, гутарылі з кожным, пераконвалі мужчын, якія не хацелі адпускаць сваіх цяжарных жонак. Такое цяжкае заданне мне прыйшлося рабіць, напэўна, раз у жыцці. Цёмныя вуліцы, пясок, трапіўшы ў абутак, панаціраў мазалі, якія лопаліся. Нясцерпны боль прымусіў нас разуцца і басанож дабівацца ў кожную хату, адганяючы сабак, што вылі, адчуваючы небяспеку.
ЧАЭС3У 4 гадзіны раніцы я прыйшла дадому, каб сабраць усё неабходнае ў дарогу (дакументы, вопратку, ежу). Адчыняю дзверы, а ўсё ўжо складзена, дачка з мужам, суседзі чакаюць, каб развітацца. Пякучы боль сціснуў маю душу, калі муж сказаў, што болей сюды не вернуцца дзеці. 6 гадзін раніцы. Я спяшаюся ў школу, дзе стаяць ужо 10 аўтобусаў, 2 машыны хуткай дапамогі, міліцыя, работнікі аддзела адукацыі. Пачынаецца эвакуацыя. Сюды прыйшлі бацькі і дзеці з усіх навакольных вёсак: Бабчын, Чахі, Варацец, Рудые, п. Леніна, Мокіш, Плоскае, Рудакоў. Я ніколі не бачыла столькі людзей каля школы. I думка была, як на вайну калісьці ішлі. Бацькі, настаўнікі і дзеці плакалі, бо не ведалі, што нас чакае далей. Паступова ўсе занялі месцы ў аўтобусах.
Прайшло 30 гадоў, а ўсё і цяпер стаіць у вачах. На перакрыжыванні Хойнікі — Брагін нашы аўтобусы мылі, дэзактывацыя не давала станоўчых вынікаў. Людзі ў процівагазах, якія адказвалі за “чыстату”, выкапалі яму і туды высыпалі ўсё, што далі бацькі дзецям у дарогу — паляндвіцу, каўбасы, тушонку, усе прысмакі. Дзеці плачуць. Бедныя мае калегі, як цяжка было знайсці словы ўцехі, прылашчыць і пашкадаваць кожнае дзіця. Мы ж добра разумелі, што іх лёс цяпер ў нашых руках.
ЧАЭС4Першы прыпынак быў у піянерскім лагеры “Космас”, які знаходзіцца недалёка ад Гомеля. Жылі мы там амаль месяц. Асабліва было жудасна ў лесе ноччу. Лагер не быў падрыхтаваны для дзяцей, усе выбіліся з сіл, не спалі. Медыкі з усёй Беларусі, нават з Масквы, даследавалі нас на радыяцыю. Аб гэтым можна напісаць цэлую кнігу. Потым нас з вучнямі 1-7 класаў перавезлі поездам ноччу ў Новаполацк, а 8-10-класнікаў ў саўгас “Рудакова”, што таксама ў Віцебскай вобласці.
Дзеці працавалі ў полі, але нядоўга. Яны былі настолькі слабыя, што трацілі прытомнасць, у многіх з носу шла кроў. А затым пачаліся большыя непрыемнасці: краснуха, апаясваючы лішай, апёкі гартані ёдам (нам яго давалі піць, а шчытавідка ўжо была напоўнена радыёактыўным ёдам). Стрэсы, жахі,-невядомасць і, чаго хаваць, некампетэнтнасць у той сітуацыі рабілі сваю справу. У Віцебскай абласной бальніцы ў маі лячыліся 18 дзяцей і настаўнікаў.
Тэлефанаграмай мяне выклікалі ў Бабчын, каб дапамагаць дырэктару рыхтаваць дакументы аб заканчэнні школы ў 1986 годзе, выпускных экзаменаў не было. Мы выдавалі 39 атэстатаў аб сярэдняй адукацыі, тры залатыя медалі, адзін — сярэбраны, пахвальныя лісты і граматы. 43 выпускнікі атрымалі пасведчанні, шэсцьз якіх-з адзнакай.
Гэтыя лічбы засталіся ў памяці яшчэ і таму, што ўсе мае вучні на сувязі са мной — ці то тэлефоннай, ці на “Однокпассниках”. Амаль кожны вечар чытаю: “Спакойнай ночы, Валянціна Сяргееўна, прыемных Вам сноў!”. Гэта не проста сувязь вучняў і настаўнікаў — гэта нешта большае, глыбокае і шчымліва-трагічна-урачыстае.
…Як ні стараліся дэзактыватары адмыць і ачысціць ад радыяцыі вёску, але зрабіць гэта так і не ўдалося. Пяць месяцаў ішоў паядынак са стыхіяй, і яна ўзяла верх. Эвакуацыя дарослых, інакш можна сказаць выгнанне, была вельмі цяжкай. Па розных кутках рэспублікі рассяляліся родзічы, сябры, калегі, проста добрыя знаёмыя. Часта нас пытаюць: “Ці прывыклі вы на новым месцы?”. Ніколі і нікому не верце, што можна прывыкнуць, калі цябе прымусова перасялілі. Змірыліся — так, але не прывыклі. Як можна прывыкнуць да таго, што на пяці могілках ляжаць твае кроўныя родзічы, а жылі ж у адным раёне.
Сёння балюча ўспамінаць, што менавіта ў год катастрофы ў родным Бабчыне гнуліся арэшнікі ад арэхаў, нібы разумелі, што гэта ў апошні раз. Горкая атрута не дазволіла пакаштаваць тыя дары, прабачце нас за гэта, зялёныя сябры.
Сумна, ціха, не чуваць галасоў на маёй радзіме, яны далёка, а большасці людзей ўжо няма з намі. Пройдзе час, шмат часу, загояцца раны чарнобыльскай навалы, і так хочацца верыць, што зноў ажыве мая родная зямля, зноў зазвіняць галасы дзяцей у Бабчынскай школе. Свае ўспаміны хачу закончыць радкамі лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы, паэта Міколы Мятліцкага, майго земляка, выпускніка Бабчынскай школы.
Кут мой забыты, безабаронна
Зорыш пагаслых крыніц вачыма.
Некаму ты —
Ачужэлая зона.
Сэрцу ж майму ты да скону — Радзіма.
В. Бачышча,
удзельнік ліквідацыі аварыі
на Чарнобыльскай АЭС, в. Ленін.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.