Памяці паэта

DCF 1.0Напрыканцы сакавіка тэлебачанне, а затым і прэса, паведамілі жалобную навіну: на 85-м годзе жыцця памёр Ніл Сымонавіч Гілевіч. Ён нарадзіўся 30 верасня 1931 года ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. яго дзіцячыя і падлеткавыя гады прыйшліся на час нямецкай акупацыі нашай краіны.
Першыя вершы надрукаваў у 1946 годзе і з таго часу на працягу 70-ці гадоў не перапыняў актыўнай дзейнасці на літаратурнай ніве. Выдаў шмат зборнікаў паэзіі, друкаваў літаратуразнаўчыя працы. За гэту шматгадовую і вельмі выніковую работу ў 1991 годзе быў уганараваны званнем народнага паэта Беларусі. Але ён з’яўляецца не толькі выдатнейшым беларускім паэтам і цудоўным знаўцам народнага фальклору, аб чым сведчаць яго шматлікія вучні, якія займаліся ў час яго работы выкладчыкам у Беларускім дзяржаўным універсітэце. Паэт актыўна працаваў як перакладчык лепшых узораў паэзіі з балгарскай, рускай, украінскай, польскай і іншых славянскіх моваў.
Жыццё і дзейнасць Н.С. Гілевіча для ўсіх нас, асабліва для маладых людзей, прыклад таго як малады, вясковы хлопец, шляхам паўсядзённай упартай працы, не толькі падняўся да вяршынь паэзіі і літаратуразнаўства, але і стаў вядомым усяму народу грамадскім дзеячам.
Ён вучыўся ў Мінскім педагагічным вучылішчы імя Крупскай, якое скончыў у 1951 годзе, затым у БДУ імя Леніна, потым аспірантура. З 1958 па 1963 год літаратурны кансультант газеты “Звязда”. З 1960 па 1982 год працаваў на кафедры беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук, прафесар. У 1980-1989 годзе першы сакратар праўлення саюза пісьменнікаў БССР.
Н.С. Гілевіч як вядомы паэт і навуковец не толькі знаўца роднай беларускай мовы, гісторыі яе ўтварэння і развіцця, ён яе актыўны абаронца. З 60-х гадоў мінулага стагоддзя ён выступае за падтрымку роднай мовы, правядзенне беларусізацыі. Як дэпутат Вярхоўнага Савета БССР адзінаццатага склікання ён браў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і прыняцці Закона аб мовах. Ён адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў рэспубліканскага таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, яго першы старшыня з 1989 па 1997 годы. На гэтай пасадзе, а таксама як старшыня пастаяннай каміссіі Вярхоўнага Савета краіны 12 склікання па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны, ён паслядоўна даводзіў і сваім калегам-дэпутатам, і сябрам ТБМ, і ўсяму беларускаму народу праз публіцыстычныя артыкулы, а таксама вусна, выступаючы як у Мінску, так і ў іншых гарадах і раёнах Беларусі ў час шматлікіх выездаў, што родная мова гэта душа народа, неад’емная частка нацыянальнай культуры, што без беларускай мовы і яе годнага становішча ў роднай краіне немагчыма паўнацэннае існаванне незалежнай беларускай дзяржавы.
Услаўляючы памяць народнага паэта, трэба адзначыць, што у яго творчасці як паэтычнай і літаратуразнаўчай, так і публіцыстычнай неаднаразова ўспамінаецца Тураў як калыска беларускай дзяржаўнасці, як адзін з важнейшых цэнтраў сярэднявечнай беларускай культуры і духоўнасці.
У 80-я гады 20-га стагоддзя паэт двойчы наведваў наш раён. Першы раз гэта адбылося ў час свята беларускай літаратуры на Палессі. Тады ён быў не адзін, а начале вялікай групы беларускіх літаратараў, у склад якой уваходзілі акрамя Н.С. Гілевіча А. Вярцінскі, У. Паўлаў, С. Законнікаў і іншыя.
Сустрэча літаратараў з жыхарамі горада Жыткавічы і раёна адбылася ў раённым цэнтры культуры. Паэт тады запомніўся ўсім прысутным вельмі цікавым і яркім выступленнем, у якім ён разважаў аб развіцці нацыянальнай культуры, аб роднай мове, адказваў на пытанні прысутных, а таксама чытаў свае вершы: патрыятычныя і лірычныя, гумарыстычныя і сатырычныя.
У другі раз ён наведаў нас разам з В.У. Быкавым. Яны абодва ў той час былі дэпутатамі Вярхоўнага Савета БССР 11 склікання. Быкаў балатаваўся і быў абраны па Тураўскай выбарчай акрузе, а Гілевіч – ад выбарчай акругі, якая належала да Драгічынскага раёна. Пабыўшы ў Драгічынскім раёне, яны прыехалі ў Жыткавічы. Аўтару гэтага допісу было даручана сустрэць іх. Прыехалі яны недзе к 13-ай гадзіне. Было лета, сонечна і цёпла.
Абодва – і пісьменнік, і паэт – былі ў светлых касцюмах, высокія, прыкладна аднаго росту, хаця, на мой погляд, Н.С. Гілевіч, фізічна, выглядаў лепш за В. Быкава. Магчыма па той прычыне, што па ўзросту быў на сем гадоў маладзейшы за апошняга. Яны выказалі жаданне паабедаць, і я павёў іх у наш рэстаран, які у той час месціўся насупраць цэнтральнай аптэкі. Пасля абеду, калі я хацеў разлічыцца за сябе, Гілевіч не дазволіў. За ўсіх траіх заплаціў Быкаў. Калі значна пазней, на з’ездзе ТБМ, я, папрасіўшы яго падпісаць для мяне кніжку вершаў, напомніў яму пра наш сумесны абед, і як ён не дазволіў мне разлічыцца за сябе, Гілевіч адзначыў: “Тады мы былі багатыя, цяпер зрабіць так не здолелі б». Тады яны паехалі ў Тураў, дзе выступалі перад жыхарамі, наведалі таксама Хваенск. М.М. Арцюшка, тагачасны старшыня Тураўскага пасялковага Савета, які сустракаў іх у Тураве, быў з літаратарамі ў час іх выступленняў, вадзіў іх на Замкавую гару, у музей, пасля, расказваючы мне аб гэтай сустрэчы са сваімі знакамітымі гасцямі, быў у вялікім захапленні.
У апошнія гады свайго жыцця народны паэт доўга і цяжка хварэў. Нягледзячы на гэта, працягваў працаваць да апошняга свайго дня. Падрыхтаваў і выдаў за ўласныя сродкі 23 тамы свайго збору твораў.
У маёй памяці, я перакананы, і ў памяці ўсіх, хто яго бачыў, слухаў, гутарыў з ім, у час яго шматлікіх выступленняў, ён застанецца чалавекам, паэтам, грамадскім дзеячам, які вельмі любіў нашу Бацькаўшчыну – Беларусь, які верна ёй служыў, які ведаў і верыў ў тое, што ён рабіў і гаварыў.
Вечная памяць!
В. НІКАНОВІЧ,
старшыня раённай арганізацыі ТБМ
імя Ф. Скарыны.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.