Прыцягальная сіла Жыткавіцкага ГЦК

ГЦКБадай, нідзе ў Жыткавічах не сустракаюць сваіх гасцей з такой ветлівасцю і сардэчнасцю як у гэтай установе. І людзі, якія любяць адпачываць актыўна, з карысцю, адчуваюць праяўленую душэўную цеплыню, прыходзяць сюды, нібы ў свой родны дом. Ведаюць, што гаспадары ўсім радыя, усіх чакаюць з вялікім нецярпеннем у любы час і надвор’е. Таму і не зачыняюцца дзверы гэтага гасціннага ачага, які прыцягвае гараджан і ў будні, і ў святы, сваім творчым напалам, магутным патэнцыялам таленавітасці і вялікай любові працаўнікоў установы да сваёй прафесіі. Менавіта ўсе вышэйзгаданыя якасці гарманічна ўжываюцца і паспяхова развіваюцца ў Жыткавіцкім гарадскім цэнтры культуры.
Калектыў
Знаёміць супрацоўніка газеты з работай сваіх падначаленых прама ў фае ўзялася дырэктар цэнтра Таццяна Яўлаш. Скажам, што гэты чалавек, аддадзены сваёй справе да мозга касці, аб чым сведчыць шматгадовы стаж работы ў ГЦК, яе адносіны і старанні да ўскладзеных абавязкаў і выканання тых задач, што стаяць перад калектывам. Таму кіраўнік, каб не быць шматслоўнай, адразу падвяла да стэнда, на якім занатаваны ўсе творчыя здабыткі супрацоўнікаў установы. Мноства ганаровых дыпломаў, грамат, другіх узнагарод сабраны пад назвай: “Для поспеху няма межаў!” І гэты заклік працаўнікі ўстановы пацвярджаюць паўсядзённымі справамі.
ГЦК2– Наш калектыў вызначаецца знітаванасцю, – гаворыць Таццяна Аляксандраўна. – Таму абавязкі не дзеляцца на свае і чужыя. Усё робім сумеснымі намаганнямі. Многае ўласнымі сіламі. Падрыхтаваць мерапрыемства, адрамантаваць мэблю, кабінеты, высадзіць расаду на клумбы, навесці парадак і чысціню на тэрыторыі і ў самой установе і многае іншае – гэта агульныя клопаты і абавязкі, ад выканання якіх у нас нават сорамна адмаўляцца.
Дарэчы, гэтак жа дружна ў гарадскім Цэнтры культуры працуюць над выкананнем аднаго з важнейшых гаспадарчых паказчыкаў у дзейнасці – аказанне платных паслуг насельніцтву. На цяперашні год установе ён даведзены ў памеры пяцьсот мільёнаў рублёў. Вынікі першага квартала паказваюць, што з гэтым спецыялісты ўстановы спраўляюцца паспяхова.
Зараз у Жыткавіцкім ГЦК працуе сорак творчых і тэхнічных спецыялістаў. Дзевяць чалавек маюць вышэйшую адукацыю.
ГЦК3– Аб фарміраванні свайго кадравага патэнцыялу мы клапоцімся пастаянна і падыходзім да гэтай справы надзвычай скрупулёзна, – расказвае дырэктар Таццяна Яўлаш. – Запрашаем да сябе на працу па сумяшчальніцтву творчых жыткаўчан, якія праяўляюць свой талент на розных конкурсах і фестывалях. папаўняецца наш штат і за кошт тых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія наведваюцца ў студыі і гурткі. Пасля заканчэння школы некаторыя з іх паступаюць ва ўніверсітэт культуры, а потым дыпламаванымі спецыялістамі вяртаюцца ў нашу ўстанову. Напрыклад, і сёлета чакаем папаўненне, яшчэ два чалавекі атрымліваюць адукацыю ў ВНУ.
Прозвішчы Марыны Пяшэвіч, Васіля Пінчука, Алега Старажэнкі, Мікалая Галавача, Ірыны Касцюк, Мікалая Саўчука, Веранікі Нікіфаравай, Валянціны Пашкевіч, Анастасіі Мірановіч, Дзмітрыя Цвяткова, Вячаслава Яўлаша, Алены Рымашэўскай, Мікалая Яновіча, Валянціны Кацубінскай, Алы Нікіфаравай, Любові Трафімовіч, многіх іншых спецыялістаў Жыткавіцкага ГЦК добра вядомыя жыхарам нашага горада. Бо менавіта яны сваёй дзейнасцю са сцэны і па за ёю ўзбагачаюць нас духоўна, робяць жыццё больш яркім і змястоўным, а людскія стасункі дабрэйшымі і прыязнымі.
Чым багатыя
Свае поспехі работнікі Жыткавіцкага ГЦК ацэньваюць не толькі па паспяховых выступленнях на розных конкурсах і фестывалях, але і па тым, як адзываецца аб іх дзейнасці насельніцтва, наколькі людзі актыўна прымаюць удзел у мерапрыемствах, клубных аб’яднаннях, самадзейных калектывах. І апошняя адзнака, напэўна, найгалоўнейшая. Як ні кажы, а адчуваць чалавечую ўдзячнасць за добра зробленую справу прыемна. Таму ў гарадскім Цэнтры культуры заўсёды памятаюць, што яны працуюць для людзей і не маюць права расчараваць апошніх. Таму і занятак у ГЦК могуць для сябе знайсці гараджане самых розных узростаў.
– У сценах нашай установы дружна працуюць 27 клубных аматарскіх аб’яднанняў, якія налічваюць у сваіх радах амаль чатырыста чалавек, – расказвае культработнік з больш чым трыццацігадовым стажам, мастацкі кіраўнік Жыткавіцкага ГЦК Валянціна Кацубінская. – Васьмі з іх прысвоены ганаровыя званні “народны” і “ўзорны”, у якіх занятыя 144 дарослых і 114 дзяцей.
Сапраўды, такімі поспехамі можна па-праву ганарыцца. Плён працы навідавоку. Не аднойчы гледачы гарачымі апладысментамі віталі выканальніцкае майстэрства вядомых у нашым раёне і за яго межамі самадзейных калектываў гарадскога Цэнтра культуры, такіх як народны хор работнікаў культуры, народны ансамбль песні “Жытніца”, узорны лялечны тэатр “Цудадзейнікі”, узорны ансамбль эстрадна-спартыўнага танца “Калейдаскоп”, народнага аб’яднання аматараў тэатра “Маскі”, студыі эстраднай песні пад кіраўніцтвам Вячаслава Яўлаша, народнага ансамбля ветэранаў працы “Асалода”, а таксама ўзорнага ансамбля дзіцячай песні “Забава”. Сваёй таленавітасцю яны здольныя на высокім узроўні выдаць для гледачоў многажанравую канцэртную праграму працягласцю ў некалькі гадзін. Самае галоўнае, што пралятае гэты час настолькі непрыкметна ад разгорнутай на сцэне прыгожай і яркай дзеі, напоўненай незвычайнай мілагучнасцю музыкі і песень, грацыёзнай пластыкай танцаў, таму проста не заўважаеш хуткацечнасць нашага жыцця. Яно, нібы спыняецца на імгненне, калі слухаеш артыстаў гарадскога Цэнтра культуры, а потым яшчэ доўга знаходзішся пад уздзеяннем атрыманых эмоцый і пачуццяў. Вялікай папулярнасцю ў жыткаўчан карыстаюцца пасяджэнні народных клубаў “Святліца” і “Натхненне”. На іх мерапрыемствы прыходзяць больш за сотню чалавек.
У нашым доме
Мерапрыемствы, што праводзяць работнікі Жыткавіцкага ГЦК і ў горадзе, і ў раёне, і за яго межамі, і ў сваёй установе, гэта ўсяго вяршыня айсберга, якая пераліваецца ўсімі колерамі пад сонечнымі праменнямі і чаруе нас сваёй непаўторнасцю. Вобразна кажучы, падводная яго частка складаецца з вялікай бесперапыннай працы падчас рэпетыцый. Дырэктар установы Таццяна Яўлаш дазволіла зазірнуць за кулісы, каб ў поўнай ступені адчуць смак хлеба культработніка. А ён, скажу па праўдзе, не вельмі салодкі.
Расчыняем дзверы танцавальнага класа, у якім праводзіць заняткі са сваімі маленькімі выхаванцамі кіраўнік узорнага ансамбля эстрадна-спартыўнага танца “Калейдаскоп” Валянціна Пашкевіч. Вопытны і спрактыкаваны педагог адну за адной паказвае дзецям розныя фігуры, патрабуе іх дакладнага паўтарэння. Праз некаторы час з асобных элементаў пачынае складвацца кампазіцыя. Было добра бачна, з якім задавальненнем хлопчыкі і дзяўчынкі паўтараюць рухі свайго педагога, імкнуцца, каб выйшлі яны як найлепш. Менавіта з прыходам Валянціны Іванаўны ў калектыў, адкрылася другое дыханне, работа студыі напоўнілася новым зместам. Цяпер у ёй займаюцца больш за семдзясят юных жыткаўчан. Але, як лічыць Валянціна Іванаўна, гэта не мяжа. Харэограф збіраецца прыцягнуць яшчэ большую колькасць хлопчыкаў і дзяўчынак да заняткаў танцамі. Асабліва яна чакае прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва. Так што бацькі, якія жадаюць, каб іх дзеці з карысцю праводзілі вольны час, навучыліся танчыць, – вам і вашым нашчадкам прамая дарога ў “Калейдаскоп”.
… А за сцяной танцавальнага класа загучаў баян і пачалі распявацца самадзейныя артысты з ветэранскага ансамбля “Асалода”. Яны таксама чакаюць у сваім калектыве творчых і таленавітых равеснікаў, якіх прыцягвае песеннае мастацтва, цікавыя сустрэчы і паездкі, а таксама імкненне дарыць радасць людзям. Тут жа ў калідоры размясцілася мастак Алена Рымашэўская. Яе работа патрабуе ўдумлівасці і цішыні. Жанчына малюе дэкарацыю для новай пастаноўкі дзіцячага тэатра “Цудадзейнікі”, з якой калектыў у хуткім часе пачне сваю гастрольную дзейнасць. Дарэчы, Рымашэўская дапамагае юным тэатралам і з афармленнем іншай атрыбутыкі для выступленняў.
На ганку ўстановы рабочыя складваюць музычную апаратуру. Гэта для народнага ансамбля “Жытніца” і спевакоў эстраднай студыі, якія з канцэртам збіраюцца ў аграгарадок Ленін. І чым больш ходзіш па гарадскім Цэнтры культуры, тым лепш адчуваеш працоўны рытм гэтай установы, які не спыняецца ні на адзін дзень.
Акрыляе
пошук
У гарадскім Цэнтры культуры пастаянна знаходзяцца ў пошуку новых формаў работы. Як адзначыла загадчык культурна-масавага сектара Любоў Трафімовіч, без гэтага цяпер немагчыма дабівацца поспехаў. Таму падрыхтоўка сцэнарыяў да любога свята ператвараецца ў калектыўную працу ўсіх без выключэння спецыялістаў. Разглядаюцца кожная ідэя, кожная прапанова, кожная задумка, якія потым знаходзяць адлюстраванне ў сцэнарыях. Гэта таксама яскрава сведчыць пра працаздольнасць і творчы патэнцыял калектыву ўстановы культуры. І хаця Любоў Емяльянаўна ўлілася ў яго параўнальна нядаўна, але моцна адчувае дапамогу і падтрымку калег.
Таму навізна ў рабоце ГЦК – справа звычайная. Тут гатовыя падрыхтаваць мерапрыемствы не толькі агульнараённага маштабу, але і для працоўных калектываў, проста звычайных людзей, якія хочуць адзначыць нейкую знакавую падзею ў сваім асабістым жыцці.
– Для нас важная якасць у любым пачынанні, – расказвае загадчык сектара, –таму без натхнення і творчага падыходу тут не абысціся. І калі бачыш радасныя ўсмешкі гараджан, іх добры настрой пасля праведзенага мерапрыемства, разумееш, што стараліся недарэмна, што твая праца неабходная людзям. Тое, што бягучы год аб’яўлены Годам культуры, таксама з’яўляецца прыкладам, наколькі важная гэтая галіна ў жыцці беларускага грамадства.
Таму спецыялісты ГЦК упэўнена занялі нішу на такой агромністай, бяскрайняй ніве. Бачна гэта і па тым, якімі моцнымі стасункамі звязана іх работа з іншымі ўстановамі і арганізацыямі, у прыватнасці, аддзелам адукацыі, культуры, працоўнымі калектывамі. Гэта таксама дазваляе дасягаць пастаўленых мэт. Яны ж ставяцца самыя высакародныя: любоў да родных традыцый і прыгожага мастацтва, прапаганда здаровага ладу жыцця, выкараненне заганаў у нашым грамадстве і гэтак далей. І з абранага шляху калектыў Жыткавіцкага ГЦК не зварочвае. Таму, пакідаючы ўстанову, хацелася пажадаць, каб і мары такога творчага і плённа працуючага калектыву таксама збываліся. А турбуе працаўнікоў і кіраўніка ўстановы на цяперашні час, каб хутчэй завяршыўся рамонт у будынку ды ўмацоўвалася больш актыўна матэрыяльная база. Напэўна, поспехі ў гэтай сферы дзейнасці яшчэ болей акрылілі б калектыў на новыя справы.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.