У мінулую суботу у Жыткавічах прайшоў XXI Міжнародны турнір па гіравому спорту сярод юнакоў і дзяўчат “Кубак Палесся”

гиревикиУ мінулую суботу адшумеў, адгаманіў у Жыткавічах яркай цырымоніяй адкрыцця, напалам вострай барацьбы, радаснымі эмоцыямі гледачоў XXI Міжнародны турнір па гіравому спорту сярод юнакоў і дзяўчат “Кубак Палесся”.
Сёлета ён быў прысвечаны 25-гадоваму юбілею галоўнай кузніцы атлетаў па гэтаму віду спорту ў нашым рэгіёне – дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе “Матор”. Дарэчы, кіраўніцтва і трэнерскі састаў гэтай установы з’яўляюцца непасрэднымі ініцыятарамі і арганізатарамі вышэйзгаданых спаборніцтваў, а выхаванцы – іх удзельнікамі. Таму і сустракалі шматлікіх гасцей з іншых гарадоў Беларусі, а таксама з суседніх краін Расіі, Украіны, Літвы гаспадары надзвычай цёпла і сардэчна. Чаму садзейнічала святочная атмасфера ў спартыўнай зале СШ №3 райцэнтра, дзе “Кубак Палесся” ў апошнія гады атрымаў пастаянную прапіску.
гиревичи4На сёлетні турнір прыехалі амаль восем-дзесят юных асілкаў з чатырнаццаці гарадоў. Менавіта шэсцем каманд-удзельніц і распачалося адкрыццё мерапрыемства. У ім прынялі ўдзел мноства ганаровых гасцей, у ліку якіх прадстаўнікі федэрацыі гіравога спорту, старшыня райвыканкама Дзмітрый Гайкевіч і яго намеснік Леанід Валатоўскі, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Уладзімір Гулюта, кіраўнік акцыянернага таварыства “Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод” Віктар Жуйкоў, дырэктар СШ №3 райцэнтра Ганна Друк, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Уладзімір Саўчыц і іншыя. Несумненна, што ў такой урачыстай абстаноўцы прадстаўнікамі ўлады і федэрацыі шмат слоў удзячнасці было сказана ў адрас працаўнікоў і атлетаў ДЮСШ “Матор”, якія на працягу ўсёй сваёй дзейнасці на многіх спартыўных арэнах, у тым ліку і на міжнародных, кавалі і прымнажалі славу Жыткаўшчыны. Аб тым сведчыла выстава разнастайных узнагарод, што матораўцы здабылі на турнірах. Ды і такі факт: за гады працы ў ДЮСШ падрыхтавана больш за паўсотні майстроў гіравога спорту, у тым ліку і міжнароднага класу, красамоўна сведчыць аб важкім укладзе жыткаўчан у папулярызацыю і развіццё гіравога спорту ў нашай краіне і за яе межамі. Кіраўніком раёна Дзмітрыем Гайкевічам у прывітальнай прамове да ўдзельнікаў спаборніцтва была выказана надзея, што ўстанова і надалей будзе працаваць з падлеткамі гэтак жа плённа, мацаваць традыцыі, каб дасягаць яшчэ больш значных перамог. Ролю прафсаюзаў у развіцці дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы “Матор” падкрэсліў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Уладзімір Гулюта. Са словамі віншаванняў ён узнагародзіў ганаровай граматай дырэктара ўстановы Леаніда Макарэвіча. Увогуле падарункаў і ўзнагарод на адкрыцці турніру было вельмі шмат. Іх уручалі не толькі госці, але і гаспадары, бо з многімі ўдзельнікамі “Кубка Палесся” завязаліся моцныя сяброўскія зносіны.
гиревичи2Закончылася першая частка спартыўнага свята цудоўным канцэртам. Для ўсіх з вялікім задавальненнем выступілі выхаванцы клуба “Шэр-Хан”, гарадскога Цэнтра культуры, Жыткавіцкай сярэдняй школы №3. Іх танцавальныя кампазіцыі, паказальныя спартыўныя выступленні толькі дадалі станоўчых эмоцый, а юным атлетам прыбавілі ўпэўненасці для паспяховага выступлення на памосце. Менавіта з пазітыўным настроем і выйшлі асілкі, каб прадэманстраваць заўзятарам сваё майстэрства.
Асабіста мне падабаецца з якой высокай самааддачай і стараннем працуюць на памосце са спартыўным снарадам прастаўнікі самай лёгкай вагавай катэгорыі. Гэта хлопчыкі і дзяўчынкі, якія не дацягваюць сарака кілаграмаў. Напал барацьбы ў гэтай падгрупе проста ашаламляльны. Кожны ўдзельнік змагаецца да апошняга, адзведзеныя па дзесяць хвілін на два практыкаванні “штуршок” і рывок” скарыстоўваюць да апошняй секунды. І няхай гіры яны ўзнімаюць і лягчэйшыя, але з якім азартам гэта робіцца, з якой высокай амплітудай. Таму і не дзіўна, што па суме двухбор’я ў многіх атрымліваецца па больш за дзвесце ачкоў. На сёлетнім турніры такі вынік паказалі адразу тры юныя атлеты з сямі, што сапернічалі ў вагавай катэгорыі 40 кілаграмаў. Для нас, жыткаўчан, найперш прыемна, што ў групе лідараў апынуўся і наш зямляк – маторавец Мікіта Данілаў. Прычым, сваё выступленне ён закончыў з самым лепшым вынікам: 284,5 бала, апярэдзіўшы бліжэйшага саперніка на больш чым шэсцьдзясят ачкоў. Сваё ўзыходжанне на вышэйшую прыступку п’едэстала Мікіта не адкладваў у доўгую скрынку. У штуршку ён узняў гіры 157 разоў, а ў рыўку дабавіў да свайго папярэдняга дасягнення яшчэ 127,5 ачка. Добрую заяўку на перамогу зрабіў у першым практыкаванні Арцём Шпак, які адстойваў гонар раёна і спартыўнай школы “Матор” у вагавай катэгорыі 48 кілаграмаў. На жаль, пасля ўдалага штуршка з рыўком гіры ў хлопца не заладзілася, таму ў скарбонку сваёй каманды ён прынёс толькі бронзу. Узнагароды вышэйшай пробы ў гэтай групе дасталіся сапернікам з Бранскай вобласці і горада Жлобіна. Асілкі з Ровенскай вобласці Украіны і сталіцы Беларусі Мінска ўзышлі на п’едэстал гонару па выніках выступленняў сярод атлетаў, вага якіх 55 кілаграмаў. Найбольшую суму балаў, 143, тут набраў украінец А. Бандарчук. Даволі бескампрамісна праходзіла барацьба ў групах паміж юнакамі вагой 60 і 65 кілаграмаў. Менавіта тут жыткаўчане В. Базылевіч і М. Савіч прынеслі ў скарбоку жыткавіцкай каманды золата і срэбра. Прычым, апошні наш атлет быў апярэджаны ўкраінскім гіравіком на два з паловай балы.
гиревичи3Прыемныя ўражанні ад турніру ў Жыткавічах застануцца і ў літоўца Руслана Кірыенка. У спаборніцтвах на палескай зямлі ён прыняў удзел упершыню і даволі паспяхова. У сваёй падгрупе юнак заняў першае месца. З высокім пачуццём гонару і годнасці стаяў літоўскі гіравік на верхняй прыступцы п’едэстала, калі ў спартыўнай зале трэцяй школы гучаў нацыянальны гімн яго краны. За свайго выхаванца радаваўся і трэнер. Не толькі літоўцаў, але і ўдзельнікаў змагання з больш значным вопытам, уразіла і гасціннасць гаспадароў, і высокая арганізацыя спаборніцтваў, аб чым яны не раз падкрэслівалі ў размовах паміж сабой і з прадстаўнікамі Жыткаўшчыны.
Падчас усіх спаборніцтваў юначы запал на памостах, іх імкненне да перамогі падтрымлівалі гледачы з залы. Асабліва білі эмоцыі праз край, калі да спартыўнага снарада падыходзілі дзяўчаты. Вельмі прыемна, што ў “Кубка Палесся” год ад году прыбаўляецца шчырых сябровак, якія актыўна займаюцца гіравым спортам. Сёлета на міжнародным турніры выступілі паўтара дзясятка юных гіравічак. І прызнаюся, што сваімі спартыўнымі дасягненнямі яны толькі ўпрыгожылі спаборніцтвы.

гиревичи1У вагавай катэгорыі да 45 кілаграмаў наша Алена Іллюшыц закончыла выступленне з 229 баламі, а ў вагавай катэгорыі 50 кілаграмаў не было роўных жыткаўчанцы Ганне Красавінай, яе парыў у вагавай катэгорыі звыш пяцідзесяці кілаграмаў падтрымала Алена Федасеева, таксама наша зямлячка, якая запісала ў свой актыў 100 пад’ёмаў гіры. Сапраўднае замілаванне атрымалі заўзятары ад выступлення самай маленькай удзельніцы саперніцтва Яўгеніі Юзюк, якая пры вазе 25 кілаграмаў пакарыла спартыўны васьмікілаграмовы снарад 56 разоў. Не ўсе саперніцы з большым вопытам і масай цела змаглі дабіцца такога выніку. Скажам, што выжыльваліся дзяўчаты не менш за хлопцаў, а іхняе жаданне перамагчы было нават большым. Каб паказаць найлепшыя вынікі на памосце, некаторыя да крыві сціралі гірамі на руках мазалі, але спартыўныя снарады не апускалі і не здаваліся. Як адзначыў фельчар аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Аляксандр Філатаў, які ажыццяўляў медыцынскае суправаджэнне спаборніцтваў, увесь бінт і пластыр прыйшлося выкарыстаць на перавязкі.
Вось такое нежартоўнае змаганне ішло на сёлетнім Міжнародным турніры па гіравому спорту сярод юнакоў і дзяўчат “Кубак Палесся”. Але для яго ўдзельнікаў, асабліва пераможцаў, з’явілася важкай падставай, каб атрымліваць заслужаныя ўзнагароды з высока ўзнятай галавой. Бо яны здабытыя ў мужнай барацьбе. Намеснік старшыні райвыканкама Леанід Валатоўскі і дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы “Матор” Леанід Макарэвіч з вялікім задавальненнем выканалі ганаровую місію – ўручылі ўзнагароды пераможцам і прызёрам спаборніцтваў, а таксама трэнерам, якія іх падрыхтавалі да выступлення. Усё тут адпавядала сусветным стандартам: моцныя поціскі рук, словы віншаванняў, акорды нацыянальных гімнаў у гонар лепшых спартсменаў з краін-удзельніц. Канечне ж, усім было найперш цікава, каму дастанецца галоўны трафей гіравога саперніцтва. Інтрыга захоўвалася да апошняга моманту, і тайнае стала яўным толькі пасля аб’яўлення галоўнага суддзі. На жаль, на гэты раз залаты кубак Палесся заваявалі гіравікі з Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі, другая па значнасці ўзнагарода ў спартсменаў з Ровенскай вобласці Украіны, а жыткаўчане сталі ўладальнікамі бронзавага кубка. Але самым галоўным, чым запомнілася канцоўка спаборніцтваў, сталі дружныя апладысменты ў гонар пераможцаў, а таксама сардэчнае запрашэнне намесніка старшыні райвыканкама Леаніда Валатоўскага, з якім ён звярнуўся да юных асілкаў і іх трэнераў – прыязджаць у Жыткавічы і ў наступным годзе і прадэманстраваць ужо на дваццаць другім турніры яшчэ больш высокія вынікі. Будзем верыць, што гэтае пажаданне збудзецца.
Сяргей Белка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.