Хапае спраў на веснавых палетках Жыткаўшчыны

семинар1Бягучай вясной працаўнікам сельгаспрадпрыемстваў раёна неабходна засеяць раннімі каласавымі культурамі 2881 гектар. Усяго ж правесці пасяўную кампанію патрабуецца на 19527 гектарах. Як выканаць усе палявыя работы ў лепшыя агратэхнічныя тэрміны і з высокай якасцю, на практычным семінары, што днямі адбыўся ў акцыянерным таварыстве “Прыазёрскае-Агра”, абмеркавалі кіраўнікі і спецыялісты аграрнай галіны. Прыняў удзел у мерапрыемстве і старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Гайкевіч.
— Як пасеем, так і пажнем, — распачаў размову аб надзённых пытаннях для вяскоўцаў намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Мікалай П’яўко. — Умовы для палявых работ складваюцца спрыяльна, таму цяпер многае залежыць ад арганізацыі на месцах, непасрэдна ў гаспадарках. Пасяўныя плошчы ранніх яравых культур сёлета нязначныя, таму нам па сілах справіцца з гэтым аб’ёмам у самыя бліжэйшыя дні.
Мікалай Мікалаевіч перасцярог кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак аб тым, што на веснавым палетку важныя не толькі тэмпы, але і якасць выконваемых работ на кожным іх этапе, пачынаючы з апрацоўкі глебы і заканчваючы сяўбой.
— І ў гэтым адводзіцца выключная роля тэхнолагам вытворчасці, якія павінны строга трымацца патрабаванняў агратэхнікі, ажыццяўляць належны кантроль за працай механізатараў і паляводаў, сачыць за спраўннасцю машын і агрэгатаў, што задзейнічаны на палях, — падкрэсліў начальнік райсельгасхарчу. — Толькі такім чынам мы зможам паспяхова выканаць пастаўленыя перад намі задачы і не ва ўрон якасці скараціць выдаткі.
семинар2Кіраўнік аграрнай галіны раёна звярнуў увагу ўдзельнікаў семінара на гэта невыпадкова. Сам практык з вялікім стажам, ён добра ведае, што, калі належна падрыхтуеш глебу, заштукуеш згодна з нормамі ў яе насенне, у патрэбнай норме яго высееш, тады і ўзыходы будуць дружнымі, і многія доглядныя работы стане праводзіць намнога лягчэй.
Падрабязныя рэкамендацыі, як выканаць кожны агратэхнічны прыём з высокай якасцю, пазбегнуць парушэнняў тэхналогіі на веснавых палетках, калегам з гаспадарак на семінары далі спецыялісты райсельгасхарчу і раённых службаў. Як кажуць, расклалі ўсё па палічках, не абышлі ўвагай кожнае пытанне: нормы высева, дозы і тэрміны ўносімых мінеральных угнаенняў, а таксама правядзенне імі падкормак культур, патрабаванні да насеннага матэрыялу, глыбіні яго заштукоўвання ў глебу, да перадпасяўной падрыхтоўкі глебы, ажыццяўлення доглядных работ і многае іншае – усё, што прывядзе да поспеху на полі. Выканаць гэта належна вяскоўцам па сілах. Шлейф машын і агрэгатаў, што быў выстаўлены на краю палетка падчас семінара, таксама красамоўна сведчыў аб гэтым. Галоўнае неабходна скарыстаць наяўныя тэхнічныя магчымасці з максімальнай карысцю і аддачай, для чаго агрэгаты і машыны павінны быць спраўнымі і правільна адрэгуляванымі. Менавіта апошняму моманту ў сваёй дзейнасці і ўдзялілі большасць часу ўдзельнікі мерапрыемства. Асобна было разгледжана на ім пытанне, звязанае з матэрыяльнай зацікаўленасццю ўдзельнікаў пасяўной. Таму рэкамендавана ў гаспадарках правесці сходы з механізатарамі і давесці да іх нормы выпрацоўкі, а таксама ўмовы аплаты. Яшчэ адзін важны аспект, на якім спыніліся, строгае выкананне на палявых работах правілаў аховы і бяспекі працы.
Ход спраў на веснавых палетках паказвае, што метадычнае мерапрыемства для аграрыяў раёна праведзена своечасова, бо практычна ў кожнай гаспадарцы палявыя работы ўжо вядуцца поўным ходам. Па стану на 31 сакавіка ў раёне раннімі каласавымі культурамі засеялі ўжо 560 гектараў, што складае 19 працэнтаў да вызначанага заданнем. А, як вядома, паўтарэнне з’яўляецца маці любога вучэння. І тое, што спецыялісты-аграрыі гэта зрабілі перад важнай справай, толькі павялічыць плён іх працы.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.