Добрай і шчаслівай службы, землякі

призывДаволі рана пачынаецца ў гэтую пару рабочы дзень у супрацоўнікаў раённага ваеннага камісарыята. Ужо ў чатыры гадзіны яны на службе. Зараз ідзе заключны этап чарговай прызыўной кампаніі – адпраўка навабранцаў у вайсковыя злучэнні. 23 будучыя абаронцы Айчыны з нашага раёна распачалі службу з 19 мая.
Як заўсёды, у дні адпраўкі юнакоў у армію ля ваенкамата збіраецца шмат народу. Сваіх прызыўнікоў пасля развітальных вечарын прыходзяць і прыязджаюць правесці на службу бацькі, сябры, радня, каханыя. У дзень жа нашага наведвання ўстановы з улікам таго, што Жыткаўшчына накіроўвала ў войска адразу больш двух дзясяткаў навабранцаў, адпаведна і развітацца з будучымі салдатамі прыбыло болей сотні чалавек. Але гэта ніякім чынам не адбілася на арганізаванасці, з якой прайшло мерапрыемства. Супрацоўнікі ваенкамата далі час прызыўнікам, каб тыя развіталіся з блізкімі ім людзьмі, а потым гучнай камандай запрасілі ўсіх у будынак. Тут адбыўся апошні рытуал перад тым, як адправіцца ў дарогу. Юнакі распісаліся за атрыманыя ваенныя білеты, пасля чаго ваенны камісар раёна Сяргей Петруненка правёў з усімі падрабязны інструктаж як паводзіць сябе ў дарозе, на абласным зборным пункце, па прыбыцці ў вайсковую часць.
– Галоўнае, памятайце, што вы цяпер прадстаўляеце не толькі сябе, але і сваю сям’ю, свой працоўны калектыў, свой раён, – звярнуўся з наказам да юнакоў Сяргей Петруненка. – Таму служыце годна, каб за вас не было нікому сорамна і бацькам паступалі ад камандзіраў толькі падзякі. У адрас жыткаўчан ніколі не было нараканняў, з тэрміновай службы яны вярталіся з узнагародамі, чаго і вам жадаю.
Шчаслівай службы зычыў юнакам і ветэран вайны ў Афганістане Мікалай Шырчанка, які сваёй прамовай імкнуўся супакоіць юнакоў, падбадзёрыць іх, бо ад праходжання армейскай службы хлопцы толькі выйграюць: памужнеюць, набудуць новых сяброў, новыя веды і навыкі. Адным словам , армія зробіць іх сапраўднымі мужчынамі.
Па словах ваеннага камісара Сяргея Петруненкі, бягучай вясной прызыўная кампанія праведзена даволі паспяхова, што сведчыць аб прафесіяналізме і работнікаў ваенкамата, і медыцынскіх спецыялістаў, і іншых службаў, якія забяспечвалі правядзенне неабходных мерапрыемстваў. Няма нараканняў і па адпраўках у войска.
– Усё праходзіць у дзелавой абстаноўцы, юнакі своечасова з’яўляюцца па павестках у райваенкамат, – расказвае начальнік аддзялення прызыву Алег Брэеў. – Накіроўваць навабранцаў у часці будзем амаль да канца мая. Падчас кожнай адпраўкі на прызыўным пункце супрацоўнікамі міліцыі падтрымліваецца парадак, своечасова падаецца аўтатранспартным прадпрыемствам і аўтобус. Ды і самі будучыя салдаты адчуваюць тую адказнасць, што кладзецца на іх.
– Жаданне служыць ёсць, хаця, канечне ж, крыху хвалююся, – гаворыць прызыўнік Мікалай Прошчанка. – Асвойваць вайсковую навуку буду ў спецназе Міністэрства ўнутраных спраў. Вельмі хацелася трапіць у такое элітнае падраздзяленне. Добра, што члены прызыўной камісіі задаволілі маё жаданне, зразумела, што ўлічылі мае фізічныя магчымасці і псіхалагічна-маральныя якасці, якія дазваляюць праходзіць службу ў гэтай часці. Калі ўсё добра складзецца, не выключаю магчымасці, што перавядуся на кантракт.
Аляксей Таболіч з Турава таксама спадзяецца, што армейская служба для яго пройдзе з карысцю. Яе юнак будзе праходзіць у вучэбным цэнтры. У многім на гэты выбар паўплывала цяперашняя прафесія прызыўніка, якую ён набыў у Гомельскім прафліцэі, а таксама атрыманае вадзіцельскае пасведчанне. Дарэчы, Таболіч паспеў папрацаваць вадзіцелем у ААТ “Тураўшчына”. У арміі ён будзе імкнуцца павысіць сваё майстэрства па маючых спецыяльнасцях, бо служба будзе звязана з тэхнікай.
Безумоўна, вельмі добра, калі жаданні прызыўнікоў супадаюць з прадастаўленымі ім магчымасцямі. Менавіта з такімі думкамі па камандзе супрацоўнікаў райваенкамата навабранцы садзяцца ў аўтобус. Перад гэтым яны яшчэ раз узмахамі рук вітаюць сваіх родных і блізкіх, з якімі сустрэнуцца ўжо ў вайсковых злучэннях падчас прыняцця прысягі.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.