Працаўнікі ферм ААТ «Тураўшчына» упэўнена нарошчваюць вытворчасць малака

2Гэта стала магчымым у тым ліку і дзякуючы ўвядзенню ў рацыёны жывёлы сакавітых травяністых кармоў.

На цяперашні час у сельгаспрадпрыемстве на пашы ўтрымліваецца чатыры тысячы галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх амаль дзве тысячы дойных кароў, прычым, палова з гэтай колькасці выпасаецца кругласутачна.

Сярод калектываў грамадскіх ферм гаспадаркі, што перавялі дойны статак на кругласутачны выпас, і працаўнікі старажавецкай МТФ.

Паляпшэння вынікаў у вытворчасці малака ад такіх захадаў ім доўга чакаць не прыйшлося, за непрацяглы час атрымана важкая прыбаўка па надоях.

На луг, дзе знаходзіўся адзін з гуртоў жывёлы з вышэйназванай фермы, з галоўным заатэхнікам акцыянернага таварыства Раісай Страх, наведаліся перад самым пачаткам дзённай дойкі. Даяркі і пастухі вялі апошнія прыгатаванні, каб распачаць важную справу: падганялі кароў да абсталявання, рыхтавалі порцыі камбікармоў, правяралі спраўнасць абсталявання.

— Тыя статкі, што ўтрымліваюцца на пашы кругласутачна, дояцца на перасовачным даільным абсталяванні, — расказвае Раіса Васільеўна. — Да пачатку пашавага перыяду мы закупілі тры такіх сучасных дойкі, каб працаваць у палявых умовах. Цяпер актыўна іх скарыстоўваюць жывёлаводы трох ферм: азяранскай, варонінскай і старажавецкай. Самае галоўнае, што новае абсталяванне дазваляе працаваць на самым высокім тэхналагічным узроўні. Атрымліваецца не горш чым на стацыянары.

З гэтымі словамі спецыяліст прапанавала азнаёміцца з матэрыяльнай базай на лузе. Усё тут зроблена па-гаспадарску, адным словам, створаны спрыяльныя ўмовы для плённай і выніковай работы. Дойкі аснашчаны малакаправодам, малако па ім адразу паступае ў халадзільнік, які ўстаноўлены ў спецыяльным блоку.

Падаецца з бойлера і гарачая вада, электразабеспячэнне ўстаноўкі ажыццяўляецца ад генератара. Зразумела, што найлепш ацаніць усе выгоды можа толькі чалавек, які непасрэдна працуе на абсталяванні. Менавіта падзяліцца сваімі ўражаннямі папрасіў аператара машыннага даення Вольгу Кавалевіч:

— Усё проста цудоўна. Упецярых, я, Марына Бобрык, Наталля Бабарыка, Валянціна Богуш і Наталля Жыткавец, мы абслугоўваем амаль тры сотні дойных кароў. Напачатку цяжкавата было, пакуль жывёла прывыкала да станкоў, а цяпер усё пайшло, нібы па маслу. Травастой добры, пастухі своечасова адбіваюць новыя загонкі, ёсць у рацыёне і канцэнтраты.. Ды што казаць, усё вельмі добра відаць па надоях. Зараз ад кожнай каровы надойваем па больш чым дваццаць кілаграмаў сырадою, летась столькі не было.

Аператару ёсць з чым параўноўваць. Працуе па гэтай спецыяльнасці Вольга Кавалевіч два дзясяткі гадоў. Не аднойчы даводзілася працаваць у палявых умовах. Добра памятае, што такое даіць кароў у вёдры, затым іх, поўныя малака, насіць да малакавоза, падымаць, каб выліць у цыстэрну. Пасля такой работы рукі і ногі ледзь уздымаюцца ад стомы. Цяпер жа, як адзначае жанчына, усё рабіць значна лягчэй і прасцей.

— Паспяхова працуюць у нас зараз па вытворчасці малака не толькі жывёлаводы старажавецкай фермы, але і іншых структурных падраздзяленняў, — гаворыць галоўны заатэхнік Раіса Страх. — У прыватнасці, высокіх надояў дабіваюцца штодзённа працаўніцы на малочнатаварным комплексе “Казаргаць-2”, верасніцкай малочнатаварнай ферме. Сярод аператараў гэтай фабрыкі малака хачу адзначыць старанне і прафесіяналізм аператара машыннага даення Наталлі Фраловай, нашага бясспрэчнага лідара. За месяц яна надойвае па 60 тон малака. А ўвогуле, майстроў-жывёлаводаў на грамадскіх фермах сельгаспрадпрыемства дастаткова, з імі, як кажуць, горы звярнуць можна.

У ліку такіх і аператар па вырошчванні маладняку верасніцкай фермы Марына Арцюховіч. Яна на цяперашні час даглядае дзве з паловай сотні маленькіх цялушак. І хаця на такой клопатнай пасадзе працоўны стаж жанчыны толькі другі год, але вытворчыя здабыткі не саступаюць па велічыні тым, што маюць вопытныя і спрактыкаваныя работніцы. У сярэднім за суткі гадаванцы Арцюховіч прыбаўляюць па 960 грамаў. А ўсё чам, бо жывёлавод сумленна выконвае свае прафесійныя абавязкі. Гэта добра відаць не толькі па вытворчых здабытках, але і той чысціні, што пануе ў памяшканні.

Менавіта са строгай тэхналагічнай дысцыпліны, а таксама стараннасці і майстэрства працаўнікоў грамадскіх ферм акцыянернага таварыства “Тураўшчына” і складваюцца цяперашнія поспехі ў жывёлагадоўчай галіне. Напрыклад, зараз дзённая вытворчасць малака ў гаспадарцы складае 60 тон, што на 105 працэнтаў больш мінулагодняга перыяду. Павялічылі мясцовыя працаўнікі ў гэтым годзе і дзённы надой ад адной каровы на дзевяцьсот грамаў і давялі яго да 18,4 кілаграма.

З продажам малака таксама ў гаспадарцы парадак. Зараз яго пастаўляецца на перапрацоўку 53600 кілаграмаў, што на 104 працэнты больш леташняга ўзроўню. Прычым, важным аспектам у гэтай дзейнасці з’яўляецца тое, што ўсё малако, якое прадаецца ААТ “Тураўшчына”, самай высокай якасці, прымаецца перапрацоўшчыкамі толькі гатункам “экстра”.

Несумненна, у акцыянерным таварыстве за апошнія гады вельмі і вельмі шмат укладзена ў развіццё жывёлагадоўчай галіны. І цяпер гэта прыносіць належную аддачу, да таго ж не разавую, а пастаянную, у выглядзе значных прыбавак па надоях і прывагах.

Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.