Зладжана вядуць бягучай вясной працаўнікі акцыянернага таварыства “Тураўшчына” палявыя работы

3Па стану на 16 мая сяўба яравых культур у гаспадарцы праведзена на 4178 гектарах з 5180, якія вызначаны заданнем.
Цяпер асноўны клопат мясцовых земляробаў закончыць сяўбу кукурузы. На вышэйазначаную дату гэтую работу засталося выканаць крыху менш чым на трохстах гектарах. Усяго ж кукурузны клін у гаспадарцы раскінецца сёлета на 4000 гектарах, з якіх на семістах культура будзе вырошчвацца на зерне.
Паспяхова справіцца з вызначанымі аб’ёмамі сяўбы кукурузы акцыянернаму таварыству паспрыяла добрая тэхнічная забяспечанасць. Практычна штодня на палетках працавала адразу па шэсць сеялак. Ды і дзённая выпрацоўка на адзін агрэгат складае боль за трыццаць гектараў, што сведчыць аб стараннасці і майстэрстве земляробаў. У ліку тых механізатараў, хто старанна рупіцца на кукурузным палетку, і Васіль Тачыла. На сельскагаспадарчай вытворчасці трактарыстам ён працуе ўжо некалькі дзесяцігоддзяў. А вось на сяўбе кукурузы давялося шчыраваць толькі ў апошнія гады. Але Тачыла вельмі хутка асвоіў для сябе новую справу, зараз нават сярод калег ў перадавіках ходзіць. Нездарма аграном-насеннявод Ніна Дарошка даверыла менавіта гэтаму працаўніку засеяць доследнае поле агранома кукурузай. Усяго на чатырох гектарах размесцяцца амаль два дзясяткі розных гатункаў культуры. Гэта, як адзначыла Ніна Іванаўна, пляцоўка для будучай работы з “ каралевай палёў”.
— Будзем вывучаць, якія гатункі дадуць большую ўраджайнасць на нашых палях, каб у наступным годзе менавіта купляць іх насенне і мець належную аддачу па масе і зерню кукурузы, — расказвае спецыяліст.
Што тычыцца Васіля Тачылы, то ён сатаранна выконвае ўсе патрабаванні агранома, дапамагае яму запраўляць сеялку насеннем. Агрэгат, на якім працуе механізатар даволі высокапрадукцыйны і дазваляе выконваць тэхналагічныя аграпрыёмы з высокай якасцю. Высокія паказчыкі забяспечваюць на сяўбе кукурузы таксама Васіль Паўленка і Іван Меляшчэня.
Паспяхова ладзяцца справы ў акцыянерным таварыстве і на іншых участках пасяўнога канвеера. Бягучай вясной мясцовыя аграрыі добра заправілі глебу арганікай, унёсшы яе 125 тысяч тон. Вядзецца належны догляд за пасевамі зерневых культур, пасадка бульбы і сяўба агародніны. Адным словам, робіцца ўсё, каб восенню сабраць багаты ўраджай.
Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.