У гэтыя дні на машынным двары адкрытага акцыянернага таварыства “Людзяневічы” не застанеш ні адной адзінкі тэхнікі

Люденевичи СанюкПасля пасяўной практычна ўсе тэхнічныя магутнасці гаспадаркі засяроджаны на ўборцы траў першым укосам. Менавіта такая мабілізацыя наяўных рэсурсаў, а таксама ўмелая арганізацыя работы на сенакосах дазваляюць мясцовым працаўнікам дабівацца выканання пастаўленых задач.
З траў першага ўкосу ў сельгаспрадпрыемстве спадзяюцца назапасіць у першую чаргу якасныя сянаж і сена. Іх мяркуюць мець для грамадскага статка адпаведна 1200 і 6500 тон. На цяперашні час пад павецямі ўжо знаходзіцца больш за чатырыста тон сена, а ў курганах і траншэях — больш за дзве тысячы тон сенажу.
— Цяперашнія старанні механізатараў на сенажацях апраўдаюцца ў выглядзе высокіх надояў і прываг у будучым, — расказвае дырэктар акцыянернага таварыства Анатоль Санюк. Люденевичи Конст Готченя— Напрыклад, мінулай зімой, калі многія гаспадаркі касілі, так бы мовіць, дугой, жывёла на нашых фермах атрымлівала паўнацэнныя рацыёны з уласных запасаў. Акрамя таго, мы здолелі добра зарабіць ад продажу сенажу і сіласу, бо мелі іх значна больш сваіх патрэб. Як ні кажы, а чатыры мільярды рублёў ад рэалізацыі травяністых кармоў сталі адчувальнай падтрымкай эканоміцы сельгаспрадпрыемства. Таму і сёлета будзем імкнуцца, каб кармавая база была такой жа багатай і трывалай.
Таму назапашванне травяністых кармоў у акцыянерным таварыстве “Людзяневічы” вядзецца канвеерна. У гаспадарцы створаны і працуюць два кормаздабываючыя механізаваныя атрады па нарыхтоўцы сенажу. У кожным з іх па два кормаздабываючыя комплексы, а таксама дастатковая Люденевичи Влад Готченяколькасць тэхнікі для адвозкі і трамбоўкі травяной масы, граблі для варушэння валкоў. Таксама такое ж вытворчае падраздзяленне маецца і для назапашвання сена. З дазволу кіраўніка сельгаспрадпрыемства Анатоля Санюка давялося непасрэдна азнаёміцца з дзейнасцю аднаго з такіх атрадаў. Два комплексы, якімі кіруюць вопытныя і спрактыкаваныя механізатары Раман Салавей і Сяргей Ахоценка, бесперапынна паглыналі валкі правяленай травы, выкідваючы ў кузавы аўтамабіляў і трактароў пругкія струмені здробненай масы.
— Яшчэ які дзень папрацуем, і чарговы курган будзе гатовы да кансервацыі, — гаворыць механізатар Раман Салавей, які працуе на КГ-6. — Выніковасць работы добрая, штодзённа па больш чым сто тон травы здрабняю. Усё ж тэмпы ў нашай справе аказваюць істотны ўплыў на якасць назапашваемага корму. Люденевичи Гриневский1Чым хутчэй правядзем закладку, тым лепшым будзе сянаж.
Канечне, механізатару на старэнькім кормаздабываючым комплексе не так і лёгка падтрымліваць на сенажаці высокі рытм у рабоце. Але Раман Алегавіч усім нягодам супрацьпастаўляе свой прафесіяналізм, а таксама высокую адказнасць і належнае старанне. Дзякуючы гэтаму выдатна падрыхтаваў давераную яму машыну да работы, таму цяпер знаходзіцца ў ліку лідараў корманарыхтоўкі ў сельгаспрадпрыемстве.
Не менш старанна працуюць на якасныя паказчыкі сенажу і механізатары Уладзімір Гатчэня і Уладзімір Мамановіч. Яны занятыя на трамбоўцы масы. Хаця і клопатная гэта работа, але і ў іх справы ладзяцца.
— Прастойваць няма калі, бо травяная маса з сенажаці да месца закладкі паступае вельмі рытмічна, — гаворыць Уладзімір Гатчэня. – Змена доўжыцца з раніцы і да сямі гадзін вечара, але, калі бачыш, як з кожным днём прырастае курган, то стому, нібы рукой здымае.
— Механізатары і вадзіцелі працуюць добра, — далучаецца да размовы брыгадзір комплекснай брыгады Уладзімір Грынеўскі. — Ужо ў кургане маецца сямсот тон масы, а хутка і да тысячы аб’ём у ёй давядзем. Адразу ж прыступім да закладкі іншай сіласнай траншэі. Плошчаў травы побач яшчэ дастаткова, але ўбярэм усё да апошняй травінкі.
Сапраўды, у акцыянерным таварыстве “Людзяневічы” сенакосныя ўгоддзі даволі вялікія. Толькі травы першым укосам тут плануецца ўбраць з 1175 гектараў. Практычна гэтая задача выканана на шэсцьдзясят працэнтаў. Ёсць у гаспадарцы яшчэ і абшары поймавых лугоў, якія таксама служаць добрай падтрымкай кармавой базе. Ды і травастой сёлета не тое што летась цяпер ён густы і высокі. Таму і радуе аддача кожнага гектара мясцовых корманарыхтоўшчыкаў. У ліку іх, па словах кіраўніка сельгаспрадпрыемства, самыя вопытныя і спрактыкаваныя механізатары. Таксама на кормаздабываючых комплексах плённа працуюць Сяргей Ахоценка, Міхаіл Міхалковіч і Валерый Гатчэня. Касьбу траў вядуць Андрэй Чэркас, Іван Татур, Віталій Савіцкі, Уладзімір Гатчэння. На варушэнні і зграбанні валкоў травы задзейнічаны Андрэй Ханеня, Міхаіл Торчык і Сяргей Савіцкі. А вось запасы сена на зімоўку грамадскага статка акцыянернага таварыства папаўняюцца штодзённа дзякуючы працавітасці механізатараў Мікалая Чопчыца і Мікалая Кулакевіча, якія заняты на прасаванні травы.
Вынік дзейнасці людзяневіцкіх корманарыхтоўшчыкаў бачны паўсюдна. На адных сенажацях гэта ў выглядзе рулонаў сена, на другіх — высокіх валкоў падсушанай травы, на трэціх — яркай зеляніны адрастаючай атавы. Прычым, апошніх сенакосаў становіцца ўсё больш і больш. Адным словам, у гаспадарцы робіцца ўсё, каб з кожнага гектара сенакосных угодзяў атрымаць сёлета па некалькі паўнацэнных укосаў, тым самым забяспечыць як і ў мінулыя гады харчовую бяспеку грамадскай жывёле.
Сергей БЕЛКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.