Мець больш станоўчых вынікаў

вынікі2Ход корманарыхтоўкі і жніва, стан спраў у раслінаводстве і жывёлагадоўлі  — усе гэтыя пытанні разгледжаны на прайшоўшай ўзаемправерцы гаспадарак. Удзел у мерапрыемстве прынялі старшыня райвыканкама Дзмітрый гайкевіч, яго першы намеснік, начальнік райсельгасхарчу Мікалай П’яўко, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў і спецыялісты райсельгасхарчу. Па сутнасці, семінар стаў для аграрыяў раёна своеасаблівай пляцоўкай  для азнаямлення не толькі з лепшымі вытворчымі напрацоўкамі, але і для абмеркавання і вырашэння надзённых праблем.

Дбаць аб кармах, як аб хлебе, — менавіта на гэтым акцэнтаваў напачатку ўзаемаправеркі ўвагу прысутных начальнік райсельгасхарчу Мікалай П’яўко.

— Каб мець зімой малако, неабходна прыкласці зараз усе намаганні для стварэння моцнай кармавой базы, — зазначыў Мікалай Мікалаевіч. — Для гэтага ў раёне маюцца добрыя магчымасці. Галоўнае не спыняць корманарыхтоўку і планамерна кожны дзень павялічваць запасы сенажу і сена. У многіх раёнах вобласці сітуацыя з фуражом не вельмі спрыяльная, і рэзерваў практычна, каб яе паправіць, не маецца. Таму падчас стойлавага перыяду грамадскага статку мы можам не толькі  забяспечваць яго паўнацэннымі рацыёнамі, але яшчэ і прадаць лішкі кармоў іншым.

вынікі3Дарэчы, на цяперашні час аграрыі раёна выйшлі ў абласныя лідары па колькасці нарыхтаваных кармавых адзінак у разліку на адну ўмоўную галаву жывёлы. Сапраўды, поле дзейнасці для корманарыхтоўшчыкаў раёна, як паказала ўзаемаправерка, і зараз даволі вялікае. І там, дзе на поўную сілу скарыстоўваюць гэты патэнцыял, вынікі маюць неблагія. Найперш, у гэтым плане вызначаюцца працаўнікі КСУПа “Коленскае”. Акрамя таго, што яны своечасова ўбралі травы першым укосам, цяпер вядуць закладку зернесенажу. Для гэтага скошваюць малаўраджайныя ўчасткі збажыны, такой масай ужо напоўнілі некалькі сянажных траншэй. У гаспадарцы такую практыку плануюць працягваць. Добра ладзяцца справы з назапашваннем травяністых кармоў у акцыянерных таварыствах “Тураўшчына”, “Людзяневічы”,  “Прыазёрскае-Агра”, КСУПах “Чырвоны Бор” і “Бялёў”. На цяперашні час у раёне назапашана 46604 тоны сенажу і 7365 сена, што складае амаль сто працэнтаў да вызначанага заданнем паказчыка. Таксама маецца 10953 тоны зернесенажу. Асноўнай культурай для нарыхтоўкі сіласу з’яўляецца кукуруза. Менавіта яе палеткі і агледзелі кіраўнікі падчас узаемаправеркі. Стан спраў на іх сведчыць, што віды на ўраджай нядрэнныя, і той аб’ём сіласу ў памеры 168 тысяч тон, што запланавана мець на зімоўку грамадскаму статку, будзе назапашаны.

вынікі1Уборка збажыны, якая распачата вяскоўцамі ў гэтыя дні, з’яўляецца не менш важным клопатам, чым кормавытворчасць. У большасці гаспадарак і з гэтай  задачай спраўляюцца паспяхова. На 18 ліпеня жніво праведзена ў гаспадарках на 726 гектарах. Пры сярэдняй ураджайнасці 33,4 цэнтнера з гектара намалочана 2425 тон зерня. Добрыя тэмпы на жніве забяспечваюць працаўнікі КСУПа “Коленскае”, акцыянерных таварыстваў “Людзяневічы”, “Жыткавічыхімсервіс” і “Тураўшчына”.

— Тэмпы патрэбна прыспешваць. Збажына пад сонцам добра выспела і высахла, таму зерне патрабуе мінімальнай дапрацоўкі, што вельмі важна пры цяперашнім дэфіцыце паліўных рэсурсаў, — адзначыў Мікалай П’яўко. — Ураджай збажыны таксама вырасцілі нядрэнны, таму чакаем валавы намалот большы за мінулагодні, прыкладна ў сорак пяць тысяч тон. Галоўнае, убраць усё без страт.

Падстава для такой гаворкі ўзнікла невыпадкова. Не ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах належна падрыхтаваліся да абмалоту каласавых.  Падчас узаемаправеркі ў некаторых гаспадарках прастойвалі камбайны, нават спраўныя, на машынных дварах. Хаця работы ў полі было больш як дастаткова.

Яшчэ адзін важны момант, на які была звернута пільная ўвага на мерапрыемстве, справы жывёлаводаў. У першую чаргу, кіраўнік раёна і яго першы намеснік праявілі заклапочанасць пра рацыёны кармлення дойнага статка, рэжым раздачы корму. Не абыйшлі бокам і ўтрыманне цялушак у летніх лагерах і на адгонных выпасах.  Без нараканняў гэтая работа выконваецца ў КСУПе “Коленскае” і ААТ “Людзяневічы”.  Тут зроблена ўсё, каб у будучым папаўняць дойны статак высокапрадуктыўным пагалоўем. Азнаёміліся ўдзельнікі семінара і з працай па рэканструкцыі ферм гаспадарчым спосабам у ААТ “Прыазёрскае-Агра”. Дзякуючы гэтаму ў акцыянерным таварыстве  для ўтрымання цялушак зімой капітальна адрамантавалі два памяшканні. На чарзе — трэцяе.

Падчас узаемаправеркі ўсе яе ўдзельнікі пераканаліся, што ў кожнай гаспадарцы маецца нямала станоўчых момантаў у вытворчай дзейнасці, якія кожны кіраўнік можа паспяхова ўкараніць непасрэдна ў сваім сельгаспрадпрыемстве. Так, маюцца і праблемы, але  прайшоўшы абмен вопытам дазваляе аграрыям,  вобразна кажучы, паўторна не наступаць на адныя і тыя ж граблі.

Кажуць, летні дзень год корміць. Па выніках прайшоўшага мерапрыемства бачна, што сельгасвытворцы раёна цвёрда кіруюцца гэтым правілам, таму і маюць нямала добрых вынікаў.

Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.