Цяжэе “Прыазёрскі” каравай

Цяжэе каравай3Цяжэе каравай2Цяжэй каравай1У такі напружаны для вяскоўцаў час жніва ў жыцці галоўнага агранома акцыянернага таварыства “Прыазёрскае-Агра” Івана Алесіча надарылася важная падзея. Днямі ён адзначыў шасцідзесяцігадовы юбілей. З гэтай датай Івана Рыгоравіча  шчыра і цёпла павіншавалі не толькі калегі-спецыялісты гаспадаркі, але і першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Мікалай П’яўко, і прафсаюзны лідар работнікаў АПК раёна Уладзімір Цімашчэня. Кіраўнікі аграрнай галіны раёна ўручылі Івану Алесічу заслужаныя ўзнагароды: Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў, падзячны ліст ад упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, а таксама райкама прафсаюза і каштоўны падарунак.

Такая пашана  тэхнолагу палёў  сельгаспрадпрыемства на раённым узроўні аказана невыпадкова. Амаль 39 гадоў Іван Рыгоравіч старанна працаваў на дабрабыт Жыткаўшчыны. Прычым увесь гэты час шчыраваў на палетках толькі адной гаспадаркі – ААТ “Прыазёрскае-Агра”. Калі Алесіч сюды працаўладкаваўся памочнікам брыгадзіра, акцыянернае таварыства тады яшчэ насіла назву “калгас імя Леніна”. Потым гаспадарка стала  сельгаскааператывам,  камунальным сельгаспрадпрыемствам, але ўсе змены ўласнасці ніколькі не ўплывалі на паўсядзённы працоўны і жыццёвы рытм Івана Рыгоравіча. Ён старанна выконваў сваё галоўнае прызначэнне селяніна  – расціў на зямлі ўраджаі розных культур.  За гэты час прайшоў усе ступені кар’ернай лесвіцы: быў аграномам-насенневодам, галоўным аграномам, дырэктарам, намеснікам кіраўніка. Цяпер зноў вярнуўся да сваёй  спецыяльнасці агранома. Абіраў яе Іван Рыгоравіч свядома. Родам ён з вёскі Тонеж Лельчыцкага раёна. Сям’я была шматдзетнай, бацькі працавалі ў калгасе. Таму з маленства хлопец навучыўся добра ўпраўляцца з гаспадаркай. Вось і вырашыў стаць аграномам.  На гэтую прафесію Іван Алесіч напачатку вучыўся ў сельскагаспадарчым тэхнікуме, а потым  у Гродзенскім сельгасінстытуце. Але ж галоўнае спасціжэнне сакрэтаў хлебаробскай справы спецыяліст атрымаў непасрэдна падчас практычнай дзейнасці на грамадскіх палетках.

— Вось такое ў мяне моцнае і доўгае зямное прыцяжэнне атрымалася ў гэтых мясцінах, — гаворыць Іван Рыгоравіч, — толькі аб тым я ніколькі не шкадую, бо ўсё склалася добра. На жыткавіцкай зямлі ўласнай працай прыносіў карысць людзям, тут жа знайшоў сваё сямейнае шчасце, разам з жонкай вырасцілі дзвюх дочак, далі ім пуцёўкі ў жыццё. Так што наракаць няма чаго, бо чалавек заўсёды пускае карані там, дзе яму добра.

Дарэчы, своеасаблівы падарунак на юбілей свайму тэхнолагу палёў зрабілі і мясцовыя камбайнеры, якія намалацілі першую тысячу тон збажыны новага ўраджаю. Усяго ж у акцыянерным таварыстве мяркуюць сёлета атрымаць валавы збор зерня не меней як пяць тысяч тон.

— Для гэтага ў нас ёсць усе падставы, — расказвае галоўны аграном сельгаспрадпрыемства. — Ураджай выспеў добры, з кожнага гектара намалочваем па трыццаць цэнтнераў. Гэта на працэнтаў трыццаць больш чым было летась, ды і пад каласавымі плошчы ў нас цяпер значна пашырэлі ў параўнанні з мінулым годам.

Уборачны канвеер у ААТ “Прыазёрскае-Агра” працуе бездакорна. Яшчэ няма і сямі гадзін раніцы, а мясцовыя камбайнеры ўжо знаходзяцца на машынным двары. Да выхаду на палеткі яны пільна аглядаюць кожны вузел сваіх “стэпавых караблёў”, выпраўляюць выяўленыя непаладкі, ачышчаюць агрэгаты ад пылу і пажніўных рэшткаў, што накапіліся за мінулы дзень працы.

— На жніве ў нас задзейнічаны пяць камбайнаў КЗС-1218, — расказвае дырэктар сельгаспрадпрыемства Сяргей Макарэвіч. — Нагрузка на адну машыну немалая. Таму мы грунтоўна падрыхтавалі тэхніку да работы, падабралі надзейных і спрактыкаваных механізатараў. Упэўнены, што з усімі аб’ёмамі яны справяцца паспяхова і ў сціслыя тэрміны.

Сапраўды, зараджанасць на працу ў Вячаслава Юхневіча, Аляксандра Юхневіча, Віталія Купрацэвіча, Аляксандра Саўчыца, Мікалая Юхневіча (на здымку) і Аляксандра Купрацэвіча даволі вялікая. Разумеюць, якая адказнасць на іх ускладзена. Таму, як адзначыў дырэктар акцыянернага таварыства Сяргей Макарэвіч, камбайнераў нават познім вечарам надзвычай складана адарваць ад працы, кожны імкнецца выдаць як мага большую колькасць зерня.

— Колас добра сёлета наліўся, — дзеляцца сваімі ўражаннямі механізатары. — Палеткі чыстыя, адно задавальненне такую збажыну ўбіраць. Вось толькі б надвор’е спрыяла.

 Выдатны плён ў справе уборкі каласавых праяўляе і вадзіцель Мікалай Купрацэвіч. Не адна сотня тон збажыны дастаўлена з поля на ток гэтым рупліўцам. У многім яго поспехам спрыяе зладжаная работа загадчыка тока Алены Ахрамовіч, аператара Уладзіміра Купрацэвіча і іншых спецыялістаў зернесушыльнага комплексу. Менавіта яны хутка вядуць дапрацоўку збажыны і адпраўляюць яе ў склады на захоўванне. Дапамагаюць дарослым і шэсць вучняў Дуброўскай школы.

Не менш клопатаў у гэтыя дні і ў механізатара Сяргея Макарэвіча. У яго абавязкі ўваходзіць уборка саломы. На сваім трактары ў счэпе з сучасным прэсам-абмотчыкам ён хутка падбірае залацістыя валкі саломы, выкідваючы пасля сябе адразу па два рулоны.

Спраў у працаўнікоў ААТ “Прыазёрскае-Агра” нямала, але гэтыя клопаты радасныя і настройваюць на аптымістычны лад: будзе гаспадарка з вялікім ураджаем.

Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.