Справы яе жыцця

зина барунНа долю Зінаіды Барун выпала шмат выпрабаванняў. Дзякуючы свайму працалюбству жанчына заўсёды выходзіла з іх пераможцай, пры гэтым ніколі не страчвала ўласцівыя ёй душэўную дабрыню, спагаду і высакароднасць духу. Менавіта гэтыя якасці і дапамаглі годна прайсці сваёй  жыццёвай дарогай, даўжынёй у дзевяноста гадоў. Менавіта  такі ганаровы і салідны юбілей адзначае 20 жніўня Зінаіда Сямёнаўна.

Шырокі дагледжаны агарод, прасторны прыбраны  і расквечаны рознакаляровымі кветкамі двор,  акуратны драўляны домік, іншыя пабудовы – ўсё гэта сядзіба Зінаіды Барун. Добра было відаць, што гаспадыня тут жыве руплівая, якая любіць, каб паўсюдна панаваў парадак. Таму не пакідала адчуванне, што зроблена тут усё з вялікай любоўю і на доўгія гады.

– Зразумела, сіла цяпер не тая, якая была ў маладосці, – расказвае пажылая жанчына. – Усё, што цяпер маецца на гэтым падворку, нажыта штодзённай працай мазалёвай:  разам з мужам  будавалі дом, кожны кавалачак зямлі на агародзе перабраны не аднойчы ўласнаручна, адным словам, пакладзена здароўя нямала. Цяпер больш сядзібай і агародам унучка займаецца, але і сама яшчэ імкнуся папрацаваць, дапамагчы ёй. Такое вялікае ад гэтага задавальненне атрымліваю, такі прыліў  фізічных і душэўных сіл пасля работы, што і не адчуваеш тых пражытых гадоў.

Сапраўды, для чалавека, жыццё якога прайшло ў няспыннай і нястомнай працы, апошняя з’яўляецца найкарыснейшымі зёлкамі для паляпшэння свайго самаадчування і простага шчасця. Так, лёс не вельмі песціў Зінаіду Сямёнаўну. Нарадзілася яна ў вёсцы Востранка ў сям’і калгаснікаў.

– Якое наша было жыццё?! На калгасныя працадні бацькам амаль нічога не плацілі, таму хлеб свой надзённы здабывалі  на ўласнай гаспадарцы, –успамінае сваё маленства жанчына. – У нашай сям’і было чацвёра дзяцей – усе дзяўчаты. Таму  браліся і за жаночую, і за мужчынскую работу. Працавалі на агародзе, паслі свіней і кароў, даглядалі жывёлу, назапашвалі для яе кармы, такім чынам і выжывалі.  Часта даводзілася дапамагаць суседзям, бо ў вёсцы стараліся падтрымліваць адзін аднаго.

Невялікай аддушынай для дзяцей той пары  ў рэдкіх перапынках паміж нялёгкімі сялянскімі справамі была рачулка, куды бегалі купацца і пагуляць. Вялікай падзеяй для Зінаіды Барун стала наведванне школы. Старанна асвойвала навуку, хаця штодня для гэтага прыходзілася ад роднай вёскі  да навучальнай установы ў райцэнтры і назад пераадольваць па дзясятку кіламетраў. Да вайны паспела закончыць восем класаў. Магчыма, і падалася б вучыцца далей, але гэтым планам перашкодзіла фашысцкая навала.

– Бацьку адразу  мабілізавалі, на фронце ён і згінуў. Пазней прыйшло паведамленне, што прапаў без вестак, – з сумам у вачах гаворыць Зінаіда Сямёнаўна. – Для нас жа пачаліся  чорныя і доўгія дні акупацыі.

Зараз уражанні ад  таго ліхога часу вярэдзяць душу нялёгкімі ўспамінамі. Дагэтуль захоўвае памяць жанчыны тое, як хаваліся ў лясах і балотах ад гітлераўцаў, каб тыя не вывезлі на катаргу ў сваю Германію, як баяліся, каб ворагі не забралі з хлява апошнюю кароўку ці свінку, як палыхала пажарышча над калгаснымі пабудовамі, што падпалілі фашысты, як цяжка працавалі на лесапавале, які немцы, каб засцерагчыся ад партызан, разбівалі ўздоўж чыгункі. Тым больш радасным для вяскоўцаў быў дзень вызвалення. Толькі жыхары Востранкі сустрэлі чырванаармейцаў, мінулыя страхі развеяліся.

– Аднекуль з’явілася музыка, людзі неслі да агульнага стала сала, бульбу, хлеб, іншую простую сялянскую страву, каб пачаставаць вызваліцеляў, – расказвае юбіляр. – Столькі радасці было, што перажылі такі ліхі час.

Праз месяц пасля вызвалення Зінаіда Сямёнаўна пайшла на свой сталы хлеб, вучыцца далей не мела магчымасці, уладкавалася ў Жыткавіцкі лясгас статыстам. Потым стала бухгалтарам лясніцтва, па гэтай жа спецыяльнасці працавала ў мясцовай МТС. Хаця і не было патрэбнай адукацыі, але жанчына самастойна ўдасканальвала свае прафесійныя навыкі, пастаянна наведвала курсы павышэння кваліфікацыі. І варта сказаць, дасягнула вышынь майстэрства ў абранай справе. На заслужаны адпачынак яна пайшла з пасады бухгалтара  раённага аддзела сацыяльнага забеспячэння насельніцтва толькі ў 1986 годзе. Шмат падзячных лістоў мае Зінаіда Барун за сваю працу  ад кіраўніцтва, а таксама ўзнагароджана медалём “За доблесную працу” і знакам “Ударнік дзясятай пяцігодкі”.

У Жыткавічах Зінаіда Сямёнаўна знайшла не толькі сваё прафесійнае прызванне, але і сямейнае шчасце. Выйшла замуж, нарадзіла і выхавала дзвюх дачок, якія падаравалі ёй чатырох унукаў, а апошнія – чатырох праўнукаў.

– Мы ўсе вельмі шчаслівыя, што ў нас ёсць такая прыгожая, працавітая, пяшчотная і спагадлівая маці, – гаворыць дачка Валянціна. – Яна вырасціла нас, дала пуцёўкі ў жыццё. І няхай часам праяўляла да  дзяцей строгасць, але заўсёды была справядлівай, вучыла нас, што ў жыцці нічога і ніколі немагчыма дабіцца без старання і працы. І мы цяпер удзячны ёй за такую карысную і патрэбную навуку.

Дзевяностагадовы юбіляр лічыць сябе шчаслівым чалавекам, бо сваёй працай прыносіла карысць людзям, радуе жанчыну і радня. Таму са свайго доўгага і няпростага жыцця робіць адну выснову – яно прайшло не дарэмна.

Сяргей Белка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.