Жыццё ў каханні

ЕвдокимцевыЕвдокимцевы1Паўвека разам у шчасці дружна прайшлі па жыццёвай дарозе муж і жонка Еўдакімцавы з вёскі Пагост. Сваё залатое вяселле Валерый Паўлавіч і Людміла Сямё-наўна адзначаць трыццатага ліпеня.

Лёс іх звёў у горадзе Смаленску. Валерый –  перадавік аднаго з мясцовых прадпрыемстваў  прамысловага будаўніцтва, камуніст, разам са сваім сябрам красавіцкім надвячоркам  вырашылі наведацца ў адзін з інтэрнатаў да дзяўчат. Так сталася, што трапілі ў пакой, дзе з сяброўкамі пражывала Людміла. У яе на той час справы складваліся не так паспяхова. Дзяўчына праваліла экзамены ў інстытут. Дадому вяртацца саромелася, таму, каб мець дах над галавой і сродкі для існавання, пайшла працаваць будаўніком.  Але не гэтая гісторыя ўразіла юнака. Яго сэрца затрапятала ад незвычайнай прыгажосці паляшучкі – закахаўся ў яе з першага погляду. Наступным вечарам  Валерый  запрасіў людмілу ў кіно і на іх першае спатканне. Так  паміж імі  і зарадзілася вялікае каханне, якое  з гадамі толькі мацнела.

Рамантычныя адносіны хлопца з дзяўчынай развіваліся імкліва. Праз месяцы тры Валерый зрабіў каханай прапанову стаць яго жонкай. Пра сваё вяселле Валерый Паўлавіч і зараз успамінае з такімі падрабязнасцямі, нібы яно адбылося не пяцьдзясят гадоў назад, а толькі ўчора.

— Вяселле ў нас было камсамольскім. Рэгістравалі шлюб у Палацы чыгуначнікаў, — расказвае мужчына. — Мне як добраму работніку дырэктар прадпрыемства выдзеліў службовую “Волгу”, на якой мы ехалі ў ЗАГС. Гасцей  сабралася чалавек сорак. Урачыста было на свяце, весела.

Але трываласць саюза Еўдакімцавых  адметная не пышным вяселлем, а правяралася і гартавалася звычайнымі буднямі. Усякае было на гэтым няпростым шляху, але падтрымка і ўзаемапавага адзін да аднаго дапамагалі пераадольваць складанасці. Людміла ў любы час магла абаперціся на своечасова падстаўленае плячо Валерыя. Пасля вяселля ён дапамог ёй працаўладкавацца на тое ж прадпрыемства, дзе шчыраваў сам. Увогуле, многія гады яны, ніібы нітка за іголкай, былі разам не толькі ў асабістых адносінах, але і ў працы. З нараджэннем першынца Еўдакімцавым выдзелілі маласямейку. Але нядоўга цешыліся маладыя бацькі гэтым жыллём, пераехалі ў Жыткавічы.

— Жонка ў дэкрэтным водпуску паехала з дзіцём да бацькоў. Я ж вырашыў іх праведаць, — гаворыць Валерый Паўлавіч. — І мне настолькі спадабалася тут, што засталіся назаўсёды.

Менавіта Жыткавічы для Валерыя Паўлавіча і Людмілы Сямёнаўны сталі той мясцінай, дзе прайшлі і праходзяць найлепшыя гады іх сумеснага жыцця. Працай мазалёвай на розных будаўнічых аб’ектах Еўдакімцавы здабылі сабе заслужаны аўтарытэт. Заўсёды муж і жонка былі ў перадавіках вытворчасці.  Каб дабівацца кар’ернага росту, Людміла Сямёнаўна закончыла тэхнікум. Медаль “Ветэран працы”, якой узнагародзілі жанчыну, найяскравей сведчыць аб яе стараннасці і працавітасці. Не цураліся муж і жонка і грамадскай дзейнасці. Асабліва ў гэтым вызначыўся Валерый Паўлавіч, які пастаянна абіраўся калегамі па рабоце ў прафсаюзны актыў. Удзельнічаў мужчына і ў мастацкай самадзейнасці. Але за справамі на карысць дзяржавы Еўдакімцавы не забываліся і аб сваіх уласных, сямейных. Хаця з жыллём дапамагла дзяржава, але рамонт у ім вялі ўласнымі рукамі. Нарадзілі муж і жонка яшчэ адну дачушку.

Ажыццявілі разам Еўдакімцавы і сваю запаветную мару аб дачы. На выдзеленым участку ў вёсцы Пагост збудавалі прыгожы домік, узвялі іншыя гаспадарчыя памяшканні. Менавіта зараз там і пражываюць. Але не сядзяць склаўшы рукі, абрабляюць агарод. Людміла Сямёнаўна разводзіць на падворку кветкі. Дарэчы, пасля выхаду на пенсію яна доўгі час была актыўнай удзельніцай мясцовага самадзейнага фальклорнага калектыву.

Працяг свайго шчасця муж і жонка Еўдакімцавы бачаць ва ўласных дзецях. Дзвюх дочак вырасцілі і вывучылі. Цяпер яны радуюць бацькоў сваімі поспехамі. Валерый паўлавіч і людміла сямёнаўна ўдзячны ім за чатырох унукаў. Усіх з нецярпеннем чакаюць на сваім залатым вяселлі. Але самым жаданным госцем на гэтай урачыстасці будзе пакуль адзіная праўнучкка, якую прабабуля і прадзядуля ўбачаць упершыню, бо тая толькі нядаўна нарадзілася, але ўжо любяць яе ўсёй душой. Быць каханымі і кахаць, любімымі і любіць – вось галоўны прынцып  сям’і  Еўдакімцавых, па якім яны ў сваіх адносінах жывуць многа гадоў.

Сяргей БЕЛКА.

Фота з сямейнага архіву.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.