Жыве родная вёска

Нашы традыцыі РыдчаДругі год вёска Рыдча спраўляе свой дзень нараджэння. Сёлетняе свята сабрала яшчэ больш гасцей.

У Рычоўскім сельскім Савеце гэта самы маланаселены пункт, тут налічваецца каля 60 чалавек. Улетку вясковыя вуліцы поўняцца яшчэ і гарадскім людам, што прыязджае да сваякоў на канікулы ці ў водпуск, каб сустрэцца са сваёй радзімай. Гэта самы спрыяльны час для аб’яднання пакаленняў, вырашыў стараста  вёскі Мікалай Балбуцкі і зноў арганізаваў свята. Атрымалася яно досыць вясёлым, нават хмары, што пагражалі дажджом, разбегліся.

Пад час афіцыйнай часткі мерапрыемства старшыня мясцовага сельвыканкама Віталь Бакуновіч павіншаваў прысутных з урачыстасцю, пажадаўшы рыдчанам здароўя і дабрабыту, а потым разам са старастам уручыў граматы, падзячныя лісты і невялікія падарункі тым вяскоўцам, што вызначыліся ў розных накірунках жыццядзейнасці. Так, Ганне Мажацы дзякавалі за нараджэнне і выхаванне 9 дзяцей, як руплівых працаўнікоў віталі Фёдара Косача, Марыю Косач, Вольгу Радзіёнаву. Не забыліся и пра гаспадароў дагледжаных сядзіб – сям’ю Івана і Кацярыны Чыкіды, Надзеі Даніленкі і Васіля Вярэніча. Адзначылі і самага маленькага  жыхара — Настачку Рамановіч. За выдатнае абслугоўванне ўзнагародзілі прадаўца аўтамагазіна Таццяну Бараноўскую, а зямлячцы Ніне Санец, што прыехала з горада Ціхвіна Ленінградскай вобласці, прысвоілі званне ганаровага грамадзяніна Рыдчы, падкрэсліўшы тым самым яе дабрачынную дзейнасць па падтрымцы маламаёмасных рыдчан.  За ініцыятыву і актыўную грамадзянскую пазіцыю грамату атрымаў стараста Мікалай Балбуцкі.

Увесь час добры настрой вяскоўцам стваралі самадзейныя калектывы з Рычова, Запясочча і Буразі. Пад гармонік и выдатныя песні многія дарослыя кружыліся ў танцы, апладзіравалі жартоўным маналогам артыстак-выступоўцаў, а дзятва весялілася на батуце, што спецыяльна прывезла КУКП «Жыткавічыкінавідэасетка». Працаваў выязны гандаль, для гасцей арганізавалі шашлыкі ды палескую юшку. “Добра што і ў нашу маленькую вёску прыйшло свята”, — удзячна казалі, разыходзячыся па хатах, людзі.

Святлана Шакалян.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.