Ад родных ніў, ад роднай хаты…

ад родных нив1ад родных нивПрыгажосць і непаўторнасць іх саматканых посцілак і ручнікоў, вязаных рэчаў, расквечаных узорамі вышыванак, вырабаў з саломы, выцінанак і іншых шадэўраў традыцыйных рамёстваў даўно ацанілі не толькі жыхары роднай Жыткаўшчыны, але і многіх гарадоў Беларусі, і нават сталіцы Расійскай Федэрацыі. Увесь гэты скарб не дастаны з нейкай бабулінай скрыні, а выраблены дзякуючы творчай фантазіі і майстэрству трох спецыялістаў і іх выхаванцаў з раённага цэнтра рамёстваў, які прапісаўся ў аграгарадку Азяраны.

Д

ырэктар Таццяна Маркевіч, майстры-метадысты Хрысціна Маркевіч і Ніна Маркевіч, а таксама з паўсотні іх вучняў – гэта і ёсць увесь калектыў вышэйзгаданай установы культуры. Пасляабедзены час – самы разгар жыцця цэнтра рамёстваў. Менавіта ў такую пару сюды прыходзяць хлопчыкі і дзяўчынкі з аграгарадка і навакольных вёсак, каб уласнаручна дакрануцца да народных традыцый. Майстры цярпліва тлумачаць сваім выхаванцам, як правільна працаваць з кроснамі, пра розныя тэхнікі вышыўкі і працу з саломкай, паперай.  Кожнае дзіця выбірае сабе гурток па густу. Іх тут нямала: “Фантазёры”, “Умелыя рукі”, “Кружаўніца”, “Чароўная нітка”. Заняткі ў групах прыцягваюць маладых тым, што яны могуць уласнаручна зрабіць цудоўныя рамесленныя вырабы, якія можна падараваць маці, радні, блізкім людзям. І свеццяцца вялікай радасцю вочы дзяцей, калі  яны заканчваюць чараваць над чарговай рэччу, у якую ўкладзена шмат працы, цеплыня рук і часцінка душы. Без гэтага, як лічыць дырэктар цэнтра рамёстваў Таццяна Маркевіч, немагчыма дабіцца поспеху і ўдасканаліць уласнае майстэрства.

– Майстры мы маладыя, таму самі не толькі вучым, але і вучымся, – расказвае Таццяна Сяргееўна. – У гэтым нам дапамагаюць ткачыхі і вышывальшчыцы з вёсак. З гэтай мэтай пастаянна робім своеасаблівыя экспедыцыі, падчас якіх даведваемся многа новага пра тое, як нашы бабулі і прабабулі ткалі, вышывалі, вязалі, якія незвычайныя ўзоры выводзілі.

Сярод кансультантаў-спецыя-лістаў Азяранскага цэнтра рамёстваў такія прафесіяналы ў старадаўніх традыцыях і рамёствах як Марыя Меляшчэня, Ганна Зохна, Ганна Карась, Соф’я Чэчка, Яўгенія Касцянка, Надзея Пяшэвіч, Ніна Кузьміч, Кацярына Панчэня, Хіля Меляшчэня, Марына Вараб’ёва і іншыя. Дарэчы, апошняя майстрыха сама стаяла ля вытокаў дзейнасці ўстановы. Падчас такіх наведванняў былі набыты цікавыя ўзоры для ткацтва, старадаўнія карціны, вышытыя крыжам, у Старажоўцах – прыстасаванні для кроснаў, у вёсцы Знаменка знойдзены старыя вышытыя на палатне сарочкі. І такія рэчы беражна захоўваюцца ў цэнтры, некаторым з іх больш за паўстагоддзя.

– Канечне, цяпер усё складаней становіцца вышукваць такія рарытэты, – кажа Таццяна Маркевіч, – але яны так неабходныя для працы. Мы імкнемся, каб нашы вырабы захоўвалі тую старадаўнюю традыцыю, каб яе магла адчуць і ацаніць моладзь.

Увогуле, калі казаць пра развіццё рамесніцтва ў нашым рэгіёне на сучасным этапе, то Жыткаўшчыне вельмі пашанцавала.

– На цяперашні час у раёне налічваецца 189 майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, – прыводзіць статыстыку дырэктар раённага цэнтра фальклору Марына Царыкевіч. – Прычым, даўнія рамёствы паспяхова развіваюцца як у горадзе, так і сельскай мясцовасці. Найбольш пашыраныя з іх разьбярства па дрэве (90 майстроў), ткацтва (23 чалавекі), вышыўка (84), выбіванне іголкай (6), бортніцтва (6 умельцаў). Таксама развіты бісера- і лозапляценне, макрамэ, квілінг, фларыстыка, дэкупаж, габелен, мяккая цацка і іншыя.

Радуе, што ў гэтай колькасці носьбітаў старадаўніх і сучасных промыслаў маецца нямала маладых людзей. А гэта сведчыць, што традыцыі жывуць і паспяхова перадаюцца нашчадкам.

Сяргей БЕЛКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.