Міхаіл Фінберг: “Такой шчырасці, як у малых гарадах, не сустрэнеш нідзе”

финбергСпатканне з высокім мастацтвам у чарговы раз падараваў жыхарам і гасцям Турава Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам заслужанага артыста краіны,  прафесара Міхаіла Фінберга. Знакаміты калектыў з поспехам прэзентаваў свята камернай і духоўнай музыкі “Тураў-2016”.

З культурна-асветніцкай місіяй сталічныя артысты прыязджаюць да нас ўжо дванаццаты год запар. Па склаўшайся завядзёнцы канцэртам аркестра заўсёды папярэднічае майстар-клас для выкладчыкаў і выхаванцаў Жыткавіцкай школы мастацтваў і прэс-канферэнцыя маэстра. Не адступілі ад традыцыі і на гэты раз. “У неабсяжным свеце беларускай музыкі”, выступленне пад такой назвай інструменталісты сімвалічна прысвяцілі памяці нашага земляка, вядомага кампазітара Уладзіміра Будніка, імя якога носіць ДШМ раённага цэнтра.

І да тураўскай інтэлігенцыі Міхаіл Якаўлевіч завітаў у добрым настроі, дзяліўся уласнымі ўспамінамі пра вядомых выканаўцаў і спевакоў, разважаў аб стане сучаснага музычнага мастацтва, ахвотна адказваў на пытанні. У прыватнасці, вось як выказаўся прафесар Фінберг пра

Год культуры

— Не трэба думаць, што культура — толькі песні ці танцы. Гэтым яна не абмяжоўваецца. Важна, каб чалавек паводзіў сябе культурна ў сваёй кватэры, пад’ездзе, каб панавала культура вытворчасці. Дарэчы, прыгожыя вуліцы Турава — таксама культура. Разам з тым, трэба прызнаць, што сёння ў мастацтве існуе пэўны крызіс, нам не хапае сапраўдных прафесіяналаў. Многіх найперш цікавяць грошы, а не творчасць. Светам правіць “фанера”, гэта недапушчальна. Я ведаю шмат музычных калектываў, ім прысвойваюць званні, а яны іграюць толькі пад фанаграму. Трэба шмат працаваць над сабой, заставацца музыкантамі высокага ўзроўню, тады людзі будуць адчуваць, што ты не фальшывы.

Любоў да Радзімы

— Я рады, што жыву ў Беларусі. Шчыра люблю сваю краіну і яе людзей. Бываючы ў камандзіроўках, бачу, што землякам-беларусам не заўсёды проста і лёгка, але яны стараюцца годна жыць. А такой шчырасці як у малых гарадах больш нідзе не сустрэнеш. Сталіцу цікавіць, колькі ты зарабіў і дзе што купіў, а вяскоўцы найперш спытаюць, можа вам бульбы зварыць? Трэба гэта цаніць і плаціць слухачам усёй дабрынёй і павагай. Мы нездарма шмат выступаем у правінцыі: за 22 гады правялі больш за 200 фестываляў у малых гарадах, далучаючы іх жыхароў да сапраўднага мастацтва. Паднялі беларускае музычнае мастацтва, пачынаючы з 18 стагоддзя. Мы вяртаем з небыцця імёны знакамітых продкаў, каб людзі ведалі і помнілі іхні ўнёсак. І я вельмі ўдзячны кіраўніцтву аблвыканкамаў, раённых уладаў за падтрымку культуры.

Свой аркестр

— У мяне вялікі калектыў — 244 чалавекі. Сёлета аркестру спаўняецца 30 гадоў. Наш графік распісаны на 2017 год, працуем ужо над праграмамі 2018-га. Галоўнае патрабаванне да артыстаў — дысцыпліна. За спазненне музыкант дэпрэміруецца на паўтара мільёна рублёў. У мяне няма ў гэтым сэнсе прэтэнзій да іх. На другім месцы стаіць высокі прафесіяналізм. У аркестры 72 працэнты інструменталістаў маюць аспірантскую адукацыю. Кожны яго ўдзельнік імкнецца да пастаяннага павышэння кваліфікацыйнага ўзроўню. І па-трэцяе, трэба быць сапраўдным грамадзянінам сваёй Бацькаўшчыны. Дадам, што ў нас ніколі не было райдэра, не люблю нават гэтае слова. Але я ведаю шматлікіх прайдзісветаў, якія ў нотах не разбіраюцца, а туалетную паперу патрабуюць пэўнага колеру.

Надыходзячы юбілей

— Не трэба кічыцца юбілеямі. (У наступным лютым М. Фінбергу спаўняецца 70 гадоў). Трэба ўсё рабіць па-прастому. Я вырашыў — і вам першым гавару пра тое публічна — адзначыць свой дзень нараджэння ў родных Мялешкавічах, што у Мазырскім раёне. Успомніць бацькоў, якія былі простымі людзьмі: мама — прачка, тата — рабочы. Пабыць сам-насам. Гэта, лічу, найважней. Ну, і яшчэ ёсць шмат творчых планаў. Галоўнай у маім жыцці была і застаецца музыка.

 

Вялікі класічны канцэрт, які прагучаў са сцэны гарадскога Дома культуры, Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі прысвяціў слыннаму старажытнаму гораду і яго жыхарам. Прайшло выступленне пры поўным аншлагу. Шмат удзячнай публікі сабралі артысты і ўвечары на Замкавай гары, дзе гучалі эстрадныя творы ў выкананні салістаў, лаурэатаў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў.

Святлана Шакалян

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.