Не зарасце да бібліятэкі сцежка

Струк туровСемьдзясят працэнтаў жыхароў Турава карыстаюцца паслугамі мясцовай бібліятэкі. Свой гістарычны адлік яна бярэ з 1920 года, а фактычна кніга шанавалася ў старажытным горадзе яшчэ  з часоў асветніка Кірылы.

— Сёння чытачамі бібліятэкі з’яўляюцца 2100 чалавек, паўтысячы з якіх — школьнікі. Самаму малодшаму — 6 гадоў, найстарэйшаму споўнілася 97, — расказвае бібліятэкар Таццяна Струк. — Калі ўявіць сабе сярэдні партрэт нашага наведвальніка, гэта будзе жанчына ва ўзросце 45-55 гадоў, з сярэдне-спецыяльнай адукацыяй, якая прыходзіць за кнігамі раз на месяц, бярэ на дом не менш за 6-7 экземпляраў розных выданняў. У яе фармуляры пераважна часопісы, дэтэктывы і раманы.

Улетку колькасць чытачоў павялічваецца за кошт прыезжых унукаў і адпуснікоў. Прыходзяць за літаратурай у Тураў і жыхары суседніх вёсак. Бібліятэка налічвае 22 тысячы адзінак кніжнага фонду і 60 найменняў перыядычных выданняў. Яе супрацоўнікі вядуць рознапланавую культурна-масавую дзейнасць, прымаюць удзел ва ўсіх гарадскіх святах. Мясцовая  інтэлігенцыя з задавальненнем збіраецца ў сценах чытальні на пасяджэнні аматарскага аб’яднання “Здароўе”, а дзятва наведвае эколага-краязнаўчы клуб “Вясёлка”.

На думку Таццяны Міхайлаўны, якім бы імклівым ні быў час, сцежка да бібліятэк не зарасце ніколі. Мажліва яны трансфармуюцца ў нейкія культурна-інфармацыйныя цэнтры ці іншыя падобныя ўстановы, дзе галоўнае месца ўсё роўна будзе адведзена яе вялікасці кнізе, якая без перабольшвання застаецца крыніцай ведаў і вялікім выхавальнікам чалавечай душы.

Святлана Шакалян

На здымку: бібліятэкар Таццяна Струк з падарункам ад Банка развіцця – ілюстраваным альбомам “Тураўская рапсодыя”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.