Сустрэча з паэзіяй

библиотека1Цікава і з карысцю правялі суботні дзень вучні СШ№2 г. Турава.

17 верасня ў сценах школы адбылася творчая сустрэча з паэтам Міхасём Мамонькам. У кабінеце беларускай мовы і літаратуры, дзе прайшло мерапрыемства, не было вольнага месца. Тут сабраліся вучні, якія хацелі на свае вочы ўбачыць жывога пісьменніка, задаць пытанні і папрасіць аўтограф на памяць.  Міхась Паўлавіч нарадзіўся ў прыгожым Нёманскім краі ў 1929 годзе. Вучыўся ў Нясвіжскім педвучылішчы, завочна скончыў Баранавіцкі настаўніцкі інстытут. З 1950 года настаўнічаў на Міршчыне да выхаду на пенсію.Там і пражываў дзясяткі год. Але жыццёвыя абставіны склаліся так, што ў сталым узросце ён вырашыў пасяліцца ў нас, у Тураве.

М. Мамонька — член Саюза пісьменнікаў, аўтар зборнікаў паэзіі “Далечыня”, “Тварам да сонца”,  “Колер світання”, “Слёзы на каменні”; друкуецца ў газетах “Новае Палессе”, “Літаратура і мастацтва”, беларускіх часопісах.

Вучні літаральна “закідалі” паэта пытаннямі. Ім было цікава ведаць, у якім узросце ён пачаў пісаць вершы, як адбываецца  працэс стварэння лірычных твораў, якім быў першы верш і многае іншае. Затым, як і трэба на творчай сустрэчы, аўтар фатаграфаваўся з маладымі прыхільнікамі паэзіі. Тыя, хто не чытаў твораў М. Мамонькі, маглі пазнаёміцца з імі на выставе, якая была арганізавана ў кабінеце. Падчас знаёмства са сваёю паэтычнай творчасцю аўтар чытаў лірычныя вершы, напоўненыя любоўю да роднай зямлі, хваляваннем за лёс сучаснай вёскі і яе жыхароў. Не абышлі ўвагай і вершы інтымнай лірыкі, тым больш, што паэта суправаджала Кацярына Карнееўна, яго верны паплечнік і муза.

Напрыканцы сустрэчы вучні выказалі словы ўдзячнасці за тое, што паэт знайшоў час прыйсці да нас у госці, расказаў пра сваё жыццё і пра сваю творчасць.

Безумоўна, сустрэча з такім цікавым чалавекам надоўга запомніцца юным чытачам.

Т. Зямлянік,

настаўніца беларускай мовы і літаратуры

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.