Паважай сваё, каб іншыя паважалі

нашы традыцыи3нашы традыцыи2нашы традыцыи1Самабытнае беларускае свята зладзілі на сцэне гарадскога цэнтра культуры ўдзельнікі раённага этапа абласнога конкурсу дзіцячых фальклорных калектываў “Шануем спадчыну сваю”. Беларусь мае ўласную гісторыю і непаўторную культуру, якая жыве і сілкуе народ, бо закладзена ў яго генетычным кодзе.
Усё, што напрацавана нашымі продкамі, не павінны забываць сучаснікі. Традыцыі свайго краю трэба ведаць і папулярызаваць, абуджаючы ў людзей нацыянальны гонар і пачуццё патрыятызму. Ніхто не будзе спрачацца, наколькі важна рабіць гэта з самага маленства, са школьных гадоў.
Колькі выдатных нумароў паказалі за дзве гадзіны ўдзельнікі конкурсу. Спявалі і танчылі, радавалі інструментальнымі творамі, забаўляліся нацыянальнымі гульнямі і паказвалі шэраг старажытных абрадаў. Хлопцы і дзяўчаты не саромеючыся і карагод вадзілі, і комін жанілі, а яшчэ хадзілі ў сваты, багач спраўлялі, дажынкі і ўваходзіны. Гэтыя святы яшчэ помняць іхнія бацькі, якія бачылі, як замаўлялі на добры ўраджай і шчаслівую долю прашчуры. А сёння традыцыю падхапілі нашчадкі. Як прыемна было чуць з дзіцячых вуснаў прыгожую родную мову, дасціпны жарт ці спрадвечную “Купалінку”. Надавалі выступленням каларыт нацыянальныя ўбранні і прылады, сцэнічныя інтэр’еры беларускай хаткі ці стылізаванае жытнёвае поле. Шкада, што гледачамі дзейства былі толькі ягоныя ўдзельнікі – гэта было варта вялікай аўдыторыі.
Конкурс “Шануем спадчыну сваю” арганізуе раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Ладзіцца ён раз у два гады і мае на мэце захаванне рэгіянальных і мясцовых традыцый мастацкай культуры, яе пераемнасці, далучэнне вучняў да фальклору. Сёлета на ўдзел ў творчым спаборніцтве ўстановы адукацыі падалі 14 заявак. У чатырох з шасці прапанаваных намінацый выступіла звыш паўсотні вучняў. Пасля конкурснага прагляду журы, якое прадстаўлялі работнікі адукацыі і культуры, падсумавала вынікі. Найвышэйшую адзнаку атрымалі артысты з Хлупінскага дзіцячага сада-базавай школы, якія выступілі з каляндарна-земляробчым святам “Дажынкі”. Першага месца таксама ўдастоены сольныя выканаўцы – Марыя Багай, вучаніца Запясоцкага дзіцячага сада-базавай школы і Андрэй Дарошка з Тураўскай сярэдняй школы №2.
Гэтыя пераможцы раённага этапа са сваёй праграмай другога снежня адправяцца на занальны тур конкурсу, а потым, будзем спадзявацца, Жыткавічы выйдуць і на вобласць.
Святлана Шакалян
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.