На роднай ніве і багатае жніва

пьявкоПрафесійнае свята для працаўнікоў кожнай галіны з’яўляецца своеасаблівым рубяжом для таго, каб падсумаваць вынікі сваёй дзейнасці. Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК аб здабытках аграрыяў Жыткаўшчыны карэспандэнт “Новага Палесся” гутарыць з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам райсельгасхарчу Мікалаем П’яўко.
— Якіх аб’ёмаў вытворчасці дасягнула сельскагаспадарчая галіна раёна сёлета за дзесяць месяцаў?
— На Жыткаўшчыне з пачатку бягучага года ў грамадскім сектары сельгаспрадукцыі атрымана на 51,6 мільёна рублёў. Валаўтваральнымі з’яўляюцца такія гаспадаркі як ААТ “Тураўшчына”, “Прыазёрскае-Агра” і “Дзякавічы”, “Людзяневічы”, а таксама КСУП “Коленскае”. Дарэчы, першыя з пералічаных гаспадарак забяспечылі і найбольшы рост валавай прадукцыі ў параўнанні з леташнім.
— Доля раслінаводства складае больш за палову ў валавай вытворчасці сельгаспрадукцыі раёна. З якімі вынікамі земляробы завяршаюць год?
— Так, прадукцыя палёў у агульным аб’ёме сёлета займае 56,2 працэнта. Безумоўна, бягучы год быў не самым лепшым па намалоту збожжа. Аднак, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, у раёне сабраны нядрэнны ўраджай зерня, з улікам кукурузы 50,7 тысячы тон, пры ўраджайнасці 40,2 цэнтнера з гектара. У такіх гаспадарках як ААТ “Тураўшчына” і СГ М.Р. Шруба кожны гектар аддзячыў мясцовым хлебаробам адпаведна 83,7 і 82,8 цэнтнера з гектара. Больш як па трыццаць цэнтнераў намалацілі з гектара працаўнікі аддзялення Хлупін РСУП “Агра-Ляскавічы”, ААТ “Жыткавічыхімсервіс” і КСУПа “Бялёў”.
Сапраўдны прарыў зроблены ў агародніцтве. Накапана бульбы 6291 тона (больш да леташняга на 31,3 працэнта), вытворчасць гародніны вырасла ўвогуле на 65 працэнтаў і дасягнула амаль 15 тысяч тон. Асноўнымі вытворцамі гэтай прадукцыі традыцыйна застаюцца ААТ “Тураўшчына” і сялянская гаспадарка М.Р. Шруба.
Назапашана ўсіх відаў кармоў у разліку на адну ўмоўную галаву па 36,8 цэнтнера кармавых адзінак. Прырост забяспечылі ў гэтай дзейнасці ўсе гаспадаркі, але найбольшы ён у ААТ “Тураўшчына”, “Людзяневічы”, КСУПах “Чырвоны Бор” і “Коленскае”.
— Моцная кармавая база – гэта першая ўмова для паспяховай працы ў жывёлагадоўлі. Наколькі плённа складваецца год для спецыялістаў грамадскіх ферм?
— Не буду хаваць свайго задавальнення ад тых вынікаў, што маем у жывёлагадоўлі. Прырост па вытворчасці і рэалізацыі малака чатыры працэнты ў параўнанні з такім жа перыядам мінулага года. За дзесяць месяцаў валавы надой ужо складае 35,8 тысячы тон, плюс 1,4 тысячы тон да ўзроўню такога ж часавага прамежку 2015 года. Цяпер ад адной каровы надоена па 4246 кілаграмаў з прыростам да мінулагодняга паказчыка 160 кілаграмаў. Найбольшая прадуктыўнасць дойнага статка дасягнута ў ААТ “Тураўшчына” – 5033 кілаграмы малака ад каровы. Але па канцу года плануем мець у сярэднім пяцітонны надой ад каровы па ўсяму рэгіёну. Найбольшую прыбаўку ў агульнараённы бідон уносяць жывёлаводы ААТ “Прыазёрскае-Агра” і “Дзякавічы”, “Людзяневічы”, “Тураўшчына” і КСУПа “Чырвоны Бор”.
Сярод іншых поспехаў жывёлаводаў трэба адзначыць, што рэалізацыя малака гатункам “экстра” павялічана на 11,1 працэнтных пункты; вырашчана буйной рагатай жывёлы 3767 тон пры сярэднясутачных прывагах 991 грам; атрымана 8808 цялят.
— Як вытворчыя здабыткі адбіліся на фінансавым стане гаспадарак?
— Выручка за дзевяць месяцаў склала 35,2 мільёна рублёў. Яна ў параўнанні з леташнім узрасла на 15 працэнтаў. Па канчатковаму выніку атрыманы прыбытак 584 тысячы рублёў з рэнтабельнасцю 1,9 працэнта. Усе гаспадаркі маюць станоўчы вынік.
— Несумненна, што за гэтымі поспехамі і перамогамі стаіць нястомная праца вялікай колькасці людзей. Чые вытворчыя дасягненні з’яўляюцца арыенцірам работы на перспектыву?
— Сапраўды, у аграрнай галіне рэгіёна працуе нямала спрактыкаваных і вопытных спецыялістаў, якім любая справа па плячы. Плённа папрацавалі на корманарыхтоўцы такія механізатары і вадзіцелі як Іван Кузьміч і Іван Мілевіч, Мікалай Блоцкі і Сяргей Белка з ААТ “Тураўшчына”, Уладзімір Шульга і Аляксандр Брынявец з КСУПа “Бялёў”, Аляксандр Макарэвіч і Сяргей Макарэвіч з ААТ “Прыазёрскае-Агра”, Дзмітрый Макарэвіч і Аляксандр Макарэвіч з КСУПа “Чырвоны Бор”, Сяргей Касцюк і Андрэй Ханеня з ААТ “Людзяневічы”, Аляксандр Дрынеўскі і Анатоль Кіслюк з КСУПа “Коленскае”. На жніве лепшыя здабыткі ў наступных камбайнераў і вадзіцеляў: Сяргея Самцова, Івана Ракаўца, Сяргея Леўкаўца, Ігара Замжыцкага, Міхаіла Акуліча з ААТ “Тураўшчына”, Аляксандра Гаўрылава, Андрэя Ачапоўскага, Аляксандра Брыняўца з КСУПа “Бялёў”, Максіма Нікіціна, Яўгена Макарэвіча з КСУПа “Чырвоны Бор”, Аляксандра Савіча, Аляксандра Купрацэвіча, Віталія Прышчыца, Мікалая Купрацэвіча, Мікалая Макарэвіча з ААТ “Прыазёрскае-Агра”, Сяргея Ахоценкі, Рамана Салаўя, Юрыя Сулкоўскага, Канстанціна Гатчэні з ААТ “Людзяневічы”, Мікалая Жука, Мікалая Хільмана, Аляксандра Трафімовіча, Сяргея Кароткага з КСУПа “Коленскае”.
Ёсць з каго браць прыклад працавітасці і самаадданасці абранай справе і ў жывёлагадоўчай галіне. Найперш хочацца назваць прозвішчы аператараў машыннага даення і работнікаў, якія заняты на вырошванні маладняку, – Наталлі Фраловай і Вольгі Канстанцінавай з ААТ “Тураўшчына”, Вольгі Паўлюшынай і Любові Макарэвіч з КСУПа “Бялёў”, Алены Купрацэвіч і Раісы Стракіс з ААТ “Прыазёрскае-Агра”, Валянціны Базько, Ліліі Аніскавец, Кацярыны Ханені, Івана Карніцкага з ААТ “Людзяневічы”, Анжэлы Кіршун, Ганны Агіевіч, Жанны Какоры з КСУПа “Чырвоны Бор”, Івана Андыка, Алены Саскевіч, Тамілы Беражной, Юліі Кужэльнай, Марыны Сакулы, Людмілы Шлягі, Алесі Арцем’евай, Алены Дрынеўскай, Марыны Булаўкі з КСУПа “Коленскае”. Менавіта руплівасць перадавікоў, а таксама кожнага кіраўніка, рабочага, спецыяліста, хто свой лёс прысвяціў нялёгкай працы на зямлі, якая не спыняецца штодня на працягу года, корміць нямала людзей у краіне і за яе межамі, здзіўляе многія народы дасягненнямі нашай сельскай гаспадаркі. Таму ўсім працаўнікам АПК раёна, ветэранам сельгасвытворчасці са словамі віншаванняў з прафесійным святам жадаю, каб ваша жыццё было такім жа багатым на любоў, шчасце, дабрабыт, здароўе, радасць, як і вашы палеткі на высокія ўраджаі.
Сяргей Белка
Фота Валянціны ПАКАРЧАК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.