Важкі колас чырванаборцаў

Канстанцін Масла, Мікалай Давідовіч, Уладзімір Віктаравіч Макарэвіч, Уладзімір Міхайлавіч Макарэвіч, Віктар Макарэвіч, Максім Нікіцін, Вадзім Літвінчук і іншыя — гэта тыя працаўнікі, якія сёлета кавалі поспех на грамадскіх збожжавых палетках сельгаспрадпрыемства “Чырвоны Бор”. І свой пачэсны хлебаробскі абавязак чырванаборцы выканалі на славу.
Асабліва пастараўся малады вадзіцель гаспадаркі Яўген Макарэвіч. Па выніках прайшоўшага жніва Яўген Анатольевіч стаў пераможцам раённага саперніцтва сярод маладых вадзіцеляў, якія былі заняты на перавозцы зерня. На сваім аўтамабілі ён даставіў на ток 892,2 умоўныя тоны збажыны. Шафёрскі стаж Макарэвіча бярэ адлік з 2000 года, калі закончыў Лунінецкі каледж сельгасвытворчасці. Праца ў рыбаводчых гаспадарках раёна, служба ў арміі – вось і ўвесь жыццёвы вопыт. Але яго недахоп Яўген Анатольевіч заўсёды кампенсаваў стараннем і высокай самааддачай на даручаных участках работы. У “Чырвоным Бары” ён працуе вадзіцелем з 2014 года і за параўнальна кароткі тэрмін уліўся ў кагорту лепшых спецыялістаў сельгаспрадпрыемства. Дарэчы, яго цэнтральная сядзіба, аграгарадок Сяменча, з’яўляецца малой радзімай Макарэвіча. Таму і шчыруе малады вадзіцель, каб прынесці больш карысці роднай зямлі. І гэта яму ўдаецца.
Важкімі былі працоўныя здабыткі і іншых камбайнераў і вадзіцеляў. Напрыклад, Максім Нікіцін, Яўген Купрацэвіч і Мікалай Давідовіч намалацілі адпаведна па 442, 437, і 336 тон каласавых, а вадзіцель Анатоль Макарэвіч з палеткаў да сушыльнага комплексу перавёз 668 тон зерня.
– Год быў надзвычай складаным па сваіх кліматычных умовах для земляробства, – расказвае дырэктар камунальнага сельскагаспадарчага прадпрыемства “Чырвоны Бор” Віктар Раковіч (на здымку). – Мінулай восенню за пасяўнымі агрэгатамі ўздымаліся хмары пылу, настолькі перасушаная была глеба. Маразы таксама не пашкадавалі нашых пасеваў, вынішчылі ўвесь рапс. Ды і каласавым часткова дасталася. Нешматлікімі ападкамі радавалі вясна і лета, а падчас жніва не раз добра-такі залівала. Толькі дзякуючы таму, што выконвалі ўсе агратэхнічныя прыёмы, строга захоўваючы тэхналогіі, ды высокай арганізацыі вытворчых працэсаў, самааддачы спецыялістаў, рабочых і ўдалося вырасціць нядрэнны ўраджай збажыны.
І гэта сапраўды так. З кожнага з 1328 гектараў, а менавіта такая ўборачная плошча зерневых і зернебабовых мелася ў гаспадарцы ў гэтым годзе, мясцовыя земляробы сабралі па 28,4 цэнтнера зерня. Агульны намалот склаў 3773,3 тоны, што хаця і ненамнога, але большы за леташні вал. Несумненна, што такая стабільная праца на збожжавым палетку земляробаў КСУПа з’яўляецца заканамерным вынікам тых перамен, што кіраўніцтвам апошнія гады ажыццяўляюцца ў агранаміі, механізацыі і іншых сферах дзейнасці, якія аказваюць непасрэдны ўплыў на аддачу раслінаводчай галіны. Таму і нядзіўна, што мясцовыя земляробы ўжо другі год запар прызнаюцца ў раёне прызёрамі працоўнага саперніцтва сярод сельгаспрадпрыемстваў на ўборцы зерневых і зернебабовых культур. У гэтым годзе яны сталі трэцімі, саступіўшы толькі працаўнікам ААТ “Тураўшчына” і КСУПа “Бялёў”.
Ганарацца чырванаборцы сёлета і яшчэ адным сваім вытворчым дасягненнем. У прыватнасці, яны здолелі стварыць трывалую кармавую базу для грамадскай жывёлагадоўлі. У гаспадарцы назапасілі на адну ўмоўную галаву па 39,5 цэнтнера кармавых адзінак фуражу. Свае старанні і прафесіяналізм да гэтай важнай справы прыклалі механізатары Андрэй Сініла, Дзмітрый Макарэвіч, Вадзім Літвінчук, Вадзім Макарэвіч, Яўген Макарэвіч і Аляксандр Макарэвіч.
Палявыя работы Ў КСУПе “Чырвоны Бор” практычна завершаны. Але і зімовую перадышку, якая ўтварылася, механізатары і паляводы гаспадаркі скарыстоўваюць з максімальнай аддачай: возяць арганіку, узнаўляюць агрэгаты, рыхтуюць насенне, выконваюць іншыя неабходныя работы, каб і ў наступным годзе чырванаборскі колас быў такім жа важкім, як і сёлета.
Сяргей Белка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.