Дарагое маё Палессе, залатая мая Масква

65 years of victory with royal shield and georgian  ribbonУ аграгарадку Ленін і навакольных вёсках жыве памяць у людзей старэйшага пакалення аб Мікалае Раеве. І хаця з таго часу, як гэты чалавек пакінуў вышэйзгаданыя мясціны, прайшоў не адзін дзясятак гадоў, людзі не забыліся пра мноства добрых і карысных спраў, якія Мікалай Пракоф’евіч зрабіў для іх краю.

Вызваленая Беларусь ад фашыстаў паціху залечвала раны, нанесеныя ёй гітлераўцамі. Адбудоўваліся гарады і вёскі, аднаўляліся разбураныя заводы і фабрыкі. Але самае галоўнае, што адчынялі свае дзверы для дзетвары школы. У 1945 годзе ў навучальную ўстанову вёскі Грычынавічы, вобразна кажучы, прама з франтавых дарог прыйшоў настаўнічаць баявы афіцэр-зенітчык. Ім быў Мікалай Раеў.  Як успамінае яго сын Генадзь Мікалаевіч, бацька да пачатку вайны закончыў Валгаградскі педінстытут, таму пасля вызвалення рэспублікі, у якім прымаў непасрэдны ўдзел, па накіраванні і апынуўся ў нашых мясцінах.

Яго жыццё з’яўляецца прыкладам служэння сваёй Радзіме. Нарадзіўся ў простай сям’і на хутары Пятроўскі, што раскінуўся ў бяскрайнім валгаградскім стэпе. Прага да навукі прывяла Мікалая ў студэнцкую аўдыторыю інстытута. Але не давялося папрацаваць па абранай спецыяльнасці настаўніка, пачалася вайна. Мікалай Пракоф’евіч адразу пайшоў на фронт. У складзе войскаў супрацьпаветранай абароны вартаваў неба над Масквой. Днём і ноччу зенітчыкі пільна сачылі, каб ні адзін варожы самалёт не змог прарвацца да сталіцы.  Кожная такая спроба фашысцкіх асаў жорстка  падаўлялася трапным агнём зенітных батарэй. У тых баях падбіты самалёт запісаў на свой рахунак і Раеў. За што быў узнагароджаны медалямі “За адвагу” і “За абарону Масквы”. За гады вайны на грудзях Мікалая Пракоф’евіча заззяе яшчэ не адна ўзнагарода. Сярод іх і медаль “За перамогу над фашысцкай Германіяй”. А колькі радасці перажыў франтавік, былы абаронца Масквы, калі яму выпаў гонар стаць удзельнікам гістарычнага параду на Краснай плошчы ў 1945 годзе. Адразу з яго Раеву прыйшлося перабудоўвацца на мірны лад. І зрабіць гэта давялося ў Палескай глыбінцы. Даспадобы яна прыйшлася яму, палюбіў і мясцовых людзей. Стараўся працаваць так, каб прынесці ім больш карысці. Таму пасля настаўніцтва ў Грычынавічах, яшчэ дырэктарстваваў у Ленінскай сярэдняй школе.

Усё сваё жыццё ён прысвяціў педагагічнай працы. На гэтай ніве вызначыўся не толькі ў Беларусі, але і Расіі, на сваёй малой радзіме, куды пераехаў. Там узначальваў пачатковую школу на хутары Увараўскі, сярэднюю – на хутары Пятроўскі.  Ганаровым званнем “Заслужаны настаўнік Расійскай Федэрацыі” гэтак адзначаны яго поспехі ў такой нялёгкай і патрэбнай для грамадства дзейнасці.

Мікалай Пракоф’евіч ніколі не парываў сувязі з нашым аграгарадком Ленін і яго жыхарамі. Заўсёды прыязджаў на святкаванне Дня Перамогі, каб ушанаваць загінуўшых у гады ліхалецця мірных людзей і воінаў. Такія сустрэчы для ветэрана Вялікай Айчыннай вайны прыносілі не толькі хвіліны смутку, але і нямала станоўчых эмоцый. Ён бачыў, як расквітнеў гэты край, як палепшылася яго жыццё. І гэты дабрабыт дасягнуты, у тым ліку, і рукамі яго былых вучняў.

Незабыўная сустрэча ў Мікалая Пракоф’евіча адбылася і з Масквой. У ліку нямногіх яе абаронцаў, якія засталіся ў жывых, Раеў быў запрошаны на святкаванне 850-годдзя сталіцы Расіі. Успаміны аб гэтай падзеі  і аб удзеле ва ўрачыстасцях у яго засталіся самыя яркія. На жаль, у 2007 годзе М.П. Раеў пайшоў з жыцця.

Кажуць, чалавек жывы датуль, пакуль аб ім памятаюць. Гэта справядлівае выказванне ў дачыненні Мікалая Пракоф’евіча.

А. Рудзінская,

старшыня ветэранскай

арганізацыі Ленінскага Савета

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.