Добрыя справы на Каляды

Дэпутаты раёна ў гэтыя святочныя дні не спыняюць сваёй дабрачыннай дзейнасці. Дзякуючы ёй многія жыхары рэгіёна, што апынуліся ў складаных жыццёвых абставінах, атрымалі ад сустрэч з народнымі абраннікамі не толькі шмат станоўчых эмоцый, але і падарункі.

Напярэдадні Каляд дэпутаты райсавета на чале з яго старшынёй Нінай Рамановіч ра-зам з прадстаўнікамі прафсаюза работнікаў дзяржаўных устаноў наведалі бальніцу сястрынскага догляду ў Жыткавічах. Гэты візіт да глыбіні душы расчуліў яе пацыентаў, старэнькіх бабуль і дзядуль,  бо ўсё мерапрыемства прайшло ў цёплай і сяброўскай абстаноўцы. Таму адзінокія пажылыя людзі апынуліся нібы ў сапраўднай казцы. Хораша на гармоніку для іх іграў Дзед Мароз, і спявалі песні Снягурка і казачныя героі. Іх ролі па-майстэрску выканалі артысты народнага ансамбля “Дабрачын” Жыткавіцкага аўтаклуба. Ад шчырага сэрца выказвалі госці віншаванні і пажаданні, як і дарылі падарункі, а таксама накрылі салодкі стол. На ім не толькі цукеркі, іншыя прысмакі, чай, але і свежыя булачкі, якія спяклі спецыяльна для такога выпадку.

– Для дэпутатаў раёна праяўляць міласэрнасць у дачыненні людзей, якім яна неабходна, стала добрай традыцыяй, – гаворыць старшыня райсавета дэпутатаў Ніна Рамановіч. – І ў бальніцах сястрынскага догляду Жыткавіч і Турава мы частыя госці. Робім гэта для таго, каб падтрымаць пажылых людзей у іх адзіноце, паказаць ім, што ў нашым грамадстве заўсёды ёсць месца такім якасцям, як дабрыня, чуласць і спагада.

З тых водгукаў, што выказваліся бабулямі падчас гутаркі за сталом у адрас дэпутатаў і членаў прафсаюза дзяржустаноў, яскрава адчувалася, наколькі пажылыя людзі гэта цэняць і ўсведамляюць. Старажылы бальніцы прыпомнілі практычна кожны падарунак, што прыносілі ім народныя абраннікі. Апошнія разам з артыстамі не толькі абмежаваліся сустрэчай з хадзячымі пацыентамі, але і наведалі непасрэдна ў палатах усіх, хто не змог па стану здароўя прыйсці на мерапрыемства. І там кожны атрымаў салодкі і музычны падарунакі. Адна бабуля ў знак удзячнасці нават праспявала пад акампанемент Дзеда Мароза песню для гасцей. Менавіта на такой  ноце завяршыўся візіт. Няхай ён быў па часе і не надта працяглым, але галоўнае ў той увазе і падтрымцы  жыццёвых духоўных сіл людзей, для якіх гэта вельмі і вельмі важна штодня.

* * *

А назаўтра, 13 студзеня, з такой жа дабрачыннай місіяй кіраўнік заканадаўчай улады раёна Ніна Рамановіч з дэпутатам Савета Аленай Раковіч пабывалі ў аддзяленні сястрынскага догляду Тураўскай гарадской бальніцы. Госці прывезлі з сабою самадзейных артыстаў мясцовага аўтаклуба і народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля “Лянок” з Буразі. Яны ад душы павесялілі пацыентаў шчадроўкамі, разыграўшы калядныя сцэнкі з Казою, а яшчэ прыгожа спявалі і жартавалі. І такому канцэрту, было бачна па тварах, бабулі і дзядулі радаваліся больш за падарункі.

Даўно заўважана, што добрае слова і пазітыўны настрой спрыяюць здароўю і падаўжаюць жыццё.

Сяргей Белка, Святлана ШАКАЛЯН

Фота Святланы ШАКАЛЯН

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.