У поспеху — старанне і майстэрства

ФроловаДля аператара машыннага даення з верасніцкай малочнатаварнай фермы акцыянернага таварыства “Тураўшчына” Наталлі Фраловай да ліку іншых станоўчых момантаў мінулы год дадаў яшчэ і важкае вытворчае дасягненне на прафесійнай ніве. Майстар жывёлагадоўчай справы за прайшоўшы перыяд дабілася своеасаблівага здабытку, які з’яўляецца не толькі рэкордным для яе, але і калег па малочнаму цэху сельгаспрадпрыемстваў усяго раёна.

Наталля Фёдараўна родам з Верасніцы. Аб тым, што сваё прафесійнае прызванне знойдзе на малой радзіме, ніколі не думала. Яе і многіх  аднагодкаў пасля заканчэння школы вабілі агні вялікіх гарадоў. Падалася туды і Наталля, дзе паспела вывучыцца і некалькі гадоў папрацаваць. Але абставіны склаліся так, што прыйшлося вярнуцца ў родную вёску. Выбар, дзе працаўладкавацца, быў у яе невялікі – пагадзілася на ферму. Тым больш што кіраўніцтва гаспадаркі абяцала выдзеліць жыллё. З таго часу мінула з дзясятак гадоў, а Фралова ніколькі не пашкадавала аб такім крутым павароце ва ўласных лёсе і дзейнасці. Хаця першыя крокі ў новай для сябе справе даваліся нялёгка.

— Ферма наша была старая, многае рабілі ўручную.  Так раздавалі кармы, даенне ў бачкі вялося, потым на цялежках перавозілі бідоны ў малочны блок, дзе пералівалі ў халадзільнік, — успамінае Наталля Фёдараўна. — А колькі высілкаў даводзілася траціць, каб прывязаць кароў, якія прыходзілі з пашы.  Ды і дабрацца пасля дажджоў у кароўнік з-за непралазнай гразі было даволі праблематычна. Але стараліся працаваць сумленна, калектыў у нас быў надзвычай дружны, заўсёды аказвалі дапамогу адзін аднаму. Можа, каб не гэтая ўзаемавыручка, і пакінула б ферму, але разам пераадолелі выпрабаванні, цяпер у большасці з тымі, з кім пачынала, разам і працуем, толькі ў сучаных умовах.

Сапраўды, пасля рэканструкцыі, якая прайшла на верасніцкай малочнатаварнай ферме, многае памянялася да лепшага ў дзейнасці жывёлаводаў.

— Зараз галоўная задача аператара ў асноўным зведзена да таго, каб граматна, згодна з усімі тэхналагічнымі патрабаваннямі падаіць кароў. Робім гэта ў даільным зале, на сучасным абсталяванні, — распавядае Наталля Фралова. — Хаця клопатаў дастаткова. Усё ж нагрузка на адну даярку павялічылася ў некалькі разоў, але калі бачыш, што аддача ад тваіх высілкаў высокая, то і праца лепш спорыцца, і зрабіць хочацца так, каб наступны вынік быў яшчэ вышэйшым.

Сакрэт свайго майстэрства прафесіянал малочнай справы звязвае найперш з тым, што значна ўзрасла прадуктыўнасць кароў на іх ферме. Гэта стала магчымым  дзякуючы добра арганізаванай рабоце па ўзнаўленню дойнага статку. Ды і рацыёны яго сталі больш спажыўнейшымі: у строга адведзеныя часы жывёла атрымлівае паўнацэнныя кармавыя сумесі, у склад якіх уключаны сілас, сянаж, канцэнтраты. Прычым, яны аднатыпныя круглы год. На змену ручной працы прыйшла механізацыя. З дапамогай тэхнікі раздаюцца кармы, ажыццяўляецца гноевыдаленне. Дарэчы, жывёла ўтрымліваецца на мяккай саламянай падсцілцы, бяспрывязна. Адным словам, зроблена ўсё, каб дабівацца на малочным фронце высокіх паказчыкаў. І гэтыя перавагі Фралова выкарыстоўвае поўнасцю, строга захоўвае распарадак даення. Яно на верасніцкай ферме трохразовае.

— Прафесія аператара заўсёды была не з лёгкіх, — адзначае жанчына. — Патрабуе яна і ранняга пад’ёму, каб у шэсць раніцы быць на дойцы, і позняга адбою, бо на ферме знаходзішся да змяркання. Толькі за гады, што аддадзены гэтай справе, ужо звыклася з такім парадкам. Менавіта дысцыплінаванасць і адказнасць у рабоце даяркі з’яўляюцца важнымі якасцямі, ад якіх непасрэдна залежыць аб’ём надоенага малака.

Наталля Фралова ўжо моцна пусціла карані на сваёй малой радзіме. Яна не толькі выдатны спецыяліст, які мае належную павагу ў калег па вытворчасці, але і маці, што нарадзіла траіх дзяцей і цяпер ганарыцца іх поспехамі ў жыцці.  Атрымала жывёлавод ад кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства і жыллё з усімі выгодамі. Жанчына стараецца падтрымліваць у ім належны парадак. А ўвогуле яна справядліва лічыць, што, калі добра працуеш, то і жывеш заможна. І няважна дзе: у горадзе ці вёсцы.

Сяргей Белка

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.