У Верасніцкім сельскім Савеце мясцовае кіраўніцтва стымулюе гаспадароў

вересницаУ Верасніцкім сельскім Савеце мясцовае кіраўніцтва па магчымасці стымулюе тых гаспадароў, якія падтрымліваюць на сваіх прыдамавых тэрыторыях узорны парадак. У ліку такіх вяскоўцаў даўно прапісалася і Валянціна Бобрык.

Пакуль дабіраліся да сядзібы жанчыны, старшыня сельвыканкама Рыгор Русы падрабязна расказваў пра ўвішнасць Валянціны Сцяпанаўны.

— Канечне, цяпер на яе падворку не тыя краявіды, што былі летам, калі ўвесь палісаднік і агарод стракацелі рознымі фарбамі ад кветак, — гаворыць Рыгор Аляксандравіч, — але і зараз ёсць ад чаго прыйсці ў захапленне. Пастаралася гаспадыня на добраўпарадкаванні свайго падворка належна. І вельмі радуе, што такіх прыкладаў у Савеце большае год ад году.

Валянціна з мужам у бацькоўскай хаце на пастаяннае месца жыхарства пасяліліся пасля прыезду з Украіны, дзе жылі да гэтага. І адразу пачалі наладжваць і паляпшаць свой быт. Спачатку ўзяліся рамантаваць дом, зрабілі яго, як кажуць, нібы ляльку. Са старой будыніны толькі сцены і засталіся, усе астатнія канструкцыі былі заменены на новыя. Рабілі ўсё ўласнымі рукамі, а гэта значыць, з вялікай любоўю.  Таму зараз у хаце Бобрыкаў, што ў гарадской кватэры – усе выгоды для камфортнага пражывання.  А яшчэ тут пануе ідэальная чысціня ва ўсіх пакоях. Магчыма, гэта ад прафесійных здольнасцей жанчыны, заўважаць непарадак. Працуе Валянціна Сцяпанаўна прыбіральшчыцай у школе.

— Каб было прыгожа, патрэбна найперш жаданне, — гаворыць Валянціна Сцяпанаўна. — І, канечне ж, не ленавацца належна прыкласці рукі, да чаго імкнешся, каб ператварыць свае задумы ў жыццё. Калі атрымліваеш яшчэ ад гэтага маральнае задавальненне, то матэрыяльныя выдаткі адыходзяць на другі план. Ды і сямейныя стасункі ад такой працы толькі мацнеюць. Усё ж робім з мужам сумесна.

вересница2вересница1Гэтак жа разам узяліся Бобрыкі за добраўпарадкаванне свайго падворка.  Устанавілі новую сучасную агароджу, да дому праклалі бетонныя дарожкі, падправілі гаспадарчыя пабудовы. Хутка з’явіліся і альпійскія горкі, а таксама кветкі і дэкаратыўныя дрэўцы. Больш за ўсё жанчыне падабаюцца хвойныя пароды. Таму ў палісадніку многа туй. На іх яна грошай не шкадуе, можа нават увесь заробак патраціць, каб прыкупіць якую-небудзь расліну, што спадабалася. Але, па меркаванні Валянціны Сцяпанаўны, гэта таго варта. Дрэўцы і кустарнікі і зімой пад бялюткім снежным  покрывам радуюць вока сваёй зелянінай, нагадваюць гаспадарам аб леце.

Такім людзям, як Бобрыкі, кіраўніцтва Верасніцкага сельвыканкама выказвае толькі ўдзячнасці. Бо менавіта яны сваімі захапленнямі і стараннем робяць вясковае жыццё прыгажэйшым,  падштурхоўваюць іншых суседзяў больш актыўна дзейнічаць у справе добраўпарадкавання. А яна, як вядома, для вясковай улады знаходзіцца ў ліку першаступенных.

Сяргей Белка

Фота аўтара

і Верасніцкага сельвыканкама

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.