Аляксандр Іванавіч Козел — інтэлігент з палескай глыбінкі

Сваім узростам Аляксандр Іванавіч паціху падбіраецца ўжо пад 90, але гэтага ніяк не скажаш пра зграбнага, падцягнутага мужчыну, які добра захаваўся і блакітныя цёплыя вочы якога ў час успамінаў і жартаў напаўняюцца маладымі, гарэзлівымі агеньчыкамі. Слухаеш гэтага сівога, як лунь, разважлівага, удумлівага чалавека і пасля шчырай гутаркі робіш для сябе адназначную выснову: педагога-пенсіянера Аляксандра Іванавіча Козела вызначаюць такія галоўныя якасці яго чалавечай натуры як інтэлігентнасць і дабрыня.

Саша нарадзіўся ў вёсцы Рудыя Хойніцкага раёна нашай Гомельшчыны ў вялікай і дружнай, працавітай сям’і. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, бацькі здолелі даць усім дзецям добрае выхаванне і далейшую адукацыю. Кожны з братоў і сясцёр Аляксандра знайшоў сваё прызванне, змог у далейшым рэалізаваць сябе ў жыцці і стаў паважаным чалавекам, аб чым Аялксандр Іванавіч распавядае са сціплым гонарам.

Душа хлапчука змалку ляжала да вучобы, чатыры класы ён закончыў з пахвальнай граматай. Дарэчы, адна з чатырох настаўнікаў іхняй школы – Яўгенія Сяргееўна Шостак – была родам з легендарнай Тураўшчыны, якую Аляксандр Іванавіч наведае праз многія-многія гады.

22 чэрвеня 1941 года Саша разам з маці, сабраўшы няхітрыя сялянскія прадукты, падаліся ў райцэнтр Хойнікі, дзе, займеўшы грошы, купілі ў тым ліку і яму падручнікі для пятага класа. Толькі пайшлі гэтыя кніжкі ў далейшым бацьку на курыва, бо, вярнуўшыся дадому, даведаліся, што пачалася вайна.

У жніўні ў вёску прыехалі першыя немцы на матацыклах і веласіпедах. Калгасная зямля была вернута людзям, увесь раней абагулены грамадскі інвентар, а таксама валы, коні і каровы раздзелены паміж вяскоўцамі. Трэба было жыць і працаваць на зямлі. Употай дапамагалі партызанам чым маглі. Іхняй вёсцы – лясной, глухой – вельмі пашанцавала, што яна не была спалена фашыстамі і паліцаямі. Пра тое, што робіцца на франтах, ніхто нічога не ведаў, ніякіх надзейных крыніц інфармацыі не існавала. Поўны малюнак ваенных падзей стаў вядомы толькі 22 лістапада 1943 года, калі прыйшло доўгачаканае вызваленне. Якое гэта было шчасце – слоў патрэбных знайсці цяжка…

Вучобу працягнуў у пятым класе ўжо Рудакоўскай сямігодкі, дзе дырэктарам была ўчарашняя партызанка Вера Іванаўна Ярмольчык. Знайшліся ручка і пяро, а ў якасці чарнілаў спачатку выкарыстоўваўся сок са сталовых буракоў. Да ўсіх прадметаў дабавілася яшчэ і ваенная справа. Да таго ж з надыходам вясны юнакі і дзяўчаты прымалі актыўны ўдзел у палявых пасяўных работах. Гарачым у прамым і пераносным сэнсе было для хлопцаў і лета: малацілі жыта, па цэлых тыднях жылі на балоце, дзе ў лапцях касілі траву, назапашвалі сена, словам, прайшлі сапраўдную сялянскую загартоўку.

У 1946 годзе Аляксандр Козел закончыў Бабчынскую сярэднюю школу, затым – фізіка-матэматычнае аддзяленне Мазырскага педагагічнага інстытута. Сваю настаўніцкую дзейнасць пачынаў у школе вёскі Мікулічы Брагінскага раёна. Гэтая вёска, як вобразна гаворыць Аляксандр Іванавіч, была вельмі вядомая, асветніцкая, адсюль выйшла шмат знакамітых людзей. І трэба было толькі мацаваць і множыць гэтыя добрыя, слаўныя традыцыі.

Ён працаваў настаўнікам фізікі, потым чатыры гады – завучам. Цудоўнай выкладчыцай моў і літаратур была яго жонка Глафіра Аляксееўна – верная спадарожніца жыцця, якая пазней трагічна загіне ў дарожна-транспартным здарэнні. А тады кожны дзень быў запоўнены да краёў самымі разнастайнымі карыснымі справамі. Прымалі актыўны ўдзел у мастацкай самадзейнасці, усім, напрыклад, дужа спадабалася, як Аляксандр Іванавіч выканаў ролю Гарлахвацкага ў камедыі Кандрата Крапівы “Хто смяецца апошнім”.

Важная і яркая старонка жыцця Аляксандра Козела – яго дырэктарства ў школе вёскі Ільічы Брагінскага раёна. Тут, між іншым, ён пазнаёміўся з бацькамі Святланы Алексіевіч, якая пазней, праз многія гады, першая ў Беларусі атрымае Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Працавалі яны сельскімі настаўнікамі.

А сама школа, што складалася з чатырох карпусоў, размяшчалася за акуратнай, надзейнай агароджай, у веснавой квецені цудоўнага саду. Толькі ў вельмі непрыглядным стане было адно з гэтых памяшканняў. І вось па ініцыятыве энергічнага дырэктара, які прынёс з сабою свежую радасць працы і жыцця, вырашылі пабудаваць тут новую школу.

Пачалася сапраўдная працоўная эпапея, у якой галоўнымі героямі былі самі настаўнікі і вучні. Што і казаць – іхняму шчыраму энтузіязму толькі можна было па-добраму пазайздросціць! У ліпені раскідалі старое памяшканне, а ў лютым наступнага года настаўнікі і вучні займаліся ўжо ў новым светлым будынку, што смачна пахнуў сасноваю смалою…

Вось з таго часу Аляксандра Іванавіча Козела і сталі зваць “наш дырэктар”, аўтарытэт яго значна ўзрос у вачах усіх. У школе працавалі высокакваліфікаваныя педагагічныя кадры, займалася 400 хлопчыкаў і дзяўчынак, многія з якіх, атрымаўшы надзейную пуцёўку ў жыццё, вучыліся затым у розных навучальных установах. Школа ганарылася сваімі выпускнікамі, а яны – педагогамі.

Аляксандр Іванавіч быў дэлегатам аднаго з рэспубліканскіх з’ездаў настаўнікаў, а эпагеем яго дзейнасці стала работа загадчыка раённага аддзела адукацыі Брагінскага райвыканкама. Шмат было зроблена за гэтыя 8 гадоў у вобласці адукацыі на Брагіншчыне.

А пасля чарнобыльскай навалы пераехаў у вёску Бялёў нашага раёна, дзе працаваў дырэктарам сярэдняй школы. Тут, на Жыткаўшчыне, сустрэў і добрую жанчыну, з якой жылі дружна, як быццам бы ў іх была адна супольная душа. А нядаўна Надзеі Раманаўны не стала, светлая ёй памяць… Калі яна хварэла і лячылася ў Гомелі, то Аляксандр Іванавіч жыў там часова ў сваёй былой вучаніцы. А гэта сведчыць пра тое, што не забываюць, шануюць свайго настаўніка яго ўдзячныя выхаванцы. Дык няхай будзе доўгай яго журботна-светлая і радасна-ціхая старасць.

С. КУЛАКЕВІЧ

Фота Валянціны ПАКАРЧАК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.