Рэйсы далёкія і блізкія

василевскийВадзіцель ААТ “Жыткавічыхімсервіс” Васіль Васілеўскі ў сваім працоўным калектыве мае належную пашану. Заслужыў ён яе стараннем і працавітасцю, якія гэтаму чалавеку ўласцівы з дзяцінства.

Малая радзіма Васіля Васільевіча — аграгарадок Людзяневічы.  Жыццёвыя шляхі-дарогі прывялі яго ў Гомель, дзе і асвоіў вадзіцельскую спецыяльнасць, і пэўны перыяд па ёй працаваў. Але так склаліся абставіны, што вярнуўся ў Жыткавічы. Менавіта тут працаўладкаваўся ў тады яшчэ сельгасхімію. І, канечне ж, па абранай прафесіі. Доўгі час працаваў на КамАЗе. Вазіў розныя грузы як па месцы, так і ў іншыя рэгіёны. Частыя камандзіроўкі навучылі Васіля Васільевіча быць уважлівым і засяроджаным на дарозе, а яшчэ загадзя грунтоўна рыхтаваць свой аўтамабіль у далёкія рэйсы. Зразумела, што гэта няпростая задача — падтрымліваць у поўнай гатоўнасці тэхніку, якая ўжо адслужыла нямала часу. Але для Васілеўскага такая акалічнасць своеасаблівая школа павышэння ўласнага прафесійнага майстэрства.

Таму не дзіўна, што кіраўніцтва акцыянернага таварыства не доўга раздумвала, каму з вадзіцелеў даверыць займацца новай дзейнасцю, якую распачалі на прадпрыемстве. Яна звязана з перавозкай малака з дальніх рэгіёнаў краіны на Тураўскі малочны камбінат. Вось і наша сустрэча з Васілеўскім адбылася, калі ён толькі вярнуўся з чарговага рэйса. Даставілі перапрацоўшчыкам амаль трыццаць тон прадукцыі аж з самога Віцебска. Па словах вадзіцеля, нялёгка складвалася паездка, але, дзякуючы асабістаму прафесіяналізму і майстэрству напарніка, усё завяршылася добра. І такіх далёкіх камандзіровак у яго бывае па дзясятку і болей за месяц. Але працаўнік не наракае на цяжкасці, важнейшым для яго з’яўляецца тое, што сваёй справай ён мацуе аўтарытэт калектыву, дзе стала прапісаўся амаль два дзясяткі гадоў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.