Жыццё, звязанае з кіно

У нашым раёне пражывае шмат людзей, якія годна па некалькі дзесяцігоддзяў  ішлі па абраным аднойчы і на заўсёды прафесійным шляху. Да іх па праву можна аднесці і Уладзіміра Купрыяновіча, дырэктара камунальнага кінавідовішчнага ўнітарнага прадпрыемства “Жыткавічыкінавідэасетка”. Працоўныя здабыткі гэтага чалавека былі належна ўшанаваны падчас святочнай вечарыны, што зладзілі для Уладзіміра Сцяпанавіча работнікі  раённага цэнтра фальклору і аматарскіх клубаў “Вечарына” і “Вечарніца” з нагоды яго 65-годдзя і выхаду кіраўніка на заслужаны адпачынак.

Прысутныя на мерапрыемстве змаглі ацаніць дзейнасць Купрыяновіча на абранай ім працоўнай ніве нават па цяперашняму стану кінатэатра “Усход”, дзе прайшла ўрачыстаць. Як ні цяжка было, але ён здолеў  асучасніць работу ўстановы. Дзякуючы капітальнаму рамонту, абнавіўся яе знешні выгляд і ўнутраны інтэр’ер, з’явілася шмат новых паслуг, якія прапаноўваюцца людзям.  Менавіта пры Купрыяновічу  прадпрыемства “Жыткавічыкінавідэасетка” стала ў ліку лепшых у вобласці. І такіх заслуг ва Уладзіміра Сцяпанавіча за гады працы  вельмі і вельмі шмат, аб чым сведчаць шматлікія ўзнагароды. Дарэчы, падчас мерапрыемства іх колькасць намнога пабольшала. Ганаровыя граматы і падзячныя лісты ўручылі яму кіраўнікі абласнога кінавідэапрадпрыемства, намеснік старшыні райвыканкама Леанід Валатоўскі. Шмат цёплых слоў у адрас юбіляра было выказана і калегамі з іншых раёнаў, якім Уладзімір Купрыяновіч дапамагаў на шляху прафесійнага сталення,  начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі  райвыканкама Сяргеем Агіевічам, старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў Уладзімірам Гулютам, сябрамі і працаўнікамі калектыву. Арганізатарскі талент, старанне, высокая патрабавальнасць да сябе і падначаленых, уменне паставіць самыя складаныя задачы і паспяхова пераўтварыць іх у жыццё, працалюбства – ўсе гэтыя і іншыя якасці чалавечага характару гарманічна спалучаюцца і ўласцівы Уладзіміру Сцяпанавічу. А яшчэ вернасць і адданасць абранай справе, якой ніколі не хацеў здраджваць.

Закладваліся яны ў вёсцы Сцяблевічы, дзе ў вялікай і дружнай сям’і нарадзіўся Купрыяновіч. Менавіта з гэтага населенага пункта ён накіраваўся ў Добруш, каб там у вучылішчы набыць прафесію кінамеханіка. Пасля вучобы вярнуўся ў раён, дзе і працаваў да прызыву на службу ў арміі па атрыманай спецыяльнасці. У 1974 годзе пачалося ўзыходжанне Уладзіміра Сцяпанавіча па кар’ернай лесвіцы. Тады ён быў прызначаны выконваючым абавязкі дырэктара прадпрыемства. І на гэтай пасадзе больш за сорак гадоў паспяхова папулярызаваў у раёне важнейшае з мастацтваў — кіно. Канечне, былі і ўзлёты на гэтым шляху, і падзенні, але Купрыяновіч ніколі не апускаў рукі перад цяжкасцямі. Наадварот, імкнуўся  супрацьпастаўляць ім дзеяздольнасць і знітаванасць ўзначальваемага калектыву. І практычна заўсёды яму гэта ўдавалася, таму працаўнікі ўстановы з самых складаных сітуацый выходзілі пераможцамі.

жыццёНа ўрачыстай вечарыне многае было згадана з пражытых гадоў Уладзіміра Сцяпанавіча. І па водгуках гасцей, яны былі для яго вельмі плённымі. Сваёй паспяховай дзейнасцю дабіўся належнай пашаны і павагі ў жыхароў раёна, дзеля  росквіту і дабрабыту якога нястомна працаваў многія гады. Праведзенае мерапрыемства яшчэ раз засведчыла аб гэтым. І хаця вечарына была па сваёй сутнасці вясёлай, чаму садзейнічалі канцэртныя нумары ў выкананні народнага калектыву “Вечарніца”, вясёлыя пажаданні гасцей, але ў той жа час праяўляліся і ноткі суму. Як не кажы, а на заслужаны адпачынак пайшоў чалавек, кіраўнік, які пакінуў глыбокі і яркі след  у справе кінаабслугоўвання жыхароў Жыткаўшчыны.

Сяргей Белка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.