Да “зялёнага жніва” першымі ў раёне прыступілі працаўнікі ААТ “Тураўшчына”

Да “зялёнага жніва” пер-шымі ў раёне прыступілі працаўнікі акцыянернага таварыства “Тураўшчына”. Корма-нарыхтоўчую тэхніку тут вывелі на сенажаці з азімымі і рэдзькай.

Магутны КВК паволі рухаецца па палетку, які стракаціць жоўта-зялёнымі палосамі. За рулём камбайна вопытны механізатар Аляксандр Ляшкевіч. Ён упэўнена вядзе касьбу і здрабненне расліннасці. Маса пругкім струменем хутка напаўняе кузавы аўтамашын і трактараў. Работа ў механізатараў спорыцца.  Спыняюцца яны толькі для таго, каб паабедаць. Гарачую ежу корманарыхтоўшчыкам дастаўляюць прама на поле.

— Сумесі з азімых каласавых і рэдзькі ў нас займаюць амаль семдзясят гектараў, — расказвае намеснік дырэктара Валерый Стаднік. — Выраслі яны вельмі добрымі, з кожнага гектара  бярэм не меней за 250 цэнтнераў травяной масы, якую закладваем у траншэі на сянаж. Убіраем прамым камбайніраваннем, для чаго нашы умельцы прыстасавалі да КВК  жатку для абмалоту зерня. Атрымліваецца нядрэнна, штодня назапашваем па дзве і болей сотні тон корму. Не прайшло і тыдня, як у траншэю дастаўлена больш за тысячу тон травяной масы.

У планах мясцовых працаўнікоў  менавіта сенажу сёлета назапасіць значна болей на зімоўку грамадскаму статку. Асноўныя  аб’ёмы корму будуць закладзены з люцэрны.  Яе пасевы ў таварыстве займаюць сямсот пяцьдзясят гектараў, а ў гэтым годзе будуць даведзены да тысячы. Што ў ААТ “Тураўшчына” робіцца стаўка на такую культуру, невыпадкова.   Найперш, корм з яе надзвычай спажыўны. Да таго ж, пасевы люцэрны  вызначаюцца высокай ураджайнасцю. У мінулым годзе нават пры  засушлівых пагодных умовах у гаспадарцы ўзялі  чатыры укосы.

— Ставім перад сабой задачу, каб з кожнага гектара травяных угоддзяў атрымаць максімальную аддачу, — расказвае Валерый Стаднік. — Для грамадскага статка мяркуем назапасіць 3300 тон сена, 17000 тон сенажу і 85000 сіласу. Толькі першым укосам неабходна ўбраць 1400 гектараў. Гэтыя задачы нам па сілах, для іх выканання маецца дастаткова тэхнікі.  Ды і спрактыкаванасці нашым механізатарам таксама не займаць.

 Калі корманарыхтоўчы канвеер запрацаваў  у ААТ “Тураўшчына” ужо на ўсю моц, хутка і ў іншых гаспадарках травяныя ўгоддзі таксама абудзіць гул тэхнікі. Працаваць  вяскоўцам тут давядзецца  не адзін дзень, каб зімой  на грамадскіх фермах у жывёлы былі сытныя і спажыўныя рацыёны. Як расказаў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Мікалай П’яўко, у раёне першым укосам неабходна ўбраць 5886 гектараў траў. Згодна з вытворчымі заданнямі корманарыхтоўшчыкам патрабуецца за час кампаніі закласці пад павеці і ў траншэі 10003 тоны сена, 55 тысяч тон сенажу і 185 тысяч тон сіласу і мець не менш 32 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву ў кожным сельгаспрадпрыемстве. Менавіта такая колькасць кармоў дазволіць жывёлаводам у зімовы час мець высокія прывагі і надоі.

Сяргей МІКАЛАЕЎ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.