Сакрэт поспеху меліяратарскай сям’і Жыткавіцкага ПМС

Раніцай вытворчая база Жыткавіцкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм нагадвае, вобразна кажучы, добра адладжаны механізм.

Ужо а палове восьмай ён запушчаны на ўсю магутнасць. Механізатары і вадзіцелі заводзяць рухавікі сваіх машын, рабочыя  грузяць неабходнае абсталяванне ў вахтоўкі, спецыялісты ў чарговы раз правяраюць гатоўнасць брыгад да працы. І ніякай табе мітусні, кожны  дакладна спраўляецца з абавязкамі.  Інтэнсіўнасць руху ў гаражы спыняецца, як і пачалася, імгненна. Не праходзіць і паўгадзіны, тэхніка з людзьмі кіруецца за вароты машыннага двара і далей на аб’екты, што знаходзяцца ў розных канцах раёна. Сярод тых, каму даводзіцца там працаваць,  і рабочыя Дзмітрый Астаповіч, Сяргей Крук.

Зараз у гэтых меліяратараў даволі гарачы час. Як расказаў дырэктар прадпрыемства Віктар Палуянаў, пачаўся сезон абкосу каналаў — сёлета гэтую справу патрэбна выканаць на працягу 900 кіламетраў.

— Зразумела, што асноўныя аб’ёмы зробім механізавана, але і без ручной працы не абысціся, — расказвае Віктар Васільевіч. —Таму стварылі брыгаду, якая мотакосамі  “падчышчае” ўчасткі, што не даступны тэхніцы.  Спецыялісты ў ёй спрактыкаваныя, адказныя і старанныя. А ўвогуле скажу пра калектыў: у ім засталіся толькі тыя людзі, якія па-сапраўднаму адданыя нашай нялёгкай меліяратарскай прафесіі.

Дзмітрый і Сяргей  менавіта з такіх. На цяперашні час яны рупяцца на ўчастку №2, які ўключае аб’екты, пачынаючы ад Кольна і далей па ўсёй Тураўшчыне. Таму норма выпрацоўкі на  рабочага немалая. За дзень неабходна кожнаму выкошваць па дзевяць сотак расліннасці.  Прычым, рабіць гэта даводзіцца не на роўненькім газоне, а на даволі складаным рэльефе, пры густым і цвёрдым травастоі. Ды і махаць цэлы дзень няхай і мотакасой, вага якой каля дзясятка кілаграмаў, не кожнаму па сілах. Але Астаповіч і Крук на такія цяжкасці не наракаюць. Наадварот, яны задаволеныя, што хапае аб’ёмаў работ, значыць, і палепшыць ўласны дабрабыт маецца магчымасць.

Сярод тых аб’ектаў, дзе прыклалі ўжо свае рукі рабочыя меліярацыйны канал ў межах райцэнтра. Абкасілі яго за некалькі дзён. Усё ж вопыт сказваецца, кожны на прадпрыемстве адпрацаваў  не адзін год. Дарэчы, не сядзяць працаўнікі без справы і зімой. У гэты час яны заняты на высечцы хмызняку. Адным словам, робяць усё, каб зямля была прыгажэйшай і ўрадлівейшай. Напрыклад, калектыў Жыткавіцкага ПМС сёлета добраўпарадкаваў 80 гектараў у КСУПе “Бялёў”, а зараз паляпшае 210 гектараў у ААТ “Тураўшчына”, якія будуць гатовыя для сельгасвытворчасці ў канцы года. І на прадпрыемстве такімі дасягненнямі ганарацца, а самае галоўнае, што аддаюць належную пашану людзям,  рукамі якіх яны здабываюцца. Дзмітрый Астаповіч, Сяргей Крук (на здымку) гэта добра разумеюць, як і тое, што сваім стараннем яны разам з калегамі датычны да вялікай і карыснай дзейнасці. Гэта і з’яўляецца сакрэтам поспеху меліяратарскай сям’і Жыткавіцкага ПМС.

Сяргей МІКАЛАЕЎ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.