За будаўнікамі ніколі справа не стане

На пяці пляцоўках працуе ў гэтыя дні калектыў перасоўнай механізаванай калоны №76 ААТ “Гомельскі аб’яднаны будаўнічы трэст”. І такая запатрабаванасць не можа не радаваць. Раз ёсць аб’ёмы, значыць, будзе і дабрабыт, упэўнены людзі.

Адзінае, што, па словах начальніка ПМК Дзмітрыя Швеца, бракуе, нерытмічнасць фінансавання. Бюджэтныя будоўлі прыкметна скараціліся, прыўшоў час актыўна шукаць заказчыкаў-прыватнікаў. Так зараз арганізацыя вядзе ў Тураве даволі цікавыя аб’екты, што належаць малочнаму камбінату. У прыватнасці, тут узводзяцца лакальныя ачыстныя збудаванні. Уявіце, усяго за тыдзень спецыялісты зрабілі падмурак, уклаўшы ў яго 1700 кубаметраў бетону, папярэдне было адпаведным чынам падрыхтавана 270 тонн арматуры. Працы ім хопіць да кастрычніка. Паралельна будаўнікі рупяцца на 32-кватэрным жылым доме, дзе будуць жыць малакаперапрацоўшчыкі. Пакуль тут закладваюць так званы нулявы ўзровень, самае цікавае наперадзе. Такога праекта на Жыткаўшчыне яшчэ не было, паведаміў Дзмітрый Мікалаевіч, гэта добрая магчымасць для ўдасканалення. Першы паверх, дзе плануюцца офісныя памяшканні, звонку абліцуюць пліткай, а пад дахам дзве кватэры будуць двухпавярховымі. Наваселле назначана на будучы год.

У Жыткавічах на так званым долевым доме ПМК-76 выканала 90 працэнтаў аб’ему. Пакуль заказчык вызначаецца з патэнцыяльнымі гаспадарамі дваццаці кватэр, будаўніцтва часова прыпынена. Тут засталіся аддзелачныя работы. Занятыя людзі ў райцэнтры яшчэ на рэканструкцыі газавай кацельні, дзе дадаткова манціруецца абсталяванне і інфраструктура для выкарыстання ў якасці паліва драўляных трэсак. Акрамя таго, не першы месяц арганізацыя працуе на будаўніцтве ў Кольна малочна-таварнага комплекса, разлічанага на 600 галоў статку.  

Дзмітрый Швец – на пасадзе кіраўніка з лютага. Ён свой, тут за 16 гадоў вырас у прафесійным плане з муляра (каменщика) да начальніка, таму добра ведае вытворчасць і людзей. Дарэчы, пра калектыў. Гэта адна з нямногіх структур, што не скарачае месцы, а наадварот, адкрывае вакансіі. Так, адзначыла ідэолаг Вольга Бурэнікава, за пяць месяцаў штат павялічыўся на сем чалавек, дасягнуўшы 142 работнікаў, яшчэ 12 узялі па дагавору падрада. Яно зразумела: будаўнікі запатрабаваныя, няхай і ў рознай ступені, ва ўсе часы. Як лічаць у калоне, за 30 гадоў, што арганізацыя існуе ў Жыткавічах, былі ў яе гісторыі і больш складаныя перыяды, якія сур’ёзна не страціўшы кваліфікацыі, перажылі. Мала таго, сёлета па выніках мінулага года мехкалона, як лідар працоўнага саперніцтва, занесена на раённую Дошку гонару.

Канешне, залатым фондам тут называюць спрактыкаваны касцяк спецыялістаў 4-5 разрадаў. Але і маладым не баяцца даваць дарогу, абнаўляючы калектыў учарашнімі студэнтамі. Напрыклад, двое леташніх гомельскіх выпускнікоў БелДУТа на умовы працы ніколькі не скардзяцца.

Святлана Шакалян

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.