Смачна есці: конкурс повараў на Жыткаўшчыне

 

 

 

 

 

 

 

 

Пачатковы этап абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства сярод повараў устаноў сярэдняй адукацыі на Жыткаўшчыне хаця і не вызначыўся вялікай колькасцю ўдзельнікаў, але атрымаўся даволі цікавым па напалу барацьбы. Прайшло гэтае мерапрыемства на базе СШ №1 райцэнтра і, дарэчы, упершыню.

У саперніцтве прынялі ўдзел чатыры спецыялісты, ад майстэрства якіх залежыць здаровае і каларыйнае харчаванне навучэнцаў. Гэта повары сталовых СШ №1 г. Жыткавічы Вольга Балашова, гімназіі Людміла Шулякевіч, Людзяневіцкай сярэдняй школы Наталля Рак і Браніслаўскага дзіцячага сада-базавай школы Ніна Стаўбенка.

Па ўмовах змагання канкурсанткі павінны былі сябе прадставіць.  У спосабах і формах журы нікога не абмяжоўвала. Таму візітоўкі атрымаліся надзвычай яркімі, насычанымі песеннымі і вершаванымі нумарамі, медыяпрэзентацыямі.  Асабліва пастаралася група падтрымкі Вольгі Балашовай, у складзе якой былі і педагогі, і вучні ўстановы. Прэзентацыя свайго кармільца вылілася ў сапраўдную тэатралізаваную дзею, падчас якой членам журы данеслі, наколькі старанны і высокапрафесійны спецыяліст жанчына.

Далей поварам неабходна было ўжо самім пацвердзіць сваё майстэрства. Падчас другога этапу яны гатавалі салат. Страва павінна быць не толькі спажыўнай, але ячшэ і простай у прыгатаванні, каб яе шырока прымяняць для харчавання школьнікаў. З заданнем справіліся ўсе паспяхова. Найбольшую ж фантазію і практычныя навыкі спецыялісты грамадскага харчавання паказалі, калі вынеслі на суд журы блюды, якія гатавалі дома. Пададзеныя кулінарныя стравы і кандытарскія вырабы выглядалі вельмі апетытна, вызначаліся арыгінальнасцю і красамоўна сведчылі, што працоўнае спаборніцтва сабрала сапраўдных майстроў у сваёй справе.

Па выніках выпрабаванняў журы прысудзіла першае месца повару з СШ №1 райцэнтра Вользе Балашовай, другое — спецыялісту з гарадской гімназіі Людміле Шулякевіч. Бронзу падзялілі паміж сабой Наталля Рак з Людзяневіцкай СШ і Ніна Стаўбенка з Браніслаўскай навучальнай установы. Пераможца раённага этапу конкурсу школьных повараў будзе адстойваць гонар раёна ў занальным спаборніцтве, якое адбудзецца ў г. Мозыры. Прайшоўшае мерапрыемства прадэманстравала, што з такімі спецыялістамі, якія працуюць у школьных сталоўках, здаровым і смачным харчаваннем дзеці  будуць забяспечаны  ўвесь навучальны год штодзённа.

Сяргей БЕЛКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.