Візіт журналістаў раёнкі для пенсіянера з Турава стаў вялікай нечаканасцю

Візіт журналістаў раёнкі для пенсіянера з Турава Міхаіла Жыткаўца стаў вялікай нечаканасцю. Калі даведаўся, чаму ім зацікавілася мясцовая прэса, ён аж заззяў ад радасці. Падставай для гэтага было тое, што пажылы чалавек выйграў галоўны прыз у конкурсе падпісчыкаў “Новага Палесся”.

Як толькі мех з парсючком быў дастаўлены на ганак, Міхаіл Пятровіч дзелавіта прысеў на яго і пачаў развязваць вузел, каб паглядзець на жывёліну.

– Вось пашчасціла дык пашчасціла! Лёгкая рука аказалася ў жонкі. Ніколі нічога не выйгравалі, а тут адразу такі падарунак атрымалі, – з задавальненнем адзначыў гаспадар.

На “Новае Палессе” яго жонка, Зінаіда Жыткавец, падпісалася 13 снежня. Квіток на розыгрыш прызоў адправіла ў рэдакцыю пісьмом. Канечне, спадзяваліся муж і жонка на ўдачу, але не на такую вялікую. Цяпер клопатаў у гаспадароў прыбавіцца. Да курэй і ката, што маюцца на падворку, дадаўся і парсючок, які для конкурсу прадаставіла акцыянернае таварыства “Жыткавічыхімсервіс”. Гадаваць хрушу Жыткаўцы збіраюцца самі. Вопыт, як прызнаўся Міхаіл Пятровіч, маецца. У маладосці трымалі і свіней, і карову, і  іншую хатнюю жыўнасць.

Дарэчы, Міхаіл і Зінаіда Жыткаўцы ў поле зроку журналістаў “НП” трапляюць не першы раз. Летась сямейная пара адсвяткавала дыяментавае вяселле, 60-годдзе сумеснага жыцця. Аб гэтай знакавай падзеі, гісторыі іх кахання і жыццёвым шляху на старонках газеты расказваў наш карэспандэнт. Канечне, калектыву рэдакцыі вельмі прыемна, што іх падарунак трапіў у добрыя рукі. Журналісты і мянушку яму сімвалічную прапанавалі – Паляшук. Жадаем Жыткаўцам, каб гадаванец радаваў іх штодзённымі высокімі прывагамі.

Сяргей БЕЛКА

Фота Валянціны ПАКАРЧАК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.