Хуткая спяшаецца на дапамогу

Не толькі ў структурным плане, а і тэрытарыяльна стала належаць цэнтральнай раённай бальніцы служба хуткай дапамогі. На прыканцы мінулага лета яе калектыў перабраўся ў корпус інфекцыйнага аддзялення. Агульнымі намаганнямі і працавітымі рукамі сціплае памяшканне ператварылі ва ўтульныя і функцыянальныя кабінеты, дзе ўсё прадугледжана для плённай працы і дзяжурнага (калі пашанцуе) адпачынку. Аб чым варта падумаць, перш чым набраць нумар 103, колькі каштуе выклік і навошта медыкам патрэбен небулайзер? Пра гэта і не толькі карэспандэнт газеты распытаў старшага фельчара аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Леаніда Жогаля.  

– Скажыце, па якіх прычынах часцей за ўсё людзі выклікаюць брыгаду?

– Статыстыка сведчыць, што традыцыйна прэваліруюць хваробы сістэмы кровазвароту, на іх прыходзіцца да 40 працэнтаў выклікаў. На другім месцы – паталогія органаў дыхання, і замыкаюць тройку траўмы, атручэнні ды іншыя няшчасныя выпадкі. А падчас доўгіх святаў, такіх, напрыклад, як мінулыя навагоднія, нярэдка народ пакутуе з-за празмернага ўжывання спіртнога і шчодрага застолля. Гэта прыводзіць да абвастрэння хранічных хвароб і, як следства, павялічвае нагрузку на нашу службу.

– Хуткая нездарма так завецца, аператыўнасць – яе галоўны прынцып. Леанід Васільевіч, нагадайце працоўны рэгламент.

– На тэрміновыя выклікі, да якіх, напрыклад, можна аднесці падзенне з вышыні, машына павінна выехаць не пазней за чатыры хвіліны. Пятнаццаць хвілін даецца на апрацоўку экстраннага звароту, дапусцім, гэта сардэчны прыступ. І на неадкладны выклік па прычыне абвастрэння хранічнай хваробы брыгада можа адправіцца на працягу гадзіны пасля тэлефанавання. Акрамя градацыі прыярытэтаў, мы павінны прытрымлівацца і такога стандарту, як аператыўнасць даезду. У гарадской мяжы ён складае 15 хвілін, да іншых населеных пунктаў – паўгадзіны. Зразумела, што, каб дабрацца ў некаторыя далёкія вёскі, аб’ектыўна патрабуецца больш часу. Хачу падкрэсліць, што ў любым выпадку ні адзін выклік не застаецца незаўважаным. Альбо выязджае хуткая, альбо зварот пераадрасуецца мясцовым медыкам, а іншы раз і калегам сумежных раёнаў. З абавязковым далейшым кантролем нашага дыспетчара.

– Дарэчы, пра калег. Як адбілася на вашай службе праблема выведзенага з эксплуатацыі моста праз Прыпяць?

– Канешне, ніхто не застаўся без медыцынскай дапамогі. У Тураве для абслугоўвання зарэчнай зоны ў нас працуе брыгада хуткай, укамплектаваная ўсім неабходным абсталяваннем і лекамі. Пры неабходнасці, і такія выпадкі былі, хворых, якія маюць патрэбу ў шпіталізацыі, перапраўляем кацерам на другі бок, дзе іх забірае жыткавіцкая брыгада. Акрамя таго, заключана партнёрская дамова з бальніцамі суседніх, Столінскага, Мазырскага і Лельчыцкага, раёнаў.

– Здавалася б, няма прасцей – выклікаць хуткую. Вашы парады, як зрабіць гэта правільна.

– Галоўнае, слухаць дыспетчара і адказваць на яго пытанні без усялякіх спрэчак. Чым менш часу спатрэбіцца на апрацоўку званка, тым хутчэй выедзе брыгада. Акрамя таго, паўплывае на аператыўнасць, калі медыкаў (гэта, дарэчы, вызначана і ў правілах) нехта сустрэне на вуліцы ці ля пад’езда. Бывае, людзей бянтэжыць наша аўтаматычная тэлефонная праграма: пачуўшы “чакайце адказу”, людзі кідаюць трубку, а потым абураюцца, што выклік не адбыўся. Хочацца, каб усе былі ўзаемна ўважлівымі і добразычлівымі.

– Як вызначыць, апраўданы выклік ці не? Можа не заўжды варта трывожыць медыкаў?

– Падставай для звароту на 103 найперш лічыцца вострае праяўленне хваробы. Калі дае знаць нейкая хранічная паталогія, больш мэтазгодна звярнуцца да ўчастковага ўрача альбо фельчара ФАПа. З практыкі магу сказаць, што нароўні з, так бы мовіць, нашымі пастаяннымі пацыентамі, ёсць і занадта цярплівые людзі, што чакаюць да апошняга, а потым яшчэ і выбачаюцца за турботы. Тэлефануюць нярэдка і адзінокія пенсіянеры, якім патрэбна не столькі медыцынская дапамога, колькі псіхалагічная падтрымка.

– А ці мае права брыгада не паехаць на выклік?

– Так. Хуткую нельга выкарыстоўваць, як таксі, для перавозкі людзей з бальніцы дадому. Не выконваюць нашы фельчары і ўрачэбныя назначэнні – уколы ці кропельніцы. Акрамя таго, мы не правамоцны выпісваць лісты непрацаздольнасці.

– Фельчары, заходзячы да пацыента, павінны разувацца?

– Не. Думаю, зразумела, чаму. Пры тэрміновым выпадку важная кожная хвіліна. Але, калі гаспадары прапануюць бахілы, мы не адмаўляемся. А лепш перад візітам хуткай прыняць каштоўныя паласы, пакласці палавічок, каб медык мог выцерці ногі.

– Адна з галоўных складанасцяў у вашай рабоце, напэўна, дыягностыка. Што дапамагае правільна вызначыць паталогію?

– У першую чаргу вопыт і кваліфікацыя. Медыцына наогул і наша служба ў прыватнасці не церпіць выпадковых людзей. У аддзяленні падабраўся вельмі дзеяздольны калектыў. Ну і, акрамя іншага, у нашай рабоце нельга не даацэньваць прафесійнае чуццё і інтуіцыю. 

– Як дзячаць фельчарам за якасную работу?

– Ведаеце, для нас лепшая падзяка – палёгка пацыенту. Калі выходзіш з кватэры з усведамленнем, што сапраўды дапамог чалавеку. Людзі задаволены і гэтага дастаткова. Хаця, бывае, што і лісты дасылаюць пахвальныя. Нядаўна стала вядома, што адна жыхарка раёна ў адрас нашай службы напісала падзяку ў Міністэрства аховы здароўя.

– Што новага ў апошні час укаранілі ў аддзяленні і якія бліжэйшыя планы?

– Мы пастаянна працуем над павышэннем прафесіяналізму, паляпшаем матэрыяльную базу. Так, летась аддзяленне ўпершыню атрымала шэсць небулайзераў ці апаратаў для правядзення інгаляцый, дазваляючых увесці лекавы прэпарат дыхальным шляхам. Дааснашчана хуткая новым электракардыёграфам, дэфібрылятарам і іншымі неабходнымі прыладамі. А з перспектыўных задач адзначу ўзвядзенне на тэрыторыі ЦРБ гаражоў для нашых аўтамабіляў. Праектна-каштарысная дакументацыя на іх ужо гатовая, вызначана месца будоўлі.

Аддзяленне хуткай медыцынскай дапамогі ў лічбах

*45 чалавек: 25 фельчараў, з якіх пяць дыспетчары, 19 вадзіцеляў і адна санітарка. Дзве трэція калектыву – мужчыны. Сярэдні ўзрост – 40-50 гадоў, стаж – 14,9 года. 88 працэнтаў медыкаў маюць кваліфікацыйныя катэгорыі, у тым ліку васьмёра – вышэйшую.

*9 брыгад, пяць з іх – дзённыя. За суткі абслугоўваецца 35-40 выклікаў.

*7 аўтамабіляў ГАЗ 32213, самай новай – тры гады. Гадавы прабег адной машыны – 57690 кіламетраў.

*8 кілаграмаў – вага фельчарскага чамадана. Ён змяшчае каля 60 найменняў прэпаратаў і іншых сродкаў.

*0,06 працэнта – доля разыходжання дыягназаў, вызначаных фельчарамі, з клінічнымі.

*50 рублёў абыходзіцца бюджэту адзін выклік брыгады.

*10 студзеня 1946 года – дата адкрыцця аддзялення ХМД.

Святлана ШАКАЛЯН

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.