Запыталі ў жыхароў рэгіёна пра іх стаўленне да палітычнай кампаніі

Менш чым праз тыдзень, 13 лютага, у нашай краіне стартуе датэрміновае галасаванне па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дваццаць восьмага склікання. Мы запыталі ў жыхароў рэгіёна пра іх стаўленне да гэтай палітычнай кампаніі.

Валерый Чабан, навучэнец Жыткавіцкага прафесійнага ліцэя:

— У снежні мне споўнілася 18 гадоў, і гэта будуць мае першыя выбары. Галасаваць пайду абавязкова — цікава ж паглядзець, як гэта адбываецца. З кандыдатам у абласны Савет ужо вызначыўся, а пра раённага даведацца яшчэ не паспеў.

Кацярына Таболіч, псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра

сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва:

— Лічу, што гэта — наш грамадзянскі абавязак. Для чалавека важна ўсведамляць, што яго пазіцыя неабыякавая для дзяржавы, такім чынам, праз выбары дэпутатаў, народ удзельнічае ў жыцці краіны. Што да сябе асабіста, то галасаваць хаджу заўжды і ніколі не стаўлю ў бюлетэні галачку “супраць усіх”. Па-мойму, так рабіць няправільна.

Валерый Галавач, супрацоўнік аддзялення Дэпартамента

 аховы МУС Беларусі:

— Яшчэ з савецкіх часоў хаджу на выбары. Нават маю вопыт работы ва ўчастковых камісіях. Звычайна галасую датэрмінова, бо гэта зручна. А выхадны дзень можна прысвяціць унукам.

Віктар Рамановіч, першы сакратар раённага камітэта БРСМ:

— Мяне вылучылі ў склад раённага выбаркама, справа новая і вельмі адказная. За кароткі час шмат даведаўся пра нюансы кампаніі, але, напэўна, самае цікавае яшчэ наперадзе. Як кіраўнік маладзёжнай арганізацыі адзначу, што райкам прымае захады па інфармаванню аб мясцовых выбарах, а ў дзень галасавання нашы валанцёры будуць дапамагаць людзям пажылога ўзросту дабрацца на ўчасткі. Суполка БРСМ, акрамя іншага, вылучыла больш за 60 назіральнікаў за выбарамі.

Ніна Мірановіч, пенсіянерка, г. Жыткавічы:

— Як жа ігнараваць выбары? Гэта ж свята. Не толькі хаджу, каб прагаласаваць, а і канцэрт паслухаць люблю. На нашым Кіраўскім участку заўсёды харошыя артысты спяваюць.

Галіна Саўчыц, супрацоўніца Жыткавіцкай дзіцячай школы мастацтваў імя В. Будніка:

— Я чалавек дысцыплінаваны, не памятаю, каб прапусціла калі выбары. Праўда, за каго буду галасаваць, яшчэ не ведаю. Ды і імя свайго цяперашняга дэпутата не прыгадаю, не было нагоды да яго звяртацца. А некаму ж, напэўна, народныя выбраннікі і дапамагаюць у вырашэнні праблем. Галоўнае, каб у Саветы патрапілі людзі сумленныя ды адказныя.

Нагадаем, датэрмінова можна аддаць свой голас на працягу пяці дзён, да 17 лютага ўключна. Выбаркамы будуць працаваць з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00. Афіцыйнага пацверджання прычын немагчымасці прагаласаваць у асноўную дату не патрабуецца. Бюлетэнь выдаецца выбаршчыку пры прад’яўленні дакумента, які сведчыць асобу, – пашпарта, ваеннага альбо студэнцкага білета, вадзіцельскага ці пенсійнага пасведчання. Прагаласаваць на даму можна толькі 18 лютага. Дзеля гэтага грамадзянін павінен самастойна альбо праз суседзяў ці родзічаў звярнуцца ў сваю ўчастковую выбарчую камісію. Пры знаходжанні ва ўстановах аховы здароўя (стацыянарах бальніц, санаторыях) выбаршчык мае права прагаласаваць на ўчастку, створаным па месцы лячэння.

Святлана ШАКАЛЯН

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.