Ветэраны раёна падсумавалі вынікі мінулагодняй дзейнасці

Пленум арганізацыі, у складзе якой каля дзесяці тысяч чалавек, быў даволі прадстаўнічым. Удзел у мерапрыемстве акрамя дэлегатаў прынялі старшыні райвыканкама і райсавета Віктар Атліванаў і Уладзімір Кулеш, кіраўнікі галіновых прафсаюзаў, органаў улады і суб’ектаў гаспадарання.

Распачалося пасяджэнне з хвіліны маўчання, якой прысутныя ўшанавалі памяць тых пажылых людзей, што летась пайшлі з жыцця. Слова для справаздачы прадстаўляецца старшыні раённага савета ветэранаў Адаму Купрацэвічу. У даволі змястоўным дакладзе ён падрабязна ахарактарызаваў усю шматгранную працу арганізацыі. Як зазначыў Адам Прохаравіч,  пажылыя ў нашым грамадстве адчуваюць усеагульную падтрымку. За гэтым стаіць мноства людзей, якія  канкрэтнымі справамі клапоцяцца пра ветэранаў. Шмат добрых слоў удзячнасці дакладчык выказаў у адрас спецыялістаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Работнікі гэтай установы не толькі ажыццяўляюць догляд за пажылымі непасрэдна на даму, але і арганізуюць  іх вольны час у самым цэнтры. Варта адзначыць, што ветэраны, нягледзячы на ўзрост, людзі даволі актыўныя. Яны імкнуцца быць у гушчыні грамадскага жыцця, удзельнічаюць у культурных мерапрыемствах, клубных фарміраваннях. Гэтаму спрыяе і цесная сувязь ветэранскай арганізацыі з аддзелам ідэалогіі, культуры і па справах моладзі. Частыя госці ветэраны і ў навучальных установах, дзе  ўносяць немалы ўклад у працэс патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення. Трываласць гэтым стасункам надае і валанцёрскі рух з боку школьнікаў. Нямала ветэранскім саветам робіцца і па ўшанаванню  юбіляраў. Такіх людзей наведваюць у дзень нараджэння на даму, арганізуюць віншавальныя вечарыны. І такая ўвага для пажылога чалавека надзвычай важная, ён не адчувае сябе адзінокім і пакінутым.

Немалаважнае значэнне  ў сацыяльнай абароненасці ветэранаў адыгрываюць пастаянныя і дэталёвыя абследаваннні іх матэрыяльнага дабрабыту. Гэта пры неабходнасці дазваляе аператыўна аказаць пажылому чалавеку дапамогу, а таксама выявіць фактары, якія нясуць пагрозу жыццю. У гэтым плане Адам Купрацэвіч станоўча ацаніў старанні спецыялістаў назіральных камісій, пастаянная работа якіх дае магчымасць ухіліць нямала праблем у дамах старых людзей.

Знакавым момантам у падтрымцы ветэранаў з’яўляюцца калектыўныя дагаворы арганізацый. Менавіта праз іх былым работнікам аказваецца матэрыяльная дапамога, адміністрацыямі і прафкамамі, іх арганізоўваюцца экскурсіі і іншыя мерапрыемствы. Даволі вынікова ў гэтым плане праяўляе сябе кіраўніцтва ДЛГУ “Жыткавіцкі лясгас”, ВУ “Жыткавічыгаз”, хлебнай базы, ААТ “Людзяневічы” і іншых прадпрыемстваў. Хаця, па словах Адама Прохаравіча, ёсць  арганізацыі, дзе патрымка  сваіх пенсіянераў знаходзіцца на нізкім узроўні. У прыватнасці,  крытыка прагучала ў адрас акцыянерных таварыстваў “Жыткавічлес” і “Прыазёрскае-Агра”. Як адзначыў дакладчык, з такім становішчам нельга мірыцца і недахопы патрэбна выпраўляць.

Праяўленне ініцыятывы ад ветэранаў Адам Прохаравіч чакае і ў справе па догляду за помнікамі і месцамі пахавання. Яны ўсе павінны быць у належным стане, бо з’яўляюцца нямымі сведкамі нашай гераічнай мінуўшчыны і памятаць аб ёй мы павінны заўсёды.

На мерапрыемстве вопытам работы з калегамі падзяліліся шэраг старшынь пярвічных ветэранскіх арганізацый. У сваіх выступленнях яны расказалі пра  найбольш значныя справы, што ладзяцца ў іх арганізацыях. Безумоўна, называліся не толькі поспехі, але і праблемныя пытанні. Напрыклад, Лідзія Прыбалавец выказала незадаволенасць тым, што за знаходжанне ў дзённым аддзяленнні тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва пажылым людзям неабходна ўносіць пэўную суму грошай. Яна прапанавала напісаць калектыўны зварот на імя міністра, каб адмянілі гэтую плату.

На пленуме былі падведзены вынікі конкурсу   на лепшую ветэранскую пярвічку.  Першае месца ў ім прысуджана арганізацыі праваахоўных органаў, другое – тураўскага гарадскога Савета,  а трэцяе – Дзякавіцкага сельсавета. Пераможца і прызёры за плённую дзейнасць атрымалі заслужаныя ўзнагароды.  Таксама ўручаны дыпломы і граматы, грашовыя прэміі найбольш актыўным ўдзельнікам ветэранскага руху.  Такім чынам адзначылі поспехі сумеснага супрацоўніцтва галіновыя прафсаюзы  вобласці і раёна. Усебаковую падтрымку пажылым людзям па магчымасці будзе імкнуцца аказваць і старшыня райвыканкама Віктар атліванаў. У сваім звароце да ўдзельнікаў пленума ён прызваў усіх актыўна працаваць на дабрабыт свайго рэгіёна, бо кожная карысная работа будзе толькі садзейнічаць усеагульнаму працвітанню малой радзімы. Менавіта гэта прыдасць новы імпульс у працы арганізацыі на год бягучы, што выльецца ў мноства вялікіх спраў.

Сяргей БЕЛКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.