Высокая, тонкая, звонкая і празрыстая

 

Так называлі Ніну Мельнікаву ва ўніверсітэце, забываючы дадаць у канцы «таленавітая». І можа нават не талент, а ўпартасць і мэтанакіраванасць зрабілі з маленькай нясмелай дзяўчынкі сапраўдную працаўніцу, якую кожны, калі і не любіў, то паважаў і захапляўся адназначна.

Гісторыя яе жыцця пачалася ў 1944-ым. Ніна Антонаўна памятае да кожнай дэталі падзеі, якія з ёй адбываліся, нават гісторыі з ранняга дзяцінства распавядае максімальна падрабязна, апісваючы кожную дробязь. З цяплом успамінае родную вёску Новыя Барсукі, што ў Рэчыцкім раёне, дзе раней было 96 двароў, а цяпер засталося толькі сем.

«Не исчезай мое село, мой дом, мой лес, мои поляны. И ты, село, судьбе на зло, вцепись в родную землю корнями. Раскинь стога ты по лугам, поля прославь ты урожаем. Чтоб люди мирно здесь жили, мы дружно гимн для них слагаем. Вглядись вперед и поскорей, как мне поверить очень важно, ты, как кораблик тот бумажный, потомков дальних обогрей…», – прысвяціла радкі радзіме жанчына.

 Ніна нарадзілася ў вялікай сям’і, дзе з пяці дзяцей выжылі трое, астатніх забрала вайна. Аб школьных гадах кажа з усмешкай, дзякуе па гэты дзень настаўнікам, якія і падштурхнулі яе да такой будучыні. Яна дакладна памятае, як на выдатна здавала хімію і фізіку ў Беларускай ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміі, як крыўдна было за чацвёрку па сачыненні. Трымае ў памяці тое, як літаральна за паўгода першага курса з маленькай, быццам не разумеючай жыцця, дзяўчынкі стала ператварацца ў тую, якой яна з’яўлялася потым – адважнага, тэмпераментнага прафесіянала сваёй справы.

– Толькі лёс, гэта бясспрэчна, прывёў мяне на Жыткаўшчыну, –лічыць Ніна Антонаўна.

Ёй было ўсяго 23, калі з мужам прыехала ў наш раён. Эканаміст калгаса імя Жданава – такой была яе першая пасада. Праз 12 гадоў па рашэнні кіраўніцтва гаспадаркі пераведзена галоўным аграномам у калгас «Перамога» Жыткавіцкага раёна.

Ніна Мельнікава – Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР і такі статус яна сапраўды заслужыла, аддаючы ўсю сябе прафесіі. Дзякуючы ёй сельская гаспадарка раёна квітнела з году ў год, а за вопытам у калгас прыязджалі з усіх куткоў Беларусі, і не толькі.

Менавіта ў гонар яе вялікага подзвігу, для таго, каб паслухаць гісторыю жыцця гэтай цудоўнай гаспадыні, на днях у будынку Тураўскай гарадской бібліятэкі прайшоў вечар сустрэчы з Нінай Антонаўнай. Шмат хто не ведаў пра тое, што, акрамя такога кар’ернага шляху, яна – маці чацвярых дзяцей, бабуля дзесяці ўнукаў, паэт і рукадзельніца.

Колькі займальных гісторый жанчына распавяла прысутным у зале. Час, калі зроблены ўсе фота, што паказвалі на слайдах, не забыўся. Падзялілася і гісторыямі паездак за мяжу, у Маскву…

А яе лёс мог скласціся зусім інакш, у Рэчыцы. У калгасе нашага раёна, куды размяркоўвалі, ім з мужам трэба было толькі адзначыцца, што працоўных месцаў для іх няма. Але выпускніцу з цудоўнай характарыстыкай і добрым дыпломам не змаглі адпусціць проста так. У выніку аж да 2001 года Ніна Антонаўна працавала ў калгасе. У 1986-ым жанчыне прысвоена тое самае званне заслужанага работніка і ўручаны ордэн Дружбы Народаў. Здавалася б, у такім практычным чалавеку, ведаючым добра толькі дакладныя навукі, не мог зарадзіцца такі талент, як стварэнне вершаў. Аднак цяпер на руках у жанчыны ляжыць не адзін спісаны сшытак, дзе захоўваюцца дзясяткі твораў аб роднай зямлі, калгасе, дружбе, любові, веры ў светлую будучыню. Паэзію яна захоўвае не толькі на папяровых аркушах, але і ў памяці. Амаль кожны верш яна ведае, прамаўляючы без запінкі.

– Идет женщина, как королева, держит голову высоко. Эта женщина – вечная Ева, шагает уверенно и легко. Как красив ее стан, и строен, а улыбка, как солнечный блик. Осеняя весь мир биополем, торжествует Божественный лик… – дзеліцца радкамі, мабыць, пра сябе ў маладосці Ніна Антонаўна.

А яна такая і ёсць, варта толькі зірнуць на яе фота, дзе 25-гадовая ў лёгкім летнім сарафане стаіць сярод пшанічных палёў. Шкада толькі, што не ўсе ведаюць пра існаванне такога героя, прыклада для падрастаючага пакалення. Бо, калі б кожны працаваў гэтак жа, як Ніна Мельнікава, сучаснасць была б зусім іншай.

Сустрэча з Заслужаным работнікам сельскай гаспадаркі БССР прайшла ў цёплай, сяброўскай абстаноўцы. Акрамя знаёмых ёй людзей, у бібліятэку прыйшлі і школьнікі, якія з захапленнем слухалі апавяданні жанчыны пра справы ў БССР, пра той час, калі не было гаджэтаў, калі дзеці жылі зусім іншым жыццём. Музычнай паўзай разбавілі атмасферу мерапрыемства артысты калектыву «Залаты ўзрост».

Дзіяна РЫДЗЕЦКАЯ

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.