Працаўнікі акцыянернага таварыства “Людзяневічы” максімальна скарыстоўваюць кожны пагодны дзянёк, з раніцы да вечара кіпіць праца

Працаўнікі акцыянернага таварыства “Людзяневічы” максімальна скарыстоўваюць кожны пагодны дзянёк. На мясцовых палетках з раніцы да вечара кіпіць праца. Механізатары на даручаных ім участках работ імкнуцца забяспечваць высокую аддачу. Хаця і даецца яна не так і проста.

Гэтаму пераканаўчым доказам паслужыла дзейнасць звяна па падкормцы азімых. РАСА, якой кіруе механізатар Аляксандр Бруцкі, да абеда з белага перафарбавалася ў чорны колер.

— Вельмі шмат лужын на полі, — паказвае ўбок палетка Аляксандр Мікалаевіч. — Тут ужо не да прыгажосці, галоўнае, каб пераадолець перашкоду. Канечне,  такая акалічнасць сказваецца на выніках работы не лепшым чынам.

— Сапраўды, цяжкавата, — уключыўся калега Бруцкага Сяргей Паўлючок. — Летась, калі было суха, апрацоўваў за дзень больш як па сто гектараў, у некаторыя дні і па дзвесце выдаваў, а зараз ледзь да нормы дацягваем, гектараў восемдзесят у разліку на адзін агрэгат падкормліваем не болей. Хаця і падвоз мінеральных угнаенняў бесперабойны і запраўляцца дапамагае Мікалай Шчур, які іх дастаўляе на палетак, а вось павышаная вільготнасць  глебы стрымлівае.

У гаспадарцы імкнуцца даць сілкаванне не толькі азімым зерневым, але і рапсу. Вытрымаў  маразы ён як ніколі добра. Таму на гэтым участку стараецца Андрэй Чэркас, пасля чаго адразу вядзецца і баранаванне палетка. Тэхналагічную аперацыю выконвае Аляксандр Гатчэня.

— У аптымальныя тэрміны нам неабходна падкарміць мінеральнымі тукамі 500 гектараў рапсу і амаль тысячу азімых зерневых культур, — дзеліцца планамі дырэктар акцыянернага таварыства Анатоль Санюк. — Зараз вядзем работы на другой палове плошчаў, дакладней, на 810 яна завершана. Падкармілі азотнымі ўгнаеннямі амаль на двухстах гектарах і шматгадовыя травы. Самааддачай механізатараў, якія працуюць на падкормках, задаволены, імкнуцца выконваць справу не толькі хутка, але і якасна.

Нядрэнны старт у акцыянерным таварыстве ўзяла і сяўба. Усяго бягучай вясной людзяневіцкім земляробам неабходна засеяць рознымі яравымі культурамі дзве з паловай тысячы гектараў. Сямсот з іх раннімі зерневымі і зернебабовымі. Менавіта на апошнім зараз і сканцэнтраваны асноўныя высілкі працаўнікоў. Тут задзейнічаны два пасяўныя агрэгаты, на якіх шчыруюць адказныя і спрактыкаваныя механізатары Валерый Савіцкі і Уладзімір Гатчэня. За дзень яны заштукоўваюць у глебу насенне на некалькіх дзясятках гектараў. Дзякуючы стараннасці вышэйзгаданых працаўнікоў сельгаспрадпрыемства па тэмпах сяўбы ранніх каласавых знаходзіцца сярод лідараў раёна. І ў гэтым немалая заслуга механізатараў Валерыя Гатчэні, Мікалая Татура і Паўла Чопчыца, якія праводзяць перадпасяўную падрыхтоўку глебы. Тым самым ствараюць задзел для сваіх калег. У гаспадарцы гатова да сяўбы 610 гектараў поля, а пасеяна 415.

Важным момантам у рабоце людзяневіцкіх аграрыяў на цяперашні час з’яўляецца праца па запраўцы глебы арганікай. За зімовы час яе на палеткі вывезена 35,32 тысячы тон, што складае 161 працэнт да вызначанага задання. Не спыянецца работа і ў гэтыя дні, а наперадзе ў мясцовых спецыялістаў справа па ўнясенні ўгнаенняў у глебу. Па словах дырэктара гаспадаркі Анатоля Санюка, праблем з гэтым не будзе, створаць спецыялізаванае звяно, якое і выканае даведзеныя аб’ёмы.

Безумоўна, працоўнае напружанне на палетках акцыянернага таварыства зараз з’яўляецца асновай будучага ўраджаю. І ў сельгаспрадпрыемстве робяць усё, каб ён вырас важкім, а таксама спадзяюцца, што і надвор’е гэтаму паспрыяе. Зараз жа галоўнае для земляробаў не спазніцца з правядзеннем палявых работ.

Сяргей БЕЛКА

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.