Новае слова пра гісторыю Брэста

Напрыканцы мінулага 2017 года ў Маскве, у выдавецтве “Першы том”, выйшла кніга рускага пісьменніка-гісторыка Аляксандра Чароміна “Брест. История приграничного города (Х-ХХІ века)”, прэзентацыю якой правялі супрацоўнікі Жыткавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Дарэчы будзе сказаць, што ў нашым райцэнтры ўжо прайшло абмеркаванне такіх цікавых, змястоўных манаграфій гэтага аўтара як “Туровское княжество (Х-ХІV века)” і “Полоцкое княжество (Х-ХІV века)”.

Аляксандр Аляксандравіч Чаромін нарадзіўся ў 1958 годзе ў горадзе Астрахані. Займаецца даследаваннем і ўкараненнем у навуковы абарот невядомых падзей, што былі тайнай, па гісторыі Расіі і сумежных дзяржаў. Аўтар шматлікіх манаграфій і артыкулаў па гісторыі, сярод якіх “Малые города России. Проблемы истории и возрождения”, “Старая Астрахань (ХІІІ-ХVІ века)”, “Священная Дружина. Антитеррор» і іншыя.

Згодна “Повести временных лет» горад Бярэсце ўпамінаецца пад 1019 годам у сувязі з барацьбой тураўскага і кіеўскага князя Святаполка Яраполкавіча з яго братам наўгародскім князем Яраславам Уладзіміравічам за кіеўскі прастол. А вось “Новгородская первая летопись старшего извода” паведамляе “В лето 1017 года Ярослав иде к Берестью”. Чаромін піша, што ў 2009 годзе ў Брэсце памылкова адзначалі тысячагоддзе горада. Да недакладнай даты першага ўпамінання ў старажытнарускіх летапісах быў адкрыты “Памятник тысячелетия Бреста”…

Адкуль пайшла назва горада – брамы нашай краіны? Лічаць, што ад бярозавай кары. Маўляў, ехаў купец і непраходную, гразкую дарогу масціў бярозавай карой. Тут пазней і ўзнікла пасяленне.

Горад узнік паміж рэкамі Заходні Буг і Мухавец дзякуючы развіццю гандлю і рамесніцтва і як ваенная крэпасць на адным са шляхоў з варагаў у грэкі. Вялікая рака ў сярэднявеччы – гэта гандлёвая дарога, па якой рухаліся як гандлёвыя караваны, так і шайкі грабежнікаў. Ёсць падставы лічыць, што яшчэ раней вікінгі сталі рабіць тут прыпынкі для папаўнення харчовых запасаў, рамонту аснасткі караблёў, захопу альбо абмену тавараў. Непадалёку ад упадзення Мухаўца ў Заходні Буг яны заснавалі гандлёвае месца – вік.

Пра паходы на Брэст успамінаў вялікі князь Уладзімір Манамах у сваіх “Поучениях”. Берасцейцы не раз гінулі ў агні пажараў, войнаў. У 1240 годзе манголы ўзялі Кіеў. Зімою 1240-1241 гадоў яны прыйшлі на тэрыторыю Валынскага княства. Да горада Бярэсцій падышло 30-тысячнае войска ардынцаў. Гаражане зацята змагаліся, але амаль усе былі знішчаны, а горад разбураны.

Пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай горад Берасць атрымаў назву Брэст-Літоўскі, бо ў канфедэрацыі быў ужо Брэст-Куяўскі. Брэст першы з беларускіх гарадоў атрымаў магдэбургскае права, пабудаваў вадаправод. У 1553 годзе стараста князь Мікалай Хрыстафор Радзівіл Чорны заснаваў тут друкарню, у 1596 годзе на царкоўным саборы прыняты акт аб Уніі, у 1665 годзе пачаў працаваць манетны двор, а ў 1833 годзе прыступілі да ўзвядзення крэпасці.

У кнізе гаворыцца і пра тое, што з берасцейскай зямлёй звязаны такія слынныя імёны як Афанасій Філіповіч і Казімір Лышчынскі. Першага з іх абвінавацілі ў дапамозе войскам Багдана Хмяльніцкага, страшэнна катавалі, прымусілі выкапаць сабе магілу і, нарэшце, застрэлілі. Вальнадумец Казімір Лышчынскі кінуў выклік царкве і стаў яе ахвярай. Шляхціч з бліскучай адукацыяй, філосаф, які шукаў ісціну. Лічыў, што прырода развіваецца па сваіх натуральных законах, а вера ў Бога – выключна вынік фантазіі. Напісаў трактат “Аб неіснаванні Бога”. Ён пазычыў суседу 100 тысяч талераў. А той, каб не аддаваць, выкраў яго рукапісы і занёс, як кажуць, куды трэба. Езуіты не даравалі свайму былому брату па веры. Кароль Ян Сабескі зміласцівіўся і замяніў спаленне на вогнішчы адсячэннем галавы, што і было зроблена 30 сакавіка 1689 года ў Варшаве.

Аўтар кнігі Аляксандр Чаромін падрабязна асвятляе ўсе важнейшыя этапы развіцця горада і Берасцейскага краю. У 1921 годзе была падпісана Рыжская мірная дамова, якая разарвала Беларусь на дзве часткі. Савецкі бок згадзіўся вярнуць Польшчы ваенныя трафеі, усе навуковыя і культурныя каштоўнасці, вывезеныя з тэрыторыі Польшчы пачынаючы з 1 студзеня 1772 года, а таксама абавязаўся заплаціць на працягу года 30 мільёнаў залатых рублёў за ўнёсак Польшчы ў гаспадарчае жыццё Расійскай імперыі і перадаць маёмасць на суму 18 мільёнаў залатых рублёў.

22 верасня 1939 года ў Брэст-Літоўску прайшоў сумесны савецка-нацысцкі парад пераможцаў.

З вялікай цікавасцю чытаюцца старонкі, прысвечаныя пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў Брэсце. Аказваецца, Брэсцкую крэпасць штурмавалі аўстрыйцы. У 1938 годзе пасля “аншлюса” (далучэння) Аўстрыі да трэцяга рэйха 4-я аўстрыйская дывізія была перайменавана ў 45-ю пяхотную дывізію вермахта. Гісторык паведамляе, што частка ваеннаслужачых, якая пакінула Брэсцкую крэпасць у першыя гадзіны вайны, групамі хутка адступала на ўсход. Другія, пазбаўленыя зброі і камандзіраў, хаваліся ў знаёмых і родзічаў у Брэсце і раёне. Усяго, як сцвярджае аўтар, Брэсцкую крэпасць пакінула больш за 2500 чалавек.

Распрацаваны да вайны план вываду войск з цытадэлі быў прыгодны для контрнаступлення. Для абароны ж трэба было пакінуць усе наяўныя войскі ў крэпасці і трымаць доўгую аблогу. У нашай арміі не планавалі абараняцца, а рыхтаваліся да вайны з Германіяй, робячы адным з ключавых плацдармаў нападу менавіта Брэсцкую крэпасць са складамі баепрыпасаў, зброі, паліва.

Пісьменнік адзначае, што “заходнікі”, якія ў гэты час праходзілі 45-дзённыя зборы, у вялікай колькасці з агульнага складу стралялі палітработнікам у спіну і здаваліся ў палон, папярэдне вывешваючы белыя прасцірадлы. У горадзе, патаемна ад новай улады і па наводцы асобных грамадзян, зводзіліся рахункі з былымі прадстаўнікамі Савецкай улады… Піша аўтар, безумоўна, і пра гераічную абарону крэпасці.

У 50-я гады цяпер ужо мінулага 20-га стагоддзя Брэсцкай вобласцю кіраваў Пётр Міронавіч Машэраў – чалавек адукаваны, культурны, сціплы, чалавек-легенда, які ў грозныя часы Вялікай Айчыннай атрымаў званне Героя Савецкага Саюза.

8 мая 1965 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Брэсцкай крэпасці было прысвоена ганаровае званне “Крэпасць-герой” з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка”.

8 снежня 1991 года непадалёку ад Брэста было падпісана Белавежскае пагадненне, якое аформіла распад СССР.

Што і казаць, добрую, цікавую, змястоўную кнігу напісаў рускі гісторык Аляксандр Аляксандравіч Чаромін пра наш беларускі Брэст. Вялікі дзякуй яму за гэта, ды новых творчых пошукаў і знаходак!

С. КУЛАКЕВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.