Палявыя работы на Жыткаўшчыне разгортваюцца з кожным днём

Разам з тым, як паказаў рэйд, праведзены старшынёй райвыканкама Віктарам Атліванавым і яго першым намеснікам Мікалаем П’яўко ў сераду, не ўсе аграрыі рэгіёна яшчэ адчулі важнасць задач, якія пастаўлены перад імі на бягучы момант.

З якімі пачуццямі пакідалі гараж КСУПа “Бялёў” старшыня райвыканкама Віктар Атліванаў і яго першы намеснік, начальнік райсельгасхарчу Мікалай П’яўко, сказаць складана. Але яўна не з радаснымі.  І падстава для гэтага была даволі сур’ёзная. Кіраўнікі рэгіёна спадзяваліся ўбачыць, як у гаспадарцы вядуць сяўбу ранніх каласавых, а сутыкнуліся з поўнай адсутнасцю арганізаванасці ў вышэйзгаданай справе. Таму і заканамернымі былі нараканні Віктара Адамавіча ў адрас дырэктара сельгаспрадпрыемства Андрэя Кудласевіча.

— Чаму тэхніка знаходзіцца на машынным двары, а не ў полі? — пытаўся кіраўнік рэгіёна. — Здаецца ж, спецыялісты агратэхсервіса і хімсервіса вам дапамаглі адрамантаваць многія агрэгаты. Чаму так не эфектыўна яны выкарыстоўваюцца?

Адказ на гэтыя пытанні быў навідавоку, як толькі прайшлі па тэрыторыі гаража. У энерганасычаным  “Беларусу” механізатары мянялі масла, а побач даводзілі да ладу пасяўныя агрэгаты. Так што ў дзень праверкі гатоўнасці тэхнікі да палявых работ бялёўскім земляробам проста не было чым сеяць. І прычынай такой несуцяшальнай сітуацыі сталі звычайныя неразваротлівасць і недапрацоўкі кадраў на месцах, якія ўзяліся самастойна рамантаваць важныя ў такую пару машыны і не справіліся з гэтым. Дырэктар гаспадаркі запэўніў, што ўжо ў бліжэйшыя дні сяўбу яравых зерневых і зернебабовых распачнуць. Ды і аб’ёмы ў іх невялікія, усяго трыста гектараў. Толькі, як кажуць, хто засядзеўся на старце, таму потым важка наганяць упушчанае. Тым больш што аптымальныя тэрміны сяўбы, якая сёлета распачалася са спазненнем, няўмольна праходзяць.

Не сеялі ў дзень рэйду, хаця надвор’е гэтаму спрыяла як найлепш, і ў акцыянерным таварыстве “Прыазёрскае-Агра”, а таксама камунальным сельгаспрадпрыемстве “Чырвоны Бор”. Зноў жа адклалі гэтую справу на  заўтра. Праверка паказала: у гаспадарцы тэхнічна гатовыя да працы. Напрыклад, у ААТ свежай фарбай пабліскваў новенькі пасяўны агрэгат, які так і прасіўся ў работу. Набылі ў таварыстве і энерганасычаны трактар “Фенд”, для падкормак азімых прыдбалі спецыялізаваную машыну “Туман”, але такія высокапрадукцыйныя адзінкі прастойвалі ў гаражы. І гэта нягледзячы, што аб’ёмы работ у сельгаспрадпрыемстве намнога большыя, чым бялёўскія. Толькі ранніх каласавых патрабуецца заштукаваць у глебу на сямістах гектарах. У КСУПе “Чырвоны Бор”, як патлумачыў дырэктар Віктар Раковіч, прычынай не выхаду сейбітаў у поле з’яўляецца вялікая пераўвільготненасць палеткаў, але будуць спрабаваць, бо далей чакаць нельга.

З вышэйзгаданых гаспадарак выгадна вылучалася акцыянернае таварыства “Людзяневічы”. Сяўбу тут вядуць амаль з тыдзень. Авёс ужо заняў плошчу 135 гектараў. Кіраўнік сельгаспрадпрыемства Анатоль Санюк разумее, што аб’ёмы работ адны з найбольшых у раёне (раннія зерневыя і зернебабовыя тут плануецца размясціць на сямістах гектарах), а з тэхнікай напруга. Падчас праверкі на машынным двары знаходзіўся ў рамонце адзін пасяўны агрэгат, які зламаўся падчас работы на полі з каменнем. Даводзіўся да ладу і энерганасычаны трактар. Але дырэктар запэўніў кіраўніцтва раёна, што справіцца з заданнем у вызначаныя тэрміны, хаця і ад тэхнічнай падтрымкі з боку таварыства не адмовілася б.  Ладзіцца праца на палетках і ў КСУПе “Коленскае”.

— Канечне, арганізацыйныя ўпушчэнні на месцах не спрыяюць плёну, — адзначыў пасля рэйда старшыня райвыканкама Віктар Атліванаў, — таму варта найхутчэй ухіліць недахопы, каб працаваць у полі рытмічна. Усё ж сёлета мы значна лепей падрыхтаваліся тэхнічна і вельмі прыкра, што наяўны патэнцыял не выкарыстоўваем на ўсю моц.

Хочацца верыць, убачаныя прыклады неразваротлівасці і неарганізаванасці, якія былі выяўлены кіраўніцтвам рэгіёна, з’ява часовая і  іх у гаспадарках сапраўды ўхіляць, як запэўнівалі дырэктары сельгас-прадпрыемстваў.  І сяўба ў раёне пойдзе шпаркімі тэмпамі. Тым больш што  толькі ранніх каласавых культур бягучай вясной неабходна пасеяць на 4680 гектарах.

Сяргей БЕЛКА  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.