Салдат перамогі — Іван Агіевіч

Чым далей ад нас Вялікая Айчынная, тым менш застаецца яе сведкаў. Таму так важна паспець пачуць іхнія ўспаміны і падзякаваць за збаўленне свету ад фашызму. Шматлікая грамадскасць шчыра павіншавала з 95-годдзем жыхара вёскі Відошын, ветэрана вайны Івана Агіевіча.
У Чырванаборскім Доме культуры з нагоды ўшанавання ганаровага чалавека сабраліся работнікі мясцовай гаспадаркі, дзе юбіляр працаваў будаўніком, кіраўніцтва сельвыканкама, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, раённай арганізацыі ветэранаў і РГА “Белая Русь”, школьнікі з ліку членаў БРСМ, родныя. У адрас віноўніка ўрачыстасці гучала шмат цёплых слоў і песень.
Побач з ім на століку – баявыя і юбілейныя ўзнагароды, сярод якіх Ордэн Айчыннай вайны, медалі “За вызваленне Варшавы” і “За ўзяцце Берліна”. А над галавой — аформлены кінастужкай летапіс жыцця, фатакарткі вялікай сям’і Агіевічаў. Адчуваецца, што сціплы імяніннік не прывык быць у цэнтры, уважліва слухаючы выступоўцаў, мужчына раз-пораз прыкладваў да шчымліва блакітных вачэй хусцінку.
А вядучая тым часам распавяла няхітрую біяграфію Івана Фёдаравіча. Нарадзіўся ветэран у Пухавічах восьмым з дзевяці дзяцей. Рана пачаў дапамагаць бацькам па гаспадарцы. Пасля школы юнак пайшоў вучыцца ў ФЗУ на рамонтніка абутку, толькі прымяніць гэту, такую мірную прафесію перашкодзілі гітлераўцы. На фронт Агіевіча прызвалі пасля вызвалення Беларусі. Ветэран-артылерыст прайшоў паў-Еўропы, сустрэўшы Перамогу ў самым логаве ворага і пры гэтым не атрымаў ніводнага ранення. Як і ўсе франтавікі потым аднаўляў разбураную падчас акупацыі гаспадарку, родны калгас. Акрамя грамадскіх пабудоў сваімі рукамі падняў дзве ўласныя хаты. Разам з жонкай Вольгай Рыгораўнай, якой ўжо не стала, Агіевічы далі жыццё шасцярым дзецям. У Івана Фёдаравіча 11 унукаў і столькі ж праўнукаў.
Звяртаючыся да юбіляра, намеснік старшыні райвыканкама Леанід Валатоўскі адзначыў вялікі подзвіг вызваліцеляў, якія, не шкадуючы жыццяў, абаранялі краіну. Сёння яны служаць прыкладам для моладзі. Ён пажадаў ветэрану яшчэ як мага даўжэй заставацца ў жыццёвым страі.

Святлана ШАКАЛЯН

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.