Яна, нібы хуткая дапамога

Калі Людміла Новак больш за 20 гадоў таму прыйшла ў Хлупінскі ФАП, на яе ўчастку было 86 дзяцей, у тым ліку з дзясятак немаўлят. Цяпер жа на вёсцы жывуць пераважна людзі пенсійнага ўзросту, але менш клопатнай работа медыка не стала. 

Ці трэба казаць, што за такі працяглы час фельчар ператварылася ў сапраўднага сямейнага доктара, таму што ведае кожнага абслугоўваемага, так бы мовіць, да сёмага калена. Ідучы на выклік, калі гэта не выпадковая траўма, Мікалаеўна з дакладнасцю можа прадказаць, што здарылася з тым ці іншым чалавекам, якая хвароба дала абвастрэнне на гэты раз.

– Дыягназы ў пажылых звычайныя, пераважна хранічныя – гіпертанія, суставы баляць, у сезон бываюць прастуды, – характарызуе агульную медкарту вёскі фельчар. – З 18 непаўналетніх на патранаце зараз толькі адна дзяўчынка, двухгадовая Верачка, а ўсяго ў пасямейных спісах – 166 жыхароў.

За кожнага з іх жанчына перажывае, як за роднага. І гэта амаль так, яна ж мясцовая, узгадавалася ў Хлупіне, а на вёсцы ўсе калі не родзічы, то добрыя знаёмыя. Як можна адмовіць у дапамозе, нават калі выхадны ці водпуск? Адзіную такую сітуацыю, прызнаецца, запомніла на ўсё жыццё і вывады зрабіла адпаведныя: медыкі сабе не належаць, справа такая – быць на пасту кругласутачна. Асабісты тэлефон фельчара даступны кожнаму, а ФАП адчынены штодня, акрамя нядзелі.

Людміла Мікалаеўна лічыць, што з прафесіяй ёй пашанцавала, ні разу не было на гэты конт расчаравання. Нават, калі жыццё падкідвала сур’ёзныя выпрабаванні. Да прыкладу, ёй двойчы прыходзілася прымаць роды на даму. Першаму “хрэсніку” ўжо мінула 20 гадоў, студэнт, вучыцца ў Мінску, другі, таксама хлопчык, яшчэ школьнік. Былі і выпадкі, калі прамаруджванне ў прамым сэнсе пагражала жыццю хворага, і толькі дзякуючы прафесійным дзеянням фельчара не здарылася самага горшага. А больш за ўсё Л. Новак падабаюцца тыя людзі, што да свайго стану ставяцца адказна, удзяляюць належную ўвагу прафілактыцы захворванняў. Іх яна прыводзіць астатнім у прыклад – нельга ігнараваць дрэннае самаадчуванне, каб потым не разлічвацца сур’ёзнай стратай здароўя.

Пра гэта медык даводзіць і юнаму пакаленню, калі бывае ў мясцовай школе – на аглядах і з інфармацыйнымі мэтамі. Акрамя непасрэднай работы па лячэнню занядужаўшых, на фельчары ляжаць і клопаты па ўтрыманню будынка ФАПа, уборцы тэрыторыі, ацяпленні памяшканняў. А яшчэ Мікалаеўна адпускае лекі з аптэчнага пункта, рэцэпты на іх выпісвае доктар з Хваенскай урачэбнай амбулаторыі, што регулярна праводзіць ў Хлупіне прыём.

– Напачатку, як у 1995 годзе перайшла на ФАП, вельмі хвалявалася, – прызнаецца суразмоўца, – гэта ў калектыве можна параіцца, а тут адказнасць цалкам твая. Але з цягам часу прыйшоў вопыт і прафесійнае чуццё. Я задаволена, як склаўся мой лёс.

Застаецца адзначыць, што служэнне людзям у якасці справы жыцця выбралі і абедзьве дачкі Таццяны Мікалаеўны. Адна пайшла па матчыных слядах, два гады пасля медвучылішча працуе ў раённай паліклініцы, а другая стала юрыстам, жыве ў Мінску. Бацькам дзяўчаты падаравалі чатыры ўнучкі. Меньшая з усіх забаў часцей выбірае гульню ў доктара. Відаць, падрастае будучая калега.

Святлана ШАКАЛЯН

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.