Начальнік райсельгасхарчу і кіраўнік райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу адзначылі перадавікоў вытворчасці

Першамай для вяскоўцаў па-сапраўднаму з’яўляецца святам стваральнай працы. У іх зараз даволі напружаны перыяд – ідзе пасяўная. Але і ў такія рабочыя будні першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Мікалай П’яўко і кіраўнік райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Радавец знаходзяць час, каб адзначыць перадавікоў вытворчасці.

У КСУПе “Коленскае”  сярод механізатараў, якія плённа шчыруюць бягучай вясной на палетках, маральныя заахвочванні ад прафсаюза і райсельгасхарчу атрымалі Уладзімір Ярмоліч, Віктар Галавач,  Мікалай Дамарад і Аляксандр Пяшэвіч. Кожны з гэтых земляробаў даволі вопытны і спрактыкаваны спецыяліст, мае вялікі досвед у абранай справе. Пра такіх людзей кажуць, што ў прафесію яны прыйшлі невыпадкова, а па прызванні. Таму ў даручаную работу ўкладваюць усю душу. Поспехам спрыяе і тое, што механізатары дасканала валодаюць  замацаванай за імі сучаснай тэхнікай, здольныя працаваць на самых розных машынах і агрэгатах. На сучасным этапе развіцця аграрнай галіны такія спецыялісты, вобразна кажучы,  на вагу золата.

– Не абмінуць увагай і пашанай такіх людзей – прамы абавязак прафсаюза, – гаворыць старшыня райкама арганізацыі Уладзімір Радавец. – Менавіта ўласным прыкладам перадавікі служыць прыкладам на вытворчасці для іншых. Скажам, што дадатковыя стымулы, няхай і маральныя, дазваляюць дабівацца ў калектыве адпаведнага настрою на работу. І штогадовыя працоўныя спаборніцтвы, якія ладзяцца прафкамамі падчас розных сельскагаспадарчых кампаній, таму яскравае пацвярджэнне, бо праходзяць такія мерапрыемствы ва ўпартым саперніцтве.

Што ўзнагароды ад райкама прафсаюза працаўнікоў АПК атрымалі менавіта  кольненскія механізатары, заслужана. Гаспадарка першай завяршыла сяўбу ранніх зерневых і зернебабовых культур, як і падкормкі азіміны і рапсу. І ў авангардзе кожнай тэхналагічнай аперацыі на палетку былі вышэйзгаданыя хлебаробы. І зараз яны на першых ролях.  Таму пасяўная ў сельгаспрадпрыемстве вядзецца шпаркімі тэмпамі. Ідзе падрыхтоўка глебы і сяўба кукурузы. Яе ў КСУПе  запланавалі пасеяць на 1050 гектарах, работу выканалі на 242-ох. За дзень у гаспадарцы ў глебу заштукоўваецца кукурузнае насенне больш як на паўсотні гектарах. У ліку тых, хто задае тон на такім адказным участку, і Мікалай Дамарад, які памяняў раскідвальнік мінеральных угнаенняў  на сеялку. Хапае клопатаў і ў Віктара Галавача і Аляксандра Пяшэвіча. Яны нядаўна былі заняты на сяўбе аднагадовых культур, а зараз з плугам і культыватарам забяспечваюць фронт работы для сейбітаў “каралевы палёў”. Уладзімір Ярмоліч не пакідае кабіны РАСы. Для яго важна правесці ў сціслыя тэрміны доглядныя мерапрыемствы на азіміне.

– Безумоўна, высокія дасягненні на палетках даюцца нялёгка, – адзначае старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Радавец. – Таму на плечы прафкамаў кладуцца і клопаты пра арганізацыю харчавання, захаванне правілаў бяспекі, стварэнне належных бытавых умоў. У сельгаспрадпрыемстве “Коленскае” і гэтыя пытанні вырашаюцца. Тут нельга не адзначыць належнае  партнёрскае супрацоўніцтва з адміністрацыяй гаспадаркі і непасрэдна з яе кіраўніком Валянцінам Карпавым. Дарэчы, ён таксама адзначаны ганаровым дыпломам.

Так, кіпіць праца на коленскіх палетках. Тут кожны імкнецца атрымаць найлепшыя вынікі. І лідары пасяўной нацэльваюць  на гэта іншых.

Сяргей БЕЛКА

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.