Яе лес і лёс

Зусім неабавязкова, што чалавек, які збудаваў дом, вырасціў сына і пасадзіў дрэва, – сапраўдны мужчына. Часта гэта звычайная жанчына. Зінаіда Долатцава свой жыццёвы план яшчэ і перавыканала, асабліва па апошняму пункту. За больш як сорак гадоў працы ў лясной гаспадарцы не злічыць, колькі паднялося яе бяроз ды соснаў.

На Жыткаўшчыну Зіначка трапіла, скончыўшы Полацкі лесатэхнікум. Пасля роднай школы, што на Лепельшчыне Віцебскай вобласці, дзяўчына абрала бацькаву спецыяльнасць лесніка, хаця відавочна было б па гэтай сцяжыне ісці каму-небудзь з трох яе братоў.

– Мне падабалася такая справа, – проста тлумацыць свой выбар суразмоўца. – Хоць і бывала цяжкавата, але ні разу не пашкадавала, я старалася абыходзіцца з людзьмі справядліва, і яны мне плацілі павагай.

Ці жаночая гэта прафесія, майстар лесу, здаецца, ніколі не задумвалася. У яе быў сапраўдны талент кіраўніка – моцная палова падпарадкоўвалася Долатцавай без усялякіх паправак на яе ўзрост і пол. Дысцыпліна ў калектыве прысутнічала заўсёды ўзорная, яна ўмела адстойваць рабочых перад начальствам і па-свойму ўшчуваць, калі тыя правінаваціліся. Зінаіда Міхайлаўна працавала бадай ці не ва ўсіх лясніцтвах, але даўжэй – у Жыткавіцкім, прайшла ўсе яго кварталы, ведаючы кожнае ўзлессе і сцяжыну. Ці трэба казаць, што і першыя ягады: чарніцы, ажыны ці суніцы яе, грыбы – таксама. Да работы ветэран працы ставілася вельмі адказна, пра што сведчаць захоўваемыя ў сямейным архіве шматлікія ўзнагароды. Летам, калі засуха пагражала “чырвоным пеўнем”, можна сказаць, жыла ў лесе, ратуючы яго ад пажараў. Мела правы трактарыста. А яшчэ ў яе хапала спрыту абараняць гонар прадпрыемства ў розных спартыўных спаборніцтвах.

Лес адыграў важную ролю не толькі ў прафесійным стаўленні нашай гераіні, а і ў асабістым жыцці таксама. Менавіта на працы Зінаіда Міхайлаўна пазнаёмілася з будучым мужам. Юрый Мікалаевіч, цяпер ужо нябожчык, шчыраваў на той час вадзіцелем. Потым перайшоў на МАЗ у аўтабазу, дзе і завяршыў сваю кар’еру.

– Мама заўсёды была адданая рабоце, – прыгадвае сваё дзяцінства дачка Ірына, што прыехала ў госці з Санкт-Пецярбурга. – Мы з братам Міхаілам гэта разумелі і стараліся дапамагаць па гаспадарцы, даглядалі жывёлу, парадак падтрымлівалі ў хаце.

Дарэчы, пра дом. Долатцавы, па словах субяседніцы, будавалі яго якраз на даччыныя дэкрэтныя. І выкарыстоўвалі не дрэва, а цэглу, што была таннейшай за бярвенні. Сёння дагледжаны будынак з прасторным падворкам на вуліцы Міра патанае ў зелені. Па меры сіл гаспадыня корпаецца ў агародзе. А яшчэ нядаўна бабуля двух унукаў і такой жа колькасці праўнукаў была актыўнай удзельніцай пасядзелак у клубе ветэранаў тэрытарыяльнага цэнтра.

На тыдні Зінаіду Міхайлаўну віншавалі з 80-годдзем. І гэтая дата вельмі сімвалічная. Адна са старэйшых работнікаў лясгаса ўсяго на два гады маладзейшая за сваё прадпрыемства. На Дошцы гонару каля адміністрацыйнага будынка ёсць і яе партрэт.

Святлана ШАКАЛЯН

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.