Апошняе лета дзяцінства

Гэта быў іх дзень, з якога стартавала дарослае жыццё. Калейдаскоп вячэрніх строяў і прычосак змяняла не меньш пярэстая гама эмоцый. На Жыткаўшчыне, як і паўсюдна ў краіне, выпускнікі развітваліся са школай. Галоўнае свята прайшло ў раённым цэнтры, яго месцам на гэты раз стала пляцоўка ля гарадскога цэнтра культуры.

Рушылі да яе адзінаццацікласнікі па традыцыі ад кальца на Карла Маркса. На чале калоны – юныя барабаншчыцы. Разам з дзецьмі ідуць іх настаўнікі. З рэпрадуктараў разносяцца шчымлівыя песні пра школьную пару, а на тратуар высыпалі шматлікія гледачы. Моладзь разглядвала модныя трэнды сезона, а бабулі ўздыхалі: “Некалі і мы былі такімі ж прыгожымі”.

Пад апладысменты запаланіўшай плошчу публікі нарэшце аб’яўляюць віноўнікаў урачыстасці. Першымі сваё месца на спецыяльнай дывановай дарожцы займаюць выдатнікі. Сёлета іх як ніколі шмат. Потым круг пашаны здзяйсняюць гімназія, першая, другая і трэцяя школы. Падтрымаць сваіх аднакласнікаў-медалістаў таксама прыехалі выпускнікі Хільчыцкай, Верасніцкай і Людзяневіцкай СШ. На небасхіле малой радзімы запалілася яшчэ адно сузор’е – 2018.

Пасля таго, як паднялі дзяржаўны сцяг, са святам усіх павіншаваў  старшыня раённага Савета дэпутатаў  Уладзімір Кулеш. Кіраўнік улады выказаў надзею, што моладзь абавязкова ўнясе свой уклад у развіццё дзяржавы, пажадаў не забываць малую радзіму, захоўваць удзячнасць бацькам і педагогам, каб далейшае жыццё юнакоў і дзяўчат было шчодрым на дабро і радасць.

А потым пачалася цырымонія ўзнагароджвання, хвіліна славы тых, хто прыклаў нямала намаганняў, каб дасягнуць адукацыйных вышынь. Сёлета найлепшых вынікаў ў вучобе дабіўся кожны дзясяты выпускнік раёна, ці 31 чалавек з 305 скончыўшых школу. Медалі не месціліся на падносе і яго прыйшлося выносіць на сцэну двойчы. Былі і асобныя намінацыі. Кацярына Пашук, акрамя золата, атрымала пасведчанне спецыяльнага фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, а Арцёму Малахаву і Дзмітрыю Пінчуку ўручылі яшчэ па аднаму медалю —  за высокія спартыўныя дасягненні.

Музычныя нумары змяняліся прамовамі выступоўцаў. Слова трымалі Алена Ранько, дырэктар Гомельскага дзяржаўнага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі і благачынны Тураўскай епархіі протаіерэй Генадзь Хаткевіч. Ад імя бацькоў наказ выпускнікам дала Таццяна Русая.

Змяніўшы высокія абцасы на балеткі, дзяўчаты з юнакамі кружыліся ў вальсе. Моладзь запрашала на танец сваіх татаў і матуль. Перажываючы, многія не хавалі слёз, сум ад развітання змешваўся з радасцю сталення. Фіналам гарадскога балю, як звычайна, стаў запуск у неба паветраных шароў, каб збыліся ўсе надзеі.

 

Да слова

Найбольшую колькасць вучняў — 47 чалавек — сёлета выпусціла гімназія. У той час як Юркевіцкая СШ выдала ўсяго пяць атэстатаў аб сярэдняй адукацыі. Па шасцёра рабят скончылі Ленінскую, Дуброўскую, рычоўскую і Чырванаборскую школы.

Ім скарыліся вяршыні

Гімназія г. Жыткавічы імя А. Ліхоты: Ангеліна Дзівенка, Эдгар Друк, Дар’я Краўчэня, Анастасія Купрыяновіч, Надзея Нікіценка, Кацярына Пашук, Дзмітрый Пінчук, Крысціна Табула, Павел Тачыла, Арцём Чыкіда, Анастасія Юнчыц, Вікторыя Якаўлева.СШ №1 г. Жыткавічы імя Р. Тураўца: Анастасія Ханеня.СШ №2 г. Жыткавічы імя А. Галавача: Ганна Барсук, Сцяпан Грышчэня, Паліна Жогаль, Ганна Мулюк, Кацярына Проніна.СШ №3 г. Жыткавічы: Елізавета Гаўрылава, Маргарыта Гарошка, Уладзіслаў Людвікевіч, Ангеліна Русая. Хільчыцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа: Ірына Каляда, Юлія Матарас.Дзякавіцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа: Людміла Неўмяржыцкая.Верасніцкая сярэдняя школа: Марыя Кудласевіч, Уладзіслаў Вашкоў, Анастасія Рыдзецкая, Кацярына Струк.Людзяневіцкая СШ: Арцём Малахаў, Аліна Прылуцкая.

Святлана ШАКАЛЯН

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.