Круцейшыя за гарадскіх

Чым адрозніваюцца сельскія жыхары ад гарадскіх? Адказ на гэтае пытанне атрымалі ў пасёлку Азёрным, дзе ў мінулыя выхадныя сышліся ўладары сяла.

Ужо ў трэці раз маладыя сем’і з аграгарадкоў і вёсак Жыткаўшчыны спаборнічалі ў раённым этапе штогадовага рэспубліканскага конкурсу.

Што да чаго

Праект «Уладар сяла» — гэта не проста спаборніцтва на званне лепшай дружыны, а свайго роду традыцыя, якая накіравана на замацаванне сем’яў на сяле, развіццё іх гістарычных і культурных каштоўнасцяў, традыцый беларускай вёскі, далучэнне моладзі да здаровага ладу жыцця.

Упершыню конкурс прайшоў у Глыбоцкім раёне ў 2007 годзе. У 2008-ым моладзевая ініцыятыва была падтрымана на больш высокім узроўні. Цяпер гэта мерапрыемства праводзіцца на пастаяннай аснове ва ўсіх рэгіёнах краіны ў тры этапы: раённы, абласны і фінальны — рэспубліканскі.

 Галоўныя героі — сем’і з дзецьмі, у якіх муж і жонка знаходзяцца ва ўзросце да 31 года. Абавязковыя ўмовы: павінны жыць у вёсцы больш за тры гады, мець асабістую падсобную гаспадарку і працаваць у сельскай мясцовасці.

За перамогу ў гэтым годзе змагаліся ўсяго толькі тры сям’і, але нягледзячы на гэта конкурс выдаўся не менш відовішчным, чым у мінулым. Ацэньвалі моладзь кампетэнтныя і бесстароннія члены журы, а менавіта намеснік старшыні райвыканкама Леанід Валатоўскі, старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Уладзімір Гулюта, старшыня Жыткавіцкага РАС ДТСААФ Валерый Ляўковіч і першы сакратар раённага камітэта БРСМ Віктар Рамановіч. Вітаючы ўдзельнікаў, Леанід Валатоўскі адзначыў:  

— Мэта «Уладара сяла», на маю думку, — не толькі прапагандаваць культурныя і сямейныя каштоўнасці, але і паказаць, што жыць на сяле цікава. Пакуль ёсць такая моладзь, як сённяшнія канкурсанты, за будучыню можна быць спакойнымі.

Талент і крэатыўнасць

Пляцоўкай для конкурсу, як заўсёды, стала тэрыторыя мясцовага Дома культуры. У вялікі творчы канцэрт ператварыліся візітныя карткі. На імправізаванай сцэне першымі паўсталі члены сям’і Статкевіч, якія, дарэчы, ужо перамагалі ў мінулым годзе, а з абласнога этапу прывезлі на радзіму ганаровае трэцяе месца. Разам з татам Кірылам і мамай Надзеяй паказаць сябе прыехалі і іх выдатныя дзеці — дачка Віка і сын Саша. Вершамі і песнямі Статкевічы распавялі пра іх знаходжанне ў Людзяневічах і пра хараство сельскага жыцця.

Рамантычную гісторыю знаёмства і стварэння сям’і распавялі гледачам Кудачы з Мілевіцкага сельскага Савета — Дзмітрый і Людміла. Разам з бацькамі да публікі выйшла і чароўная трохгадовая дачка Сафія, якая заваявала гасцей сваімі выдатнымі вачамі і чароўнай усмешкай. Яны ўпершыню прыехалі на падобнае спаборніцтва, як і члены сям’і Крук з Верасніцы. Тата Васіль і мама Анастасія выканалі кранальную песню пра сваю любоў, прымусіўшы гледачоў пусціць слязу. Гэтая сям’я носіць статус шматдзетнай, але на конкурс з бацькамі прыехала толькі старэйшая Ульяна, двое малодшых засталіся дома.

Пасля апавяданняў пра сябе, сям’і падрыхтавалі для гледачоў свайго роду выставы. Гэты этап конкурсу называўся «Сямейная майстэрня». Чым толькі не здзіўлялі журы канкурсанты: жонкі і вяжуць, і вышываюць, і вырошчваюць на участках разнастайную гародніну, ягады, садавіну, а мужыкі, як і пакладзена, займаюцца паляваннем, рыбалкай, разьбой па дрэве і г.д. Яно і няхітра, бо ў вольны час на сяле ад гультайства не пакутуюць, а кожную вольную хвіліну імкнуцца выкарыстаць з карысцю.

Спрыт і сіла

Рытмічнымі рухамі двухручнай пілой жонкі і мужы распілоўвалі бярвёны на дзве роўныя паловы — менавіта так выглядаў конкурс «Дрывасек па-палесскі». Далей мужчына браўся за сякеру і расшчапляў кругляк на чатыры часткі. «Хутчэй давай! Весялей, мужыкі!» — скандзіравалі гледачы-балельшчыкі. Тым часам жонкі ліха складвалі дровы.

А далей — сельскагаспадарчая эстафета. Тут арганізатар конкурсу, раённы камітэт БРСМ, папрацаваў на славу, прыдумаўшы крэатыўныя, але ў той жа час нескладаныя выпрабаванні. Хоць лёгкімі яны здаваліся толькі першапачаткова. Напрыклад, жонкі павінны былі трапіць ручкай, якая прымацоўвалася да лёскі вуды, у бутэльку з вузкай гарлавінай. Пасля чаго мужы адпраўляліся апранаць паўзункі на ляльку-немаўля. Затым пары неабходна было перанесці з дапамогай шнуроў пяцілітровае вядро з вадой да ёмістасці з такім жа аб’ёмам і напоўніць яе. А далей кідаліся шарыкамі з вадой, дакладней жонцы трэба было трапіць у вядзерца, якое трымаў муж. Ну а завяршалася эстафета забіваннем здаравенных цвікоў у бервяно.

Самы відовішчны этап, без перабольшання, — «Залатая падкова». Удзельнікі на хуткасць распрагалі і запрагалі каня. Больш за тое, улічвалася правільнасць дзеянняў. За памылкі прысуджаліся, як і ва ўсіх папярэдніх выпрабаваннях, штрафныя балы. Некаторыя сем’і справіліся з задачай досыць хутка. Зрэшты, не дзіўна, бо ва ўсіх іх ёсць свая падсобная гаспадарка. Ды і калі коней у ёй не трымаюць, то ў дзяцінстве дакладна сустракаліся з такімі заданнямі, так што справіліся ўсе як адзін — спрытна. І конь, дарэчы, быў спакойны, а таму цяжкасцяў не ўзнікла.

Вызначыць самую працавітую і таленавітую сям’ю было вельмі складана, бо кожная старалася на славу і выклалася максімальна. Але вынікі ўсіх этапаў паказалі, што лепшай у чарговы раз сталі Статкевічы. Менавіта яны зноў выпрабуюць лёс на абласным этапе «Уладара сяла». Другое месца адправілася ў скарбонку Кудач, а ганаровае трэцяе — у сям’і Крук. Балазе, пасля абвяшчэння вынікаў ніхто не знерваваўся, а годна прынялі паражэнне. Ды і паміж моладдзю ўзнік сяброўскі кантакт, нягледзячы на азарт і жаданне перамагчы.

Раённае аб’яднанне прафсаюзаў, дарэчы, аказала частковую спонсарскую дапамогу і сумесна з БРСМ набыло і падрыхтавала дыпломы і падарункі для ўдзельнікаў.

Дзіяна РЫДЗЕЦКАЯ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.