Лясная Дынастыя

Такі выпадак, а дакладней гісторыю, рэдка сустрэнеш у нашым раёне. Гаворка ідзе пра сям’ю, якая ледзь не поўным складам працуе ў адной арганізацыі. Выраз «і дома разам, і на працы» – якраз пра іх.

Адказ на пытанне «Супадзенне або лёс?», Леанід Атаманчук, галава сям’і, даць не можа, бо сам не ўсведамляе, што і сапраўды самыя блізкія заўсёды побач з ім. Затое разумее, што ў гэтым ёсць вялікі плюс: сумаваць па родных не прыходзіцца.

Усё пачалося з яго бацькі Пятра, які 44 гады аддаў Рычоўскаму лясніцтву. За ўвесь гэты час ніхто і дрэннага слова пра яго сказаць не мог – настолькі працавітым і старанным быў. Следам за ім уладкавалася пажарным вартаўніком і жонка Пятра Мікалаевіча Сафія, якая 10 гадоў знаходзілася побач з мужам не толькі пасля працоўнага дня, але і на яго працягу.

Леанід і падумаць не мог, што калі-небудзь  апынецца ў той жа сферы, што і бацька. Скончыў Рычоўскую школу, адправіўся ў Мазыр вучыцца на вадзіцеля, як і ўсе адслужыў у арміі, па вяртанні ўладкаваўся ў родны калгас, але дзядзька прапанаваў іншую вакансію, у Жыткавічах. Калі праходзіў медкамісію, сустрэў галоўнага ляснічага з райцэнтра, свайго даўняга знаёмага, той і паклікаў сесці за баранку службовага аўто. З таго моманту прайшло ўжо 40 гадоў. «Час ляціць незаўважна, не ўсведамляю, што палову жыцця правёў у лясгасе. Балазе, што не прыйшлося, як іншым, мяняць з разу ў раз спецыяльнасць», – дзеліцца Леанід Атаманчук.

Як некалі і бацька, ён добра праявіў сябе ў арганізацыі, а таму ў лясгасе яго паважаюць. Ды і хіба дрэнны працаўнік затрымаўся б настолькі? Гэтак жа і жонка вадзіцеля, Вольга, дзясятак гадоў перад пенсіяй прысвяціла лясному прадпрыемству. Будучы вартаўніком на прахадной, заўсёды ветлівая і ўсмешлівая, падтрымлівала мужа. І, прызнаецца, сямейная пара ніколі не канфліктавала паміж сабой.

Дарэчы, і старэйшы брат Леаніда Пятровіча таксама аддаў палову жыцця лясной галіне, але на радзіме ў Рычове. Толькі сярэдні па старшынстве сваяк палічыў за лепшае калгас. Следам за бацькамі ў ДЛГУ прыйшлі і дзеці Леаніда і Вольгі. Старэйшы – таксама за баранкай, возіць галоўнага ляснічага, а яго жонка там жа галоўным бухгалтарам уладкавалася. Малодшы качагарам стаў.

– Хто ведае, можа і ўнукі захочуць у наш лясгас, – марыць Леанід Атаманчук. – Вядома, вялікія гарады, куды імкнецца цяпер моладзь, – гэта перспектывы, але затое тут у коле блізкіх заўсёды прасцей: падтрымаюць, дапамогуць, падкажуць.  Я нават не ўяўляю сваё жыццё іншым. Думаю, вельмі сумаваў па родных, калі б жылі ў іншых населенных пунктах або працавалі ў другіх арганізацыях. Смела магу сказаць, што дзякуючы такім супадзенням я – вельмі шчаслівы чалавек.

Дзіяна РЫДЕЦКАЯ

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.