Сёлета аграгарадок Ленін аздначыў 450-ты год з дня свайго заснавання

І адзначалі юбілей мясцовыя жыхары разам са шматлікімі гасцямі з вялікім размахам.

Уся дзея свята адбылася  на пляцоўцы ля ўстановы культуры. У яе сценах і побач з будынкам  размясціліся прыгожыя выставы ленінскіх талентаў:  Сяргея Плотнікава, Людмілы Танені, Эмы Плотнікавай, Вера Лунцэвіч і Ягеніі Макеенка.  Старт жа ўрачыстасці ўзялі з сумеснага прагляду ўдзельнікамі не толькі карцін, здымкаў і вырабаў народных промыслаў, а і фотапрэзентацыі: “Ленін: учора, сёння, заўтра”. Гэтак жа дружна жыхары апладзіравалі героям тэатралізаванай пастаноўкі, падчас якой самадзейныя артысты ўзнавілі падзеі аб заснавалі паселішча. Як паказаў ход гісторыі, край гэты аказаўся надта прыдатным для пражывання і ажыццяўлення мараў.  Менавіта адсюль шмат ленінцаў пачалі ўласную жыццёвую дарогу, дабіўшыся значных поспехаў на гэтым цярністым шляху. У ліку іх прафесары Валерый Капліч, Генадзь Кандраценка, кандыдат навук Алена Гарошка, былыя галоўны санітарны ўрач Брэсцкай абласной санстанцыі Уладзімір Мірфазы, дырэктар Гомельскага кааператыўнага каледжа Кацярына Сяліцкая і іншыя. На жаль, не ўсе са знакамітасцей здолелі прыехаць на мерапрыемства, але душой, напэўна, кожны быў на ім.

…Разам каштавалі хлеб-соль ад арганізатараў свята і прымалі віншавалі ад сваіх выбітных землякоў, што прыбылі на юбілей аграгарадка. Гэта дырэктар сельгаспрадпрыемства “Камуніст” Ельскага раёна Рыгор Бабчанок, які праславіў сваю малую радзіму не толькі высокімі вытворчымі здабыткамі ўзначальваемай гаспадаркі, але і паэтычным талентам, выдаўшы некалькі кніг уласных вершаў, і са сцэны разам з духмяным караваем прэзентаваў іх землякам. Як добрую і старанную працаўніцу ўшанавалі ленінцы і Святлану Лахвіч, што доўгія гады кіравала аўтапаркам у Мікашэвічах. Канечне ж, атрымаў нямала слоў падзякі і польскі бізнесмен, ураджэнец гэтых мясцін Анджэй Дуда, які ўвекавечыў памяць аб загінуўшых у гады вайны жыхарах. Так, у гісторыі Леніна было  вельмі шмат трагічных старонак, але ўсе нягоды мясцовы люд пераадольваў стваральнай і нястомнай працай.  Таму і нядзіўна, што самыя цёплыя словы пашаны і падзякі, а таксама падарункі былі выказаны і ўручаны ветэранам, якія шмат зрабілі для росквіту мястэчка. Іх добрыя справы і да гэтага часу не забыты кіраўніцтвам арганізацый і прадпрыемстваў, адкуль  паважаныя людзі выйшлі на заслужаны адпачынак.Па словах старшыні сельсавета Васіля Нямчэні, менавіта яны, шчыруючы ў маладыя гады на палетках і фермах гаспадаркі, на адукацыйнай і культурнай нівах, на лясных дзялянках лясгаса, за прылаўкамі гандлёвых кропак,  у органах мясцовага самакіравання, іншых галінах, закладвалі  трывалы падмурак для сённяшняга камфортнага пражывання ў паселішчы. І цяпер ветэраны актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім і культурным жыцці аграгарадка, што толькі спрыяе яго росквіту. За гэта ўсім падзякаваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Кулеш, які па-праву назваў Ленін адным з самых добраўпарадкаваных населеных пунктаў у раёне. І ў тым заслуга не толькі сельсавета, але і людзей.

Парадаваліся прысутныя на свяце і за падрастаючае пакаленне ленінцаў. Іх выступленні засведчылі, што не перавяліся таленты на гэтай слаўнай зямлі, што яны здольныя многа станоўчага дадаць у мясцовую скарбонку добрых і стваральных спраў, а таксама чуласці і спагады, што заўсёды былі ўласцівыя жыхарам. І старэйшае пакаленне прыкладвае нямала намаганняў, каб у Леніне  меліся належныя ўмовы для карыснай занятасці дзяцей. Напрыклад, на свяце для малых урачыста адкрылі гульнявую пляцоўку. Горкі, арэлі кіраўніцтва сельвыканкама ўзводзіла разм з жыхарамі  з дапамогай арганізацый, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць на адміністрацыйнай тэрыторыі.  І такіх плённых вынікаў у аграгарадку больш як дастаткова.

Радасць і ўсмешкі, шматлікія падарункі, цудоўны настрой — гэта ўсё прысутнічала на святкаванні юбілею мястэчка Ленін. Немалы ўклад у агульную атмасферу ўнеслі ўладальнікі гульнявых атракцыёнаў, гандлёвых радоў, дзе было ўсяго, чаго, як кажуць, душа пажадае. Змаглі адведаць жыхары і госці наварыстай юшкі ад рыбгаса “белае”, а таксама вэнджаных карпоў і карасёў. Але бадай асноўнай крыніцай весялосці на мерапрыемстве былі канкрэтныя нумары самадзейных артыстаў як мясцовых, так і прыезджых. Радавалі сваёй творчасцю прысутных калектывы  “Каліна” з аграгарадка “Зашыр’е” Ельскага раёна (дарэчы яго выступленне стала падарункам землякам ад Рыгора бабчанка), “Балаган” з гарадскога пасёлка Старобін, “Стрэчанне” з вёскі Грабава.

Значны гістарычны шлях у Ленінскай зямлі і, адзначаючы яе юбілей, мясцовыя жыхары прадэманстравалі ўсе лепшыя якасці, самай галоўнай з якіх з’яўляецца, што няма на свеце для іх мілей краю, чым родны дзедаўскі кут і прыгожыя случанскія берагі. Вось так і жывуць адданыя сэрцам і душой роднай зямлі.

Наша даведка: гісторыя м. Ленін (1568 – 2018):

1568 г. – першае  пісьмовае ўпамінанне аб Леніне – “Прывілей Жыгімонта Аўгуста, караля польскага, вялікага князя  літоўскага князю Юрыю Слуцкаму на заснаванне мястэчка”;

1863 г. – адкрыццё першага Ленінскага аднакласнага вучылішча. У гэтым жа годзе пабудавана царква.

1870 г. – узведзена капліца на вясковых могілках у гонар пазбаўлення сялян ад прыгоннага права;

1921 -1939 гг. – м. Ленін у складзе Польшчы. 17 верасня 1939 года яно вызвалена ад буржуазнага прыгнёту, а ўжо ў снежні прымае статус раённага цэнтра. У ліпені 1941 года населены пункт акупавалі нямецка-фашысцкія захопнікі;

1942 г. – стварэнне ГЕТТА ў Леніне;

6 ліпеня 1944 г. – час вызвалення ад ворага савецкімі войскамі;

9 студзеня 1952 г. – Указам Прэзідыума Вярхоўнага савета БССР скасаваны дакумент аб статусе гарадскога пасёлка Ленін, як райцэнтра Ленінскага раёна Пінскай вобласці;

20 студзеня 1960 г. –  вёска Ленін увайшла ў склад Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. У гэтым жа годзе тут збудавана Ленінская сярэдняя школа, арганізаваны саўгас “Ленінскі”;

1974 г. – адкрылася народная бібліятэка. Праз чатыры гады ўзведзены новы будынак Ленінскага сельскага Савета;

Адметнымі ў развіцці  Леніна з’яўляюцца васьмідзясятыя гады мінулага стагоддзя: тут будуецца новыя будынак школы,  катэджны пасёлак, пачала дзейнічаць праваслаўная царква Раства Прысвятой Багародзіцы;

1993 г. – здадзены ў эксплуатацыю Ленінскі сельскі дом культуры. Праз год адкрыты мемарыяльны комплекс на месцы заключэння вязьняў Ленінскага ГЕТТА, а ў 1998 годзе першых пацыентаў прыняла новая бальніца;

2010 г. – вёска атрымала статус аграгарадка;

8 чэрвеня 2014 года – мясцовыя жыхары ўрачыста адкрылі новы храм.

Сяргей БЕЛКА

На здымках: вітаюць жыхароў Леніна Святлана Лахвіч, Васіль Нямчэня і Рыгор Бабчанок; уласныя вырабы дэманструе майстрыха Вера Лунцевіч; весела на гульнявой пляцоўцы; аддзячылі на свяце ветэранам працы мясцовай школы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.