«З аўдыторыі выходзіла апошняй»

Выпускніцы Кацярыне Пашук, як і іншым абітурыентам, падчас нядаўняй уступнай кампаніі прыйшлося парадкам пахвалявацца. Але ў адрозненне ад астатніх яно таго было варта. Гімназістка здала тэсты лепш за ўсіх у раёне, набраўшы у выніку 383 балы з 400 магчымых. Для Жыткаўшчыны апошніх гадоў гэта, бадай, рэкорд. Такі паказчык дазволіў нашай выдатніцы стаць студэнткай прэстыжнейшага факультэта міжнародных адносін БДУ.

У атэстаце залатой медалісткі і стэпендыяткі прэзідэнтскага фонду па падтрымцы адоранай моладзі – адны дзясяткі. Яны склалі першую сотню заветнай суммы. Другую, па беларускай мове, (мы, дарэчы, пра тое пісалі) Каця атрымала яшчэ на зімовых канікулах, калі стала пераможцай абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па гэтаму прадмету. Тым не менш, дзяўчына вырашыла вытрымаць яшчэ і іспыт, да якога, прызнаецца, зусім не рыхтавалася. Чатыры недакладнасці ў сарака заданнях адмінусавалі дзевяць балаў.

— Але гэта не засмуціла, — прыгадвае тыя эмоцыі дзяўчына. — Сертыфікат у мяне ўжо быў, а тэст даў магчымасць праверыць свае сілы і асвоіцца ў экзаменацыйным пакоі. Разам з тым зрабіла выснову, што ЦТ праходзіць лягчэй, на алімпіяды ідзе нашмат больш сіл, з 9 класа ў іх удзельнічаю. Тым не менш, ніколькі не шкадую, што маю такі досвед. Падобныя спаборніцтвы далі мне не толькі веды, але і ўзбагацілі новымі знаёмствамі і стасункамі.

Калі з мовай сумніву не было, то матэматыка парадавала нечакана. Наша гераіня здала дысцыпліну на 92 балы, у той час як на рэпетыцыйным тэсціраванні звычайна выходзіла крышку больш за восемдзясят.

— Тры гадзіны праляцелі незаўважна, —атрымаўшы на вуліцы ў Салігорску, дзе пісала ЦТ, СМС-ку з вынікам, Каця ўспамінае, што ад радасці скакала. — З аўдыторыі я выходзіла апошняй, пры гэтым ні хвіліны не сядзела без справы. Паспяхова зрабіла 28 заданняў, а на дзве задачы, на жаль, адказаў не знайшла. Ці задаволена? Канешне. Магло ж і менш пашанцаваць.

І на апошнім, нямецкім іспыце, наша выдатніца таксама выкарыстала ўвесь адведзены для экзамена час. Шэсцьдзясят пунктаў, на якія давалася 120 хвілін, лузала як арэхі і зарабіла 91 бал, дапусціўшы хібы ўсяго ў чатырох заданнях.

З профільнымі прадметамі дзяўчына вызначылася, перайшоўшы на старэйшую ступень. Сакрэту свайго поспеху не хавае. Упэўнена: для такога выніку дастаткова проста школьнай праграмы, галоўнае, якасна засвойваць тую інфармацыю, што даюць настаўнікі. Апроч таго, ёй дапамагала яшчэ наведванне факультатываў і самастойнае штудзіраванне розных дапаможнікаў. А вось рэпетытараў, па словах субяседніцы, не было. Мама-матэматык не ў разлік, усміхаецца Каця, яна можа даць параду бадай ці не па кожным прадмеце.

На думку гімназісткі, лепш засвойваць усё паступова з малодшых класаў, тады і прабелаў не будзе, а перад іспытамі важна максімальна сканцэнтравацца і настроіцца на добрыя вынікі. Перад самім ЦТ не перашкодзіць выспацца, вызваліўшы другую палову дня ад падручнікаў. Парады банальныя, але яны працуюць. На ўласным вопыце дзяўчына пераканалася, што, калі прадукцыйна арганізаваць свой рэжым, то хопіць часу і на адпачынак, і на сяброў, і на сацыяльныя сеткі.

Заяву ва ўніверсітэт Каця Пашук падавала ў першы з пяці вызначаных дзён. З прафесіяй вызначылася загадзя, пры падтрымцы бацькоў яна выбрала запатрабаваную зараз спецыяльнасць “мытная справа”. У сям’і Пашук, дзе маці працуе настаўніцай, тата галоўным ляснічым лясгаса, а брат — інжынер-механік, гэта новы вектар дзейнасці. На сустрэчы з дэканам прозвішча жыткаўчанкі сярод залічаных прагучала другім у рэйтынгу балаў, 17 бюджэтных месцаў дасталіся самым здольным абітурыентам. 

Святлана ШАКАЛЯН,

фота з асабістага архіву гераіні

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.