Азімымі каласавымі культурамі ў КСУПе “Бялёў”, што на Жыткаўшчыне, сёлета плануюць засеяць тысячу гектараў.

 Гэтую справу кіраўніцтва гаспадаркі даверыла механізатару Генадзю Галавачу.

Выдатнай выпрацоўкай  на палетках земляроб пахваліцца пакуль не можа. І не таму, што не хапае майстэрства і самааддачы, а па прычынах  даволі празаічных. Напрыклад, у дзень наведвання гаспадаркі яго энерганасычаны “Беларус” прастойваў ў гаражы з-за паломкі.

— Тэхніка старая, таму і выходзіць са строю, а запасных частак не дастае. Вось чакаю, павінны падвезці, — у скрусе адзначае работнік. — А час жа не спыніш, такія дзянькі на дварэ мінаюць, толькі сеяць і сеяць бесперапынна.

Безумоўна, што ў вераснёўскую напружаную для вяскоўцаў пару, вышэйзгаданая акалічнасць сапраўднаму хлебаробу душу не грэе. Таму і аддача ў сейбіта была адпаведная – на 24 верасня ён заштукаваў у глебу насенне зерневых толькі на 79 гектарах. Несумненна, такі здабытак наводзіць на думку, а ці здолеюць бялёўскія земляробы справіцца з вызначанымі аб’ёмамі  па закладцы будучага ўраджаю збажыны ў аптымальныя тэрміны? Да таго ж менавіта азімыя культуры з’яўляюцца асновай валавога збору зерня ў нашым рэгіёне. Яны больш устойлівыя да прыродных катаклізмаў і больш ураджайныя за яравыя. Прайшоўшае жніво гэта яскрава даказала. Таму і зразумелае шкадаванне механізатара, што яму не ўдаецца выкарыстаць  магчымасці тэхнікі на ўсю яе магутнасць. Поле для дзейнасці дастатковае. Калегі — Аляксандр Брынявец наараў, а Максім Савіч падрыхтаваў  зямлі, што і за тыдзень пры поўнай загружанасці  не пасееш. А тут яшчэ і дажджы падцягнуліся. Гэта зараз, калі палеткі перасохшыя, вільгаць у радасць, а калі зачасцяць ліўні, то ў поле не заедзеш, асабліва на тарфянікі.

Пра ўсё гэта добра ведае Генадзь Галавач. Таму і не лічыцца з уласным часам, імкнецца выжыльвацца на палетку пры першай магчымасці, вобразна кажучы, па поўнай праграме. Кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства склаўшуюся сітуацыю з сяўбой  кантралюе і прадпрыемае захады, каб падцягнуцца  на гэтым участку сельгасканвеера. Па словах выконваючага абавязкі дырэктара Аляксандра Талмачоўца, пакуль выхад бачыцца адзін – максімальна выкарыстаць наяўныя  ўласныя рэсурсы. У першую чаргу, спадзяванне на працавітасць Генадзя Галавача, што нарэшце давераная яму тэхніка перастане падводзіць гаспадара, і ён значна палепшыць свае здабыткі. Механізатар умее супрацьстаяць цяжкасцям. У няпростых умовах ішла сяўба азімага рапсу, але Генадзь Іванавіч з пастаўленай задачай бягучай восенню справіўся і заштукаваў у глебу насенне алейнай культуры на 161 гектары.

Канечне, цяжка даганяць, калі засядзеўся на старце. У КСУПе “Бялёў” гэтай прапісной ісціны не адмаўляюць, прааналізавалі ўпушчэнні. У гаспадарцы маецца яшчэ адзін пасяўны агрэгат, які  таксама ўключаць у работу, пасля таго, калі пад азімыя дастаткова будзе падрыхтавана глебы і вызваліцца  задзейнічаны на гэтым агратэхнічным прыёме энерганасычаны “Беларус”. Адным словам, мясцовыя хлебаробы  маюць настрой аптымістычны, а такая зараджанасць на справу, нават пры не вельмі станоўчых абставінах, здольная  надаць патрэбны тэмп і імпульс у працы. Іншага і не дадзена. Нездарма ж у народзе кажуць, што ў прымы збірайся, а жыта сей.

Сяргей Белка

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.